27.02.2014 / 10:32

«Мёртвым не баліць» Быкава выходзіць без цэнзурных правак 5

Васіль Быкаў меў шмат праблем з савецкай цэнзурай. Але з аповесцю «Мёртвым не баліць» звязаны асаблівыя цяжкасці. Апублікаваная ў 1966 г. спачатку ў беларускай перыёдыцы, а потым у перакладзе на расейскую мову ў часопісе «Новый мир», яна выклікала траўлю пісьменніка.

Ледзь не на наступны дзень пасля публікацыі аповесці невядомыя разбілі шыбы ў яго гарадзенскай кватэры. Жонку закідвалі памідорамі. А «Праўда» надрукавала выкрывальніцкі артыкул.

Доўгі час публікацыя аповесці была забароненая. Яе рэабілітацыя адбылася толькі ў 1982 годзе,

калі Міхась Дубянецкі, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», змог уключыць «Мёртвым не баліць» у чатырохтомны збор твораў Быкава.

Тады гэта была перамога. Хоць у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваўся непадцэнзурны варыянт аповесці. Але яго публікацыя была немагчымая.

Нядаўна малодшы сын Быкава знайшоў у гарадзенскай кватэры пісьменніка чарнавік «Мёртвым не баліць», які лічыўся страчаным.

За яго аналіз узяўся Сяргей Шапран, даследчык творчасці Быкава. Высветлілася, што цэнзары зрабілі ў аповесці каля 200 купюр.

Як cцвярджае Шапран, гэтыя скарачэнні маглі складаць адно слова (Сталін, Берыя, СМЕРШ) або займаць некалькі старонак.

На блогу Глеба Лабадзенкі выкладзены дзве старонкі з кнігі. На іх бачна, што цэнзары выкінулі ўзгадку пра загад Сталіна дабіваць параненых пры акружэнні. Эпізод, калі лётчык, прадстаўлены на званне Герой Савецкага Саюза, застрэліўся (ці яго застрэлілі). А таксама фраза пра аднаго з герояў, што «людзі для яго пешкі. А ён сабе – бог». Каментары да правак складаюць 300 старонак.

Як адзначае Сяргей Шапран,

праўкі і скарачэнні ў «Мёртвым не баліць» рабіліся не адным чалавекам (пра што сведчаць розныя почыркі дый розны характар правак), і, мусіць, для гэтага спатрэбілася не адна чытка.

Бо праўкі рабіліся не толькі простым і чырвоным алоўкамі, але і сінім, фіялетавым і зялёным чарнілам.

Неаднойчы былі выкраслены імёны Сталіна і яго памагатага Берыі, а таксама ўсё, што было звязана з паняццем берыяўшчыны. Вымарывалася і любое прыгадванне «культу»,

бо чытач 1960-х гадоў адразу разумеў, што размова ідзе пра культ асобы Сталіна, які дзесяцігоддзем раней быў развенчаны Мікітам Хрушчовым.

У «сметніцу» ішлі і шматразовыя прыгадванні сумна вядомога загада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пад нумарам 227, які савецкая прапаганда называла: «Ни шагу назад!».

Гэты загад забараняў пад пагрозай расстрэлу любое адступленне, на яго падставе ствараліся штрафныя батальёны і загараджальныя атрады, якія павінны былі расстрэльваць байцоў Чырвонай Арміі ў выпадках іх панічнага адступлення.

Выхад непадцэнзурнага выдання Васіля Быкава, якое будзе мець каля 600 старонак у цвёрдай вокладцы, запланаваны на вясну.

Прафінансаваць кнігу згадзіўся бізнэсоўца і мецэнат Павел Бераговіч. Заяўку на кнігу можна адправіць на электронную пошту labadzenka@gmail.com з указаннем імя, прозвішча, адраса (для людзей не з Мінска), электроннай пошты, тэлефона і колькасці асобнікаў.

Мікіта Капкоў

0
Юрась Беларус / Адказаць
27.02.2014 / 10:37
Гатовы купіць па перадаплаце.
0
belariy / Адказаць
27.02.2014 / 11:06
дзякуй. замовіў сабе асобнічак.
0
Bulbash / Адказаць
27.02.2014 / 15:39
А колькі будзе каштаваць ?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру