06.04.2014 / 11:17

Дзве сям'і 20 гадоў жывуць у хаце з дзіравымі сценамі 10

І чакаюць, што агракамбінат-банкрут зробіць рамонт. 

Кватэра Жанны Герасім у Аляхновічах (Маладзечанскі раён) выглядае нядрэнна для вясковай хаты: вялікі тэлевізар, піяніна, абсталяваная кухня з аўтаматычнай пральнай машынай, душавая кабіна, тытан. Ёсць нават акварыум. Аднак як толькі скідаеш куртку, адразу становіцца халодна: звонку трошкі вышэй за нуль, у кватэры Жанны — плюс 10 па Цэльсіі.

Дом №18

Таццяна Бабёр вядзе да свайго дома. 

Таццяна Бабёр, суседка Жанны Герасім па доме №18 на вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Аляхновічы, кажа, што апытвала старажылаў і высветліла: дому 102 гады.

«Тут жыла паненка. Яе сыны па рацэ лес сплаўлялі. За савецкім часам іх рэпрэсавалі», — кажа яна.

Жыхарка кажа, што дому прыкладна 102 гады. 

У 1950-я да яго прыбудавалі яшчэ адно крыло, падзялілі на чатыры кватэры і перадалі птушкафабрыцы. Будынак выкарыстоўваўся ў якасці «падменнага» жылля — выдавалі яго супрацоўнікам фабрыкі, пакуль тыя чакалі кватэру. Сёння дом не выглядае прыдатным для жыцця — здаецца, знесці і забыць. Аднак у ім адгэтуль жывуць людзі. І, відаць, яны захраслі.

20 гадоў у бараку

Жыллё ў доме №18 Таццяна Бабёр і Жанна Герасім са сваімі сем'ямі атрымалі 17 гадоў таму. Ім выдалі яго ў якасці часовага, як супрацоўнікам аляхновіцкай птушкафабрыкі.

Узімку тэмпература у кватэрах Таццяны Бабёр і Жанны Герасім звычайна не перавышае плюс 10 градусаў па Цэльсіі. 

У 1990-я кватэры ні ад птушкафабрыкі, ні ад агракамбіната «Аляхновічы», у якую тая ператварылася, яны не атрымалі. І восем гадоў таму вырашылі прыватызаваць, што мелі. Аднак зрабіць гэта не атрымалася — на дом не знайшлося патрэбных дакументаў.

«Дырэктар фабрыкі сказаў мне, што падрыхтаваць усе неабходныя паперы будзе вельмі дорага, таму і не дазволіў выкупіць кватэры», — скардзіцца Таццяна Бабёр.

Жанчыны з сем'ямі працягвалі жыць у доме — іншых варыянтаў у іх не было. Дом жа працягваў разбурацца.

«Выжыла адна рыбка з 60-ці»

Праз холад у акварыуме Жанны памерлі ўсе рыбкі акрамя адной — нават спецыяльны абагравальнік не дае рады падтрымліваць неабходную тэмпературу вады.

Галоўны вораг сам'яў Герасім і Бабёр — холад. Калі ўлетку ў доме цёпла, дык узімку тэмпература ў доме не падымаецца вышэй за плюс 10 градусаў па Цэльсіі. Гнілыя сцены прапускаюць холад. У кватэры Жанны Герасім пад акном нават ёсць дзірка, у якую можна прасунуць руку. Сцены за зіму прамярзаюць наскрозь, да іх прымярзаюць анучы, коўдры і падушкі, якімі ўцяпляюць хату, вада, пастаўленая на падлогу, пераўтвараецца ў лёд.

Жанна жыве са сваім непаўналетнім сынам і 90-гадовым свёкрам, якога перавезла ў кватэру пасля смерці мужа — мужчыну ўжо цяжка даглядаць сябе. Ля яго ложка пастаянна стаіць уключаны абагравальнік, але ён слаба ўплывае на тэмпературу ў памяшканні.

«Паглядзіце, піяніна вось, дачка займалася. Але яно разладжанае ўшчэнт. Затое сцяну ўцяпляе», — праходзіцца рукой па клавішах Жанна. Цяпер піяніна Жанны выконвае выключна цеплаізаляцыйную функцыю. 

Праз высокую вільготнасць сцены кватэры пакрытыя цвіллю ды грыбком. Жанчыны кажуць, што яны робяць касметычны рамонт, які, аднак, амаль не мае сэнсу — шпалеры адвальваюцца ад сцен.

Сцены рассыпаюцца. Пад акном у Жанны Герасім — вялікая дзірка. 

Не працуюць у доме і печы — яны дзіравыя і не трымаюць цяпло. МНС нават афіцыйна забараняла жанчынам карыстацца імі. Забарону, якую цяпер знялі, жанчыны парушалі — інакш жыць было немагчыма.

90-гадовы свёкар Жанны мёрзне. Не дапамагаюць нават коўдры і ўключаны абагравальнік. 

Кватэра Таццяны Бабёр знаходзіцца яшчэ ў горшым стане, бо яна на рагу дома і губляе больш цяпла. Да таго ж яна прасядае — падлога на кухні адчувальна нахілена.

У дадатак да цвілі і грыбка, частка дома з кватэрай Таццяны Бабёр нахіляецца праз прасяданне падмурка. 

«Праводзілі агляд дома, высветлілі, што падмурак заглыблены ў зямлю толькі на тры сантыметры. Дзіва, што ён так прасядае!» — кажа яна.

Таццяна жыве з унукам, якому даводзіцца афіцыйным апекуном.

«Хлопец амаль не хварэе — закаліўся ў халоднай хаце. Хоць які плюс», — кажа Таццяна.

Вайна па перапісцы

Стаміўшыся ад такога жыцця і пасля няўдалай спробы выкупіць жыллё, Таццяна і Жанна пачалі звяртацца да чыноўнікаў. У выніку дайшлі да былога старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры і да старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Якабсона. Жыхаркі дома №18 патрабавалі адсяліць іх у сувязі з аварыйным станам дома.

На кухні ў Жанны Герасім сцяна таксама прамярзае. 

Дом аварыйным не прызналі: паводле адказа Маладзечанскага райвыканкама знос дома складае 62%, а аварыйным лічыцца дом, зношаны мінімум на 65%.

Жанна Герасім абсталявала сваю кухню бойлерам і душавой кабінай, аднак не карыстаецца ёю — занадта холадна. 

«20 гадоў таму ў доме жыла жанчына, якая таксама скардзілася на яго стан. І тады не хапала гэтых трох працэнтаў для прызнання яго аварыйным», — абураецца Таццяна.

Аднак наведванні кабінетаў прынеслі і плён: улады паабяцалі правесці капітальны рамонт будынка. Нават з прыцягненнем грошаў райвыканкама — агракамбінат «Аляхновічы» ў афіцыйных адказах пісаў пра цяжкое матэрыяльнае становішчна прадпрыемства і немагчымасць аплаціць працы.

Падчас рамонту жыхароў дома вырашылі адсяліць у суседні будынак — дом №7 па вуліцы Цэнтральнай. Праз гэта паміж жанчынамі і агракамбінатам узнікла новая спрэчка — яны адмовіліся перасяляцца ў падменнае жыллё.

Агракамбінат правёў рамонт даху, аднак жанчыны кажуць, што шыфер паклалі наўпрост на гнілыя лагі, і падчас дажджу яна ўсё адно працякае. 

Каб прысмірыць занадта актыўных жыхарак, агракамбінат падаў на Таццяну і Жанну ў суд і запатрабаваў прымусовага высялення.

«Сёмы дом, у які нас хацелі адсяліць на час рамонту — проста жах! Ён нічым не лепш за наш. Там гнілыя падлогі, разбураныя печы, на сцянах цвіль. У нас хоць вадаправод і тэлефон ёсць, а там і гэтага няма. Ды і плошча кватэр на падмену была значна меншая. Я б банальна не змагла ложкі для ўсіх паставіць», — расказвае Жанна.

Дзверы Таццяны Бабёр перакасіла, бо дом прасядае. Яна падкладае трэску пад дзвярную каробку. 

Да таго ж у агракамбіната не было дакументаў для правядзення капітальнага рамонту — падрыхтоўваць іх планавалася ўжо пасля адсялення дома. Гэта насцярожыла жанчын: яны пабаяліся, што могуць захраснуць у яшчэ горшых умовах на нявызначаны час

«Нам сказалі: каб абараняцца ў судзе, бярыце бясплатнага адваката ў Маладзечне. Але мы нанялі мінскага адваката. Аддалі 6 мільёнаў, але не дарма», — расказвае Таццяна.

У выніку аргументы сем'яў Бабёр і Герасім пераважылі, і ў прымусовым адсяленні суд адмовіў.

«Дзеці на лыжах уцякалі ў лес»

Акрамя дрэнных умоў пражывання Таццяну і Жанну абурае, што іх вайна па перапісцы з чыноўнікамі закранула і ні ў чым не вінаватых дзяцей.

«Нам усё дасылалі паперы аб неадпаведнасці санітарных норм у хаце для пражывання непаўналетніх дзяцей. Казалі, што мы неналежным чынам выконваем бацькоўскія абавязкі, што ставім пад пагрозу жыццё і здароўе дзяцей», — кажуць яны.

Афіцыйнае папярэджанне з пракуратуры Маладзечанскага раёна насамрэч прыходзіла Жанне Герасім у жніўні 2012-га. Аднак у кастрычніку, праз два месяцы пасля, Мінздароўя паведаміла жанчыне пра тое, што іх дом з'яўляецца прыдатным для пражывання, хоць і з парушэннем некаторых санітарных і тэхнічных патрабаванняў.

«Дзіўна, што ў паперах узгадваецца толькі мой непаўналетні сын. Пра ўнука, які прапісаны ў доме, не кажуць ні слова. Але дзеці баяліся, што іх забяруць. Калі аднойчы такое папярэджанне прыйшло ўзімку, яны на лыжах збеглі ў лес», — расказвае Жанна.

Незадавальняльныя варыянты

Жанчыны клянуцца: ім патрэбны толькі рамонт дома, на час якога яны патрабуюць адсялення ў цёплае жыллё, бо яны стаміліся вечна мёрзнуць. Яны прапануюць самыя фантастычныя варыянты.

«Мы прасілі, дайце нам месца ў інтэрнаце агракамбіната. Мы напішам распіску, што вернемся, калі рамонт скончыцца. Ці, я ведаю, ёсць кватэры ад агракамбіната, у якіх жывуць неплацельнікі. Дайце нам такую кватэру на час рамонта — мы пагасім усе запазычанасці», — кажа Жанна.

Аднак відавочна, што агракамбінат нічога прадпрымаць не будзе. Хоць Таццяна і Жанна аддалі птушкафабрыцы па сем гадоў, а муж Жанны — сямнаццаць, ніхто з жанчын цяпер не з'яўляецца супрацоўнікам агракамбіната «Аляхновічы». Таццяна Бабёр увогуле выйшла на пенсію, хоць і працягвае працаваць у двух месцах. Сам жа агракамбінат знаходзіцца ў стане ліквідацыі прадпрыемства.

У якасці кампраміса абодвум жанчынам прапанавалі ўладкавацца на ААТ «Дуброва-2013», якое з'явілася ў выніку рэарганізацыі аляхновіцкага агракамбіната, каб атрымаць жыллё ад прадпрымства. Аднак Таццяна і Жанна адкінулі гэты варыянт. Яны кажуць, што, па-першае, заробкі на «Дуброва-2013» не перавышаюць 100 даляраў, а на такія грошы сям'ю не пракарміць. Па-другое, да працы трэба дабірацца 12 кіламетраў сваёю хадою. І па-трэцяе, жыллё даюць толькі на час працы.

Цяпер жанчыны стаяць у чарзе на будаўніцтва кватэры, аднак кажуць, што пацягнуць толькі льготны крэдыт. Для яго атрымання неабходна лічыцца ў спісах на паляпшэнне жыллёвых умоў. Занесці ў такі спіс могуць жыхароў дома ў аварыйным стане. Аднак дому №18 да гэтага стану не хапае трох працэнтаў.

Не мерзне ў доме №18 хіба што кот Жанны Герасім. 

Мясцовыя ўлады маюць наконт сітуацыі вакол дома №18 дакладна вызначаную пазіцыю. Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Дзмітры Яхнавец сказаў карэспандэнту «НН», што жанчыны раздзьмулі гісторыю, каб лёгкім чынам атрымаць кватэры.

«Райвыканкам пагадзіўся даць сродкі на рамонт дома. Аднак рэканструкцыю і капітальны рамонт будынка можна правесці толькі з адсяленнем жыхароў. У дадзены моман у маняўровым фондзе райвыканкама ёсць толькі кватэры ў доме №7 па вулцы Цэнтральная ў Аляхновічах. Як толькі жыхары гэтага дома пераедуць, мы пачнем рамонт», — рэзюмаваў ён.

Кірыла Хілько, фоты аўтара

0
Скептык / Адказаць
06.04.2014 / 11:13
Дваццаць гадоў пражылі людзі, а не парупілі зрабіць рамонт -- чакалі, пакуль нехта зробіць. Жыццё прайшло... не ў сваёй хаце.
0
мясцовы2 / Адказаць
06.04.2014 / 11:27
затое мы будуем АЭС ды ў космас спадарожнікамі кідаемся
0
Страицель / Адказаць
06.04.2014 / 11:48
Предлагаю, прэдсэдацелю прыехаць экскаватарам и е3нуць пару раз па этаму рарицету кавшом. А, если кто-нибудь не успеет выбежать - так особо и не жалко. Пианину только вынесите.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру