Лідар «Справядлівай Расіі» Сяргей Міронаў прапанаваў даць байцам украінскага «Беркута» працу ў расійскім МУС, а праз шэсць месяцаў даць ім грамадзянства РФ.

На думку Міронава, Віктар Януковіч «здрадзіў свайму народу», гледзячы «з вокнаў свайго палаца, як забіваюць без зброі хлопцаў з «Беркута»» і пры гэтым нічога не рабіў.

«Мы бачылі кадры, як гэтых хлапчукоў збіваў гэты зверскі натоўп, гэтыя фашысты, якія сёння рвуцца да ўлады», — прыводзіць РБК словы Міронава. Ён выказаў здагадку, што на байцоў «Беркута» і на іх сем'і ва Украіне могуць пачацца ганенні.

Акрамя таго, Міронаў прапанаваў даваць расійскае грамадзянства ўсім жадаючым ўкраінцам, а не толькі расійцам,

якія жывуць ва Украіне, як раней прапанаваў лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі.

«Усім грамадзянам Украіны, якія жадаюць стаць грамадзянамі Расіі, мы павінны даць магчымасць у спрошчанай форме на працягу шасці месяцаў стаць грамадзянамі Расіі», — сказаў Міронаў. Усяго ва Украіне пражываюць сем мільёнаў расійцаў, дадаў ён.

Кіраўнік «Справядлівай Расіі» таксама папрасіў склікаць спецыяльнае закрытае пасяджэнне Дзярждумы з удзелам кіраўнікоў МУС, ФСБ і МЗС і падумаць, што «можа чакаць наш славянскі свет».

«Трэба перастаць міндальнічаць, давайце абараняць свае нацыянальныя інтарэсы і жыцця нашых суграмадзян ва Украіне», — сказаў на заканчэнне ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?