08.03.2014 / 13:27

Выкляты народ: Валерый Гапееў напісаў містычны раман «Праклён» 6

Гапееў — амаль аднагодак Федарэнкі, Глобуса і Сыса. Але сваю першую кнігу ён напісаў у 40 гадоў. А над гэтым раманам працаваў 6 гадоў. Ён жыве ў Івацэвічах, а час там бяжыць не так, як у Менску.

Гапееў — адказны сакратар івацэвіцкай раённай газеты, аўтар далёкі ад «мінскацэнтрычнасці», уласцівай сучаснай беларускай літаратуры.

«Праклён» — моцны класічны раман з няспешным рытмам і працяглымі дыялогамі.

Вуснамі сваіх герояў Гапееў крытычна ацэньвае сучаснікаў — нацыю «недарэкаў, гультаёў і баязліўцаў». Галоўны герой, вясковец Уладзімір Жабрун, бачыць у такім ператварэнні прыватныя прычыны. Напрыклад, сяляне яго вёскі калісьці спалілі панскую сядзібу разам з гаспадаром і яго сям’ёй. З таго часу род Жабруноў вымірае.

Але іншы герой, студэнт Антось, лічыць, што беларусы выклялі сябе самі, прадалі свае святыні. Яны адмовіліся ад сваёй гісторыі і сталі «жыць паводле прынцыпаў: забралі палову, дык пакланіся, дагані іх і аддай яшчэ палову ад таго, што пакінулі». Такая нацыя асуджана на выміранне праз адно-два пакаленні. «Ідзі, Хрыстос, пажыві пакуль што ў іншым месцы, не чапай нас, дай ты нам навучыцца жыць годна, — кажа Антось. — А потым ужо прыходзь, навучай. Бо не людзей ты атрымаеш, а сапраўдных рабоў».

Сучаснасць для Гапеева з’яўляецца арэнай змагання паміж святлом і цемрай. Апошні лагер увасабляюць прадстаўнікі рэлігійнай і свецкай улады.

У двух «гістарычных» раздзелах «Праклёну» — гэта манах, а таксама «чырвоныя» часоў грамадзянскай вайны. У сучаснасці сярод іх — міліцыянты, якія разганяюць маўклівую акцыю.

Штогадовы пік змагання паміж святлом і цемрай адбываецца ў купальскую ноч, калі цвіце папараць-кветка. Сілы цемры імкнуцца задушыць яе, не даць ёй расцвісці, бо ў кветцы схавана іх смерць. Кветка з’яўляецца сімвалам нацыі, а таксама ўвасабляе нацыянальную памяць і культуру, за якія ідзе змаганне. Нездарма тэкст малітвы, якую кажуць раз на год у купальскую ноч, каб дапамагчы заступніку кветкі, схаваны на старадаўніх рушніках.

Да вытокаў мусіць вярнуцца і галоўны герой. З кім Уладзімір Жабрун знойдзе сваё шчасце, як ён ператворыцца ў ваўкалака і чым скончыцца змаганне — на старонках «Праклёну».

Максім Кавальскі

0
Петр Кришталь / Адказаць
08.03.2014 / 18:06
Где можно приобрести? Обязательно куплю. Очень талантливый человек.
0
symona / Адказаць
08.03.2014 / 18:11
Вельмі добры і сучасны раман. Захапляльны. Містычныя сюжэты успрымаюцца як рэальнасць. Дзякуй аўтару і хочацца пажадаць шірокай дарагі гэтаму твору.
0
Чытач / Адказаць
08.03.2014 / 21:29
Пятро, павінна кніга быць у кнігарні "Ў". Там купляў. Паспрачаўся б з аўтарам рэцэнзіі наконт "няспешнага рытма")
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру