Хто памятае «Аранжавую рэвалюцыю» 2004 года, той можа сабе дазволіць толькі стрыманую эўфарыю ад апошніх падзеяў ва Ўкраіне.

Усё гэта ўжо было, хай і ў бяскроўнай форме: і шматтыднёвае процістаяньне на Майдане Незалежнасьці, і напружаныя перамовы, і перамога прагрэсіўных сілаў над сіламі савецка-алігархічнай інэрцыі.

І ўжо тады Ўкраіна нарадзіла ў суседніх аўтарытарных краінах спадзяваньні, што яна зможа зрабіцца прыкладам і для іх. Што Кіеў зможа зрабіцца альтэрнатыўным Крамлю цэнтрам сілы на постсавецкай прасторы і пляцдармам для дэмакратычных пераўтварэньняў і ў нас.

Гэтага ня сталася.

Прэзыдэнт Юшчанка атрымаў мандат на правядзеньне рашучых рэформаў, але ў гісторыю ўвайшоў хіба прысуджэньнем тытула Героя Ўкраіны Стэпану Бандэру.

У адрозьненьне ад Юшчанкі, грузінскі прэзыдэнт Саакашвілі, які прыйшоў да ўлады ў выніку «Рэвалюцыі ружаў» на год раней, гэткім мандатам скарыстаўся і здолеў радыкальна мадэрнізаваць грузінскі дзяржаўны лад. У выніку рэформаў Саакашвілі краіна зрабіла сур'ёзны скачок у сваім разьвіцьці.

Цяпер Украіна атрымала другі такі ж шанец. Які яна можа змарнаваць і гэтым разам

- асабліва зважаючы на тое, што адной зь першых мераў новае ўлады было касаваньне бяскрыўднага закона пра рэгіянальныя мовы.

Прыклад Грузіі паказвае, што галоўныя рэформы павінны палягаць у лібэралізацыі эканамічнага законадаўства. У стварэньні простых і празрыстых правілаў гульні ў эканоміцы і зьмежных сфэрах жыцьця.

Менавіта гэта заўжды ёсьць галоўнай антыкарупцыйнай мераю, а не трасеньне кулакамі ці паказальны тэрор супраць адзінкавых злоўжывальнікаў.

І менавіта гэткае агульнае аздараўленьне дзяржавы ёсьць куды больш важнай задачай для Ўкраіны, чым інтэграцыя з Эўрапейскім Зьвязам.

Каб перамагчы карупцыю, гэтую фундамэнтальную хваробу ўсіх постсавецкіх дзяржаваў, трэба зьнішчыць яе корань.

Для гэтага трэба зьменшыць саму па сабе колькасьць сытуацый, дзе чыноўнік прымае тое ці іншае рашэньне (напрыклад, выдае дазвол ці ліцэнзію) альбо разьмяркоўвае дзяржаўныя грошы.

Плюс, дзяржава павінна даць максымальнае «зялёнае сьвятло» малому і сярэдняму прадпрымальніцтву: зьнізіць падаткі, спрасьціць адміністратыўныя ўмовы вядзеньня бізнэса.

Гэта толькі на першы погляд нудная эканамічная мера. Насамрэч толькі дробныя і сярэднія прыватнікі здольныя стварыць доўгатэрміновую базу падтрымкі і для сапраўды адказных палітыкаў.

Куды павядзе Ўкраіну яе новае кіраўніцтва, асабліва калі пасаду прэзыдэнта зойме найбольш верагодны прэтэндэнт на гэтую пасаду — Юлія Тымашэнка?

Цалкам верагодна, што Тымашэнка пасьля турмы і са здольным да ўзброенага супраціву «Правым сэктарам» перад вачыма — гэта не Тымашэнка ўзору 2004 і нават 2010 года.

Але наколькі моцныя перамены адбыліся зь ёю і наколькі яна выраклася сваіх застарэлых алігархічных і лева-папулісцкіх звычак — вялікае пытаньне, наконт якога ня варта быць надта аптымістычнымі. І гэта працягвае выклікаць непакой. Як і тое, што, падобна, кіраваць Украінай так і працягнуць прадстаўнікі старой палітычнай эліты, падчас Майдана ўвасобленыя ў тройцы Яцанюк — Клічко — Цягныбок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?