я з табою! – крычаў ён у слухаўку

але ейны голас губляўся ў шматтысячным галасе

яна была нібы маленькая птушка ў эпіцэнтры стыхіі

невядомая дагэтуль сіла кіравала ўсім

але ў навакольных кварталах жыцьцё плыло бязь зьменаў

нібыта нічога і не адбылося

я з табою – каб апынуцца побач ён мусіў

прарвацца празь дзевяць жывых непраходных колаў

няспынна бліскалі фатакамэры й сонца

люстравалася аранжавым сафітам

у міліцэйскіх шаломах і ў вокнах суседніх дамоў

я з табою – пульсавала адзіная думка

нібы дзеці шчырыя і адкрытыя сноўдалі іншаземцы

і невядома было калі гэта ўсё скончыцца

адзінай пэўнай рэччу ў гэтым трывожным хаосе

была немагчымасьць вяртаньня

я з табою – той сьціплы кавалачак шчасьця

пеставаны гадамі гвалтоўна канфіскаваны

толькі агенты кранальнага клопату і спагады

па віхлястым маршруце крама-дворыкі-лягер

моўчкі рабілі сваю будзённую справу

я з табою – усхваляванае сэрца поўнае сьлёз

ён амаль што дабраўся апошнія дзесяць мэтраў

там наводдаль чуўся ўжо гул калёны грузавікоў

падобнай на рой трутняў над ліпеньскім полем

чакаць нечага іншага было б канешне наіўным

яна была там між пары соцень адчайных

пацалункі абдымкі яны яшчэ гэта пасьпелі

ночны штурм усе ведалі быў ужо непазьбежным

ён шаптаў ёй на вуха пад зычны ляскат мэталу

запомні гэтую ноч яе сумнае ватэрлоо

я з табою чаго б нам гэта не каштавала

трымаймася разам трымаймася родная разам

пакуль не адмовяць сілы а нават калі й адмовяць

24 сакавіка 2006

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0