Ашмянская мытня накіравала выданне ў рэгіянальны аддзел Упраўлення КДБ (РОУ КДБ) па Гродзенскай вобласці г. Ашмяны, каб даследаваць на прадмет аднясення да Пераліку забароненых да ўвозу ці вывазу з тэрыторыі Мытнага саюзу тавараў.
Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным лісце, які атрымаў салігорскі актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Малочка ад начальніка мытні Івана Нівяркевіча. Пасланне датавана 18-м лютага.
З ліста вынікае, што папярэдняя экспертыза, якую праводзіла Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, кагосьці не задаволіла.
Начальнік мытні «просіць лічыць несапраўдным» папярэдні ліст з Ашмянскай мытні ад 23 студзеня: у ім сп-ра Малочку інфармавалі, што экстрэмізму ў кнізе Карбалевіча няма, і што ўладальнік можа забраць яе.
«На ўсе пытанні, пастаўленыя Ашмянскай мытняй перад мытным экспертам, адказы атрыманыя не былі, – піша цяпер начальнік мытні. – У дадзены момант вызначаецца іншая экспертная арганізацыя з мэтай атрымання адказаў на пастаўленыя Ашмянскай мытняй пытанні».
Нагадаем, што 14 верасня пры вяртанні з Літвы ў Беларусь у салігорскага актывіста АГП Аляксандра Малочкі на мытні забралі адзін асобнік кнігі Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» – для праверкі на экстрэмізм.
Прачакаўчы адказу 4 месяцы, сп. Малочка вырашыў сам патурбаваць мытнікаў і накіраваў ім ліст з просьбай нарэшце азнаёміць яго з экспертным заключэннем. Экспертнага заключэння яму не даслалі, але паведамілі, што кнігу ён можа забраць «па месцы захоўвання».
1 лютага ён накіраваў мытнікам заяву, у якой прасіў усё ж азнаёміць яго з высновамі экспертаў, даслаўшы копію. А таксама прасіў вярнуць яму кнігу, не вымушаючы ехаць па яе з Салігорска ў Ашмяны.
Адметна, што прыкладна па такім сцэнары развіваліся падзеі вакол фотаальбома «Прэс-фота Беларусі-2011». Спачатку Гродзенскія ідэолагі экстрэмізму ў кнізе таксама не ўгледзелі, і мытня пісала ГА «БАЖ», што фотаальбомы збіраюцца вярнуць уладальнікам. Між тым, літаральна праз месяц высветлілася, што кнігі перадалі ў КДБ.