Уключыў тэлевізар: ідзе наўпроставая лінія з Пуціным. Першае ўражаньне: што б ні гаварылі пра ягоную фээсбэшнасьць, адкат ад дэмакратыі і г.д., але ўжо сам па сабе пэўны інтэлектуальны ўзровень, уменьне трымаць сябе перад аўдыторыяй шмат што значаць для дзяржаўнага лідэра. У гэтым сэнсе Расеі пашанцавала.

А цяпер па сутнасьці: наколькі "Пуцін думае пра Беларусь"?

На момант, калі набіраюцца гэтыя радкі, наша краіна двойчы згаданая цераз коску. Аднойчы — калі зайшла гаворка пра стасункі з новым урадам у Кіеве. Прагучала дзяжурная фраза: маўляў, дачыненьні з суседнімі дзяржавамі, асабліва Ўкраінай і Беларусьсю, ёсьць галоўным прыятытэтам (цікава, а ці бываюць не галоўныя, другарадныя прыярытэты?:)

Болей канкрэтна выглядае тэза, што ў пытаньні энэрганосьбітаў Расея мае намер пераходзіць на рынкавыя стасункі з Украінай "мякка, спакойна, у сяброўскім рэжыме". Тую ж стратэгію можна спраектаваць і на Беларусь. Учорашні прагноз амбасадара Сурыкава (прыкладна 125 даляраў за тысячу кубоў газу налета) дае падставу меркаваць, што Масква вырашыла ўздымаць цэны адносна лагодна.

Зрэшты... Па-першае, яшчэ ня вечар, а па-другое, беларускі бок, самі ведаеце, здольны абвастрыць гульню ў любы момант. Так што пры ўсім настроі Крамля на падвышэньне цэнаў "у сяброўскім рэжыме" без экстрыму на перамовах можа і не абысьціся.

Ну а другі раз Беларусь была згаданая цераз коску, калі Пуцін гаварыў пра канструяваньне чарговага постсавецкага мытнага зьвязу. Камплімэнты ж цалкам сарваў Казахстан — Пуцін назваў прэзыдэнта і кіраўніцтва гэтай краіны лідэрамі інтэграцыі на постсавецкім абсягу.

Памятаеце, быў час, калі Лукашэнка і Назарбаеў востра супернічалі за гэтыя ляўры? Цяпер відавочна: прыз едзе ў Астану.

Мо' й дзякуй богу? :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?