Былы дырэктар УП «Докшыцкае прадпрыемства мелiяратыўных сiстэм» Ш. i ягоны намеснiк М. атрымалi хабар у памеры 80 тысяч долараў.

Больш за тое, паводле звестак Генеральнай пракуратуры Беларусi, гэта была толькi першая частка «ганарару» памянёным асобам, якiя абяцалi прадстаўнiкам адной з фiрмаў забяспечыць перамогу на аўкцыёне па продажу аб’ектаў нерухомасцi, што належалi прадпрыемству. Бiзнэсмены гатовы былi даць правiнцыйным карупцыянерам хабар у памеры 170 тысяч долараў. Але гэты «гешэфт» спынiлi супрацоўнiкi праваахоўных органаў. Адметна, што хабарнiкi дзейнiчалi не наўпрост, а праз пасрэднiка — менеджара адной са сталiчных фiрмаў. За свае паслугi ён атрымаў 10 тысяч долараў. Аднак скарыстаць «брудныя» грошы таксама не паспеў. Хаўруснiка докшыцкiх карупцыянераў затрымалi. Высветлiлася, што ён не толькi аказваў пасрэднiцкiя паслугi хабарнiкам, але i сам займаўся махлярствам. У прыватнасцi, следства ўстанавiла, што гэты прайдзiсвет шляхам падману i падробкi дакументаў атрымаў на складзе аднаго таварыства з абмежаванай адказнасцю харчовую прадукцыю коштам 32 мiльёны рублёў.

Менеджар асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волi. Ягоныя докшыцкiя «клiенты», атрымалi па 9 гадоў зняволення.

Мiкола Дзябёла, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0