«Мы плануем, ва ўсялякім разе з новага навучальнага года, адмовіцца ад рэгулявання цэнаў навучання. Вырашайце самі: усё мусіць каштаваць столькі, колькі каштуе», — цытуе БелТа выказванні намесніка прэм’ера з калегіі ў Мінадукацыі.

У БДУ не супраць «адпускаць цэны», але пакуль не могуць.

«Міністр таксама даўно гаварыў, што трэба адпусціць цэны на навучанне. Але пакуль мы ўзгадняем цэны ў Мінадукацыі. Цэны не зменшацца, бо ўсё ж даражэе, нам жа і заробкі трэба плаціць выкладчыкам. У нас на некаторых спецыяльнасцях мінусавая рэнтабельнасць», — заўважаюць у галоўнай ВНУ краіны.

Адвучыцца на першым курсе на «міжнароднае права» цяпер каштуе 18 мільёнаў.

Адзін з самых танных універсітэтаў — alma mater кіраўніка краіны, Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова. Навучанне акупляецца толькі напалову.

«Сёння ўніверсітэт самы танны! На бюджэтніка траціцца сума парадку 100 мільёнаў. А мы з нашых платнікаў збіраем палову гэтай сумы. Таму мы б паднялі цэны ў разумных межах», — разважаюць у адміністрацыі гэтай ВНУ.

Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт пра цэны пакуль не гаворыць. Перастрахоўваюцца і каротка адзначаюць: «Да нас з Мінадукацыі пакуль ніякіх распараджэнняў не паступала». Не бяруцца пакуль называць новыя цэны і ў Эканамічным універсітэце.

Права навучальных установаў самім называць цэны на веды — гэта крок да развіцця, мяркуе ўдзельнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

«Гэта пашырэнне аўтаноміі для ўніверсітэтаў. Але калі гавораць аб пашырэнні фінансавай ці кадравай аўтаноміі, гэта невялікія крокі без рэальнага пашырэння аўтаноміі: пакуль рэктары не прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці», — даводзіць Уладзімір Дунаеў.

І не хвалюецца, што цэны моцна задзяруць: перашкодзяць канкурэнты з Расіі ды Чэхіі.

«Толькі адчайныя рэктары на гэта пойдуць. Сёння ўжо не ўсе гатовыя плаціць такія грошы. Ёсць Расія, куды едзе шмат абітурыентаў, ёсць і польскія, і чэшскія ВНУ. Бо ёсць дэфіцыт студэнтаў», — выказваецца Уладзімір Дунаеў.

Пакуль самым дарагім застаецца стаматалагічны факультэт Медыцынскага ўніверсітэта ў Мінску. За год навучання трэба аддаць 19 мільёнаў рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?