Кастрычніцкі суд Магілёва зноў прыгаварыў да трох сутак адміністрацыйнага арышту ўдзельніка групы «Стоп-падатак» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» Антона Касцова. 

Нагадаем, 24 снежня 2013 года супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі Касцова ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, палічыўшы яго стваральнікам групы «Стоп-падатак». У дачыненні да маладога чалавека склалі пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП, забралі ў яго ноўтбук. 26 снежня Касцоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва для вывучэння яго перапіскі ў сацсетках. З міліцыі Касцова даставілі ў суд, які прыняў рашэнне пакараць яго трыма суткамі арышту. Пасля актывіст абскардзіў рашэнне суда першай інстанцыі ў Магілёўскім аблсудзе, які па фармальных акалічнасцях адмяніў пастанову суддзі Кастрычніцкага раёна Алены Селядцовай і накіраваў справу на новы разгляд. 

Новы суд пачаўся 17 лютага, але па хадайніцтве падсуднага быў перанесены на 21 лютага. 

«На судзе 21 лютага прысутнічаў той самы маёр Зайцаў, які праводзіў маніторынг інтэрнэту. Спачатку ён даваў паказанні і не ўтойваў, што яны без мяне адкрывалі мой камп'ютар», — сказаў Антон Касцоў. 

«Я ж настойваў на тым, што былі парушаны мае правы канстытуцыйныя, правы чалавека ў прынцыпе. Гаварыў, што вобыск майго камп'ютара без мяне не павінен быў праводзіцца», — адзначыў актывіст. 

Нягледзячы на доказы Касцова, які з'яўляецца членам АГП і цяпер зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага гарсавета, суддзя Вольга Зарачнюк прызнала яго вінаватым у арганізацыі акцыі «Стоп-падатак» 20 снежня ў Магілёве. Актывіст быў ізноў асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту, якія былі залічаны як адбытыя раней. 

Тым не менш Касцоў мае намер абскардзіць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе. 

Таксама актывіст рыхтуе скаргу ў пракуратуру адносна адказу, дадзенага яму начальнікам магілёўскага ІЧУ Сяргеем Красновым. Антон Касцоў спрабаваў прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў ізалятара, які змясціў яго ў адну камеру з асобай, якая раней адбывала пакаранне за крымінальнае злачынства. Аднак Красноў адказаў яму, што няма магчымасці ўстанавіць, з кім менавіта ў камеры знаходзіўся Касцоў падчас свайго знаходжання ў ІЧУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?