Камітэт дзяржкантролю выявіў фінансавую нядбайнасць ва ўпраўленні культуры Гомельскага абласнога выканкама пры падрыхтоўцы да «Дажынак — 2007». У выніку закупкі відэаэкрана дзяржава не далічыцца, як мінімум, каля 50 млн. рублёў.

Паводле інфармацыі КДК па Гомельскай вобласці, напярэдадні рэспубліканскага фэсту «Дажынкі — 2007» упраўленне культуры аблвыканкама заключыла дамову з брэсцкім ТАА «Гук і Святло Про» на пастаўку відэаэкрана коштам каля Br280 млн. без правядзення тэндэру. Па дамове брэсцкая арганізацыя абавязалася прадаставіць абсталяванне да 1 кастрычніка 2007 года. То бок пры складанні дамовы чыноўнікі не ўлічылі тэрміны правядзення фестывалю, які, нагадаем, адбыўся 21‑22 верасня. Па заканчэнні свята працаўнікоў вёскі відэаакран так і не быў пастаўлены.

Аналагічная прадукцыя айчыннай вытворчасці, дарэчы, каштуе значна танней. Так, на сталічных УП «Паламі» і «Гарызонце» вырабляюць відэаэкраны з падобнымі характарыстыкамі за Br227 і 202 млн. адпаведна.

Чыноўнікі з упраўлення культуры аблвыканкама адмовіліся пракаментаваць Рацыі сітуацыю з закупкай відэаэкрана да фэсту «Дажынкі — 2007», спаслаўшыся на тое, што гэта «ўнутранае пытанне».

Мікола Бянько, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0