Запіс у роты самаабароны, 23 лютага, Сімферопаль. Фота Ройтэрз.

Запіс у роты самаабароны, 23 лютага, Сімферопаль. Фота Ройтэрз.

Трывожныя навіны прыходзяць з Крыма. Асабліва небяспечная сітуацыя склалася ў Севастопалі. Там прарасійскія дэманстранты абралі свайго «кіраўніка гарадской адміністрацыі». Яны сфармавалі мясцовую ўзброеную міліцыю. На ўездах у горад з'явіліся блакпасты з бетоннымі барыкадамі.

Стары мэр горада падаў у адстаўку. А новага прызначэнца Кіева дэманстранты не пускаюць на працоўнае месца. Будынак гарадской адміністрацыі застаецца заблакаваны пікетчыкамі.

Насуперак рашэнню МУС пра роспуск «Беркута», севастопальскі спецназ застаецца ў штаце, заявілі самаабвешчаныя ўлады горада.

Радыкалізацыя сітуацыі ў Севастопалі адбылася ў выніку агульнага палітычнага крызісу ва Украіне. Калі Львоў і Палтава стварылі свае структуры самааброны, то чым мы горшыя? Страта легітымнасці Януковічам прывяла аргументы і сілам, якія жадаюць расколу Украіны.

Руская большасць у Крыме не адчувае сябе патрыётамі Украіны. Фота Ройтэрз.

Руская большасць у Крыме не адчувае сябе патрыётамі Украіны. Фота Ройтэрз.

Сітуацыя Севастопаля спецыфічная тым, што горад мае асаблівы статус і там месціцца база расійскага Чарнаморскага флота. Януковіч у свой час падпісаў дамову, згодна з якой флот будзе заставацца там да 2042 года. Фактычна, горад кантралюецца расійскімі войскамі. У дварах будынку штаба флота і так званага «Дома Масквы» стаяць расійскія БТРы.

У СМІ з'яўлялася інфармацыя пра перамяшчэнне мабільных частак у Кубань і пра з'яўленне расійскіх падраздзяленняў у Ялце.

Цэнтральныя ўлады Кіева не маюць у Севастопалі дастатковых вайсковых сілаў.

Крым у цэлым уяўляе сабой больш складаную мазаіку. Доля рускіх у насельніцтве там меншая (58%). Яшчэ 25% складаюць украінцы, якія пераважаюць у вёсках, а 12% — крымскія татары, згуртаваная супольнасць, якая традыцыйна падтрымлівае ўкраінскія нацыянал-дэмакратычныя партыі. Акрамя таго, крымскія эліты цесна звязаныя з Кіевам эканамічна.

Парадаксальна, але казачна прывабны Крым застаецца датацыйным рэгіёнам. 80% бюджэту Севастопаля і 66% бюджэту Крыма складаюцца з датацый з Кіева. Акрамя таго, Украіна здольная і перакрыць кранік у прамым сэнсе гэтага слова. 90% вады Крым, бедны на мясцовыя гідрарэсурсы, атрымлівае з Дняпра праз канал.

Расія фінансуе ў Крыме дзясяткі мясцовых прарасійскіх арганізацый ад «Аплоту» да «Начных ваўкоў». Тактыкай Расіі была таксама масавая раздача расійскіх пашпартоў. Такім чынам, Масква атрымлівае нагоду для абароны «расійскіх грамадзян». Аналагічная тактыка раней ужывалася ў Абхазіі і Асеціі.

Дэманстранты ў Сімферопалі ўзнялі на флагштоку перад Вярхоўнай Радай расійскі сцяг. Праз дзень яго знялі. Фота Ройтэрз.

Дэманстранты ў Сімферопалі ўзнялі на флагштоку перад Вярхоўнай Радай расійскі сцяг. Праз дзень яго знялі. Фота Ройтэрз.

Сёння ў Сімферопалі збярэцца пазачарговая сесія Вярхоўнай Рады Крыма. А на плошчы перад сесіяй чакаюцца два мітынгі. А 12.00 па беларускім часе крымскія татары сабралі веча ў падтрымку захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. А 13.00 пачнецца мітынг прарасійскіх сілаў, якія вымагаюць ад вярхоўнай Рады абвяшчэння незалежнасці. Сама сесія распачнецца а 16.00.

Татары на сваім мітынгу масава скандавалі «Слава Украіне! — Героям слава!», «Банду геть!». (Жывая трансляцыя з Крыма — тут.)

Татары выціснулі прарасійскіх актывістаў з-пад будынку парламента.

Татары выціснулі прарасійскіх актывістаў з-пад будынку парламента.

Былы старшыня Вярхоўнай Рады Крыма, а цяпер народны дэпутат Украіны Леанід Грач засцярог крымчан ад сепартызму. Ён напісаў у сваім Фэйсбуку:

Крым мае статус аўтаноміі ў межах Украіны. Гэтую тэрыторыю перадаў у склад Украіны ў 1954 годзе Мікіта Хрушчоў у гонар 400-годдзя Пераяслаўскай рады. У Крыме дамінуе праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата. Каля 77% жыхароў Крыма лічаць расейскую мову роднай.

У 1995 Кіеў адмяніў канстытуцыю Крыма і адхіліў ад улады прэзідэнта Мяшкова, які схіляўся да сепаратызму. Гэтую аперацыю правёў, дарэчы, акурат «Беркут».

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Януковіч атрымаў у Крыме 78% галасоў (у Севастопалі — 84), Цімашэнка — 17 (у Севастопалі — 10).

Фактычна, далейшае развіццё падзей залежыць ад Масквы. Калі яна штурхне прарасійскія сілы ў Севастопалі ці Сімферопалі на абвяшчэнне незалежнасці або ўступленне ў склад Расіі, у паветры запахне Трэцяй сусветнай вайной. Міжнародная супольнасць наўрад ці прыме перадзел межаў.

Але магчымы і іншы сцэнар — прыднястроўскі. Тады абыходзіцца без вялікай вайны, але замарожаны канфлікт расцягваецца надоўга, калі не навечна. З аднаго боку, гэта створыць агмень канфлікту, з другога — паспрыяее кансалідацыі рэшты Украіны і збліжэнню яе з Еўропай.

Дагэтуль расійскія СМІ падтрымлівалі высокі градус рыторыкі, але афіцыйная палітыка Масквы была больш стрыманай. Старшыня думскага камітэта па міжнародных справах Слуцкі ў панядзелак заявіў у Сімферопалі, што Масква будзе выдаваць крымчанам пашпарты па спрошчанай працэдуры, але стрымаўся ад словаў падтрымкі для сепаратызму.

ЗША засцерагла Расію ад інтэрвенцыі ў Крыме. «Мы хочам бачыць стабільную, квітнеючую, у тым ліку ў эканамічным плане, Украіну. І вось чаму мы ўсе павінны аб'яднацца і працаваць, каб убачыць, як мы можам дапамагчы падтрымаць гэтыя намаганні», — адзначыла прадстаўніца Дзярждэпа Джэн Псакі.

Еўрасаюз разлічвае, што масіраваная фінансавая дапамога Кіеву прывядзе да паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне, і гэта стане найлепшай зарукай яе цэласнасці.

«У нас адзіныя мэты па Украіне. Украіна павінна быць цэласнай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, як толькі стала вядома пра ўцёкі Віктара Януковіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?