Гурт J:морс выпусьціў чарговы інтэрнэт‑сынгл. На гэты раз ён папярэднічае выхаду першага ў гісторыі «морсаў» беларускамоўнага альбома «Беларускае золата». Новы інтэрнэт‑сынгл — хутчэй піяр‑ход, чымсьці паўнавартаснае (хоць і віртуальнае) выданьне. На ім усяго адна песьня, што праўда ў дзьвюх варыяцыях — студыйнай ды канцэртнай. Першая ўжо нават трапіла ў ратацыю на FM‑станцыях, а вось другую пачуць можна толькі на гэтым сынгле. Канцэртнае «Беларускае золата» на альбом ня трапіць.

Мяркуючы па вокладцы новага інтэрнэт‑сынгла, для гурта J:морс «Беларускае золата» — гэта тое, што кожны з нас зараз можа пабачыць за вакном: жоўтае лісьце раскідана ледзь не паўсюль. Гэта пацьвярджаюць і словы фронтмэна Ўладзімера Пугача, што прыведзеныя ў афіцыйным прэс‑рэлізе.

«Я зраніцы выйшаў на балькон і зразумеў — вось яно, беларускае золата! Да вечара былі гатовыя музыка й словы», — кажа Пугач.

Што ж да самой песьні, то яна, сапраўды, атрымалася восеньскай. Музыка крыху дэпрэсыўная, а словы па‑»морсаўску» сэнтымэнталныя й рамантычныя. Так жа ж па‑»морсаўску» песьня й запісана. Усе досыць гладка, а як для Беларусі, то й якасна. «Беларускае золата» напісана на добрай беларускай мове. Прынамсі, не заўважна уласьцівых для расейскамоўных гуртоў «ляпаў» (тут, пэўна, сказваецца паходжаньне гітарыста гурта Рамана Арлова).

Карацей кажучы, першы беларускамоўны альбом J:морс павінен быць досыць моцным рэлізам. Сыгнальны сынгл пакідае добрае ўражаньне.

Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Старонка інтэрнэт-сінглу «Беларускае золата»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0