Рада Майдана і народныя дэпутаты ўзгаднілі кандыдатуры на некаторыя пасады ва ўрадзе народнага даверу.

Як паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» адзін з удзельнікаў пасяджэння, ужо прагаласавалі па кандыдатурах на пасаду міністра культуры — заслужанага артыста Украіны Яўгена Нішчука, міністра эканомікі — заснавальніка Кіева-Магілянскай бізнес-школы, прэзідэнта Кіеўскай школы эканомікі Паўла Шараметы (не блытаць з беларускім журналістам Паўлам Шараметам), міністра моладзі і спорту — актывіста Аўтамайдану Дзмітрыя Булатава.

На пасаду сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны ўзгоднена кандыдатура народнага дэпутата фракцыі «Бацькаўшчына» Андрэя Парубія, на пасады яго намеснікаў — кандыдатуры выканаўчага дырэктара Інстытута масавай інфармацыі Вікторыі Сюмар і лідара «Правага сектара» Дзмітрыя Яраша.

Хто такі Дзмітрый Яраш

Рэвалюцыя нараджае новых лідараў і герояў. 42-гадовы Дзмітрый Яраш стаў адным з самых заўважных персанажаў Майдана. Дужы, каротка стрыжаны, заўсёды ў камуфляжы.

Ягоны «Правы сектар» быў адным з галоўных рухавікоў Майдана. Гэтыя хлопцы давалі адпор «беркутаўцам». Спачатку камянямі і петардамі, пасля ў іх з’явілася зброя. «У нас дастаткова пісталетаў, каб абараніць Украіну ад акупантаў», — казаў Яраш.

«Здабудзеш украінскую дзяржаву ці загінеш у барацьбе за яе», — так гучыць першы запавет украінскага нацыяналіста. На Майдане многія з іх сапраўды паўсталі перад такім выбарам – загінуць ці працягваць змаганне. Да гэтага многія ставіліся да нацыяналістычных арганізацый крыху паблажліва. Маўляў, хлопцы гуляюцца ў вайнушку, а як будзе сапраўдная заварушка, то наваляць у порткі. Скептыкаў у гэтым пытанні пасарамацілі.

«Правы сектар» — гэта канфедэрацыя нацыяналістычных арганізацый, у яе склад уваходзіць славутае ў 90-х УНА-УНСО, «Патрыёт Украіны», «Белы Молат», «Воля», «Трызуб». І ўзнікла гэтае ўтварэнне ў першыя дні Майдану. Першапачаткова лідара ў «Правым сектары» не было, але з падзеямі стала больш яскрава акрэслівацца постаць Дзмітрыя Яраша, лідара «Трызуба».

Ён родам з Усходняй Украіны, Днепрапятроўскай вобласці. Ад канца 90-х уваходзіў у патрыятычныя арганізацыі. Спачатку быў сябрам Руху (аналаг нашага БНФ). Паступленне на філфак Драгобычскага педуніверсітэта было вырашальным у лёсе Яраша.

Драгобыч, горад у Львоўскай вобласці, прынята лічыць радзімай арганізацыі «Трызуб» (гэта назва старажытнага ўкраінскага герба), якая ў барацьбе кіруецца прынцыпамі і запаветамі Сцяпана Бандэры. У Драгобычы тады выкладаў Васіль Іванішын, лідар і стваральнік «Трызуба». Дарэчы, адным з сяброў «Трызуба» быў будучы прэзідэнт Кіева-Магілянскай Акадэміі і патэнцыйны міністр адукацыі Сяргей Квіт.

«Трызуб» ставіць перад сабой тры задачы: 1. Прапаганда ідэалогіі ўкраінскага нацыяналізму ў інтэрпрэтацыі Бандэры. 2. Выхаванне патрыятызму ў моладзі. 3. Абарона гонару і годнасці ўкраінскай нацыі любымі сродкамі.

У 2007-м, пасля смерці Іванішына, менавіта Дзмітрый Яраш стаў новым правадыром арганізацыі.

Такімі, як Яраш палохаюць на расійскіх тэлеканалах. Каравул, фашыст, бандэравец! На гэта мужчына адказвае: «Я не разумаю нейкіх расісцкіх рэчаў. На Майдане за Украіну загінуў беларус, армянін з Днепрапятроўска. Яны мне большыя браты, чым камуністычныя свінні, якія з’яўляюцца этнічнымі ўкраінцамі».

І яшчэ дадае: «Каля 40% сяброў «Правага сектару» – гэта рускамоўныя людзі. Ні пра якую прымусовую «ўкраінізацыю» мы не гаворым».

Лідар «Правага сектару» жанаты. Ён мае трох дзяцей. Дачка ад самага маленства была ў «Трызубе». «Апошні раз сям’ю бачыў на Каляды. Яны ва Украіне, але давялося змяніць месца жыхарства», — кажа Яраш.

Дваццаць пяць гадоў ён быў у цяні, не выходзіў у вялікую палітыку. Майдан даў такую магчымасць. Сам Яраш не выключае, што «Правы сектар» можа перарасці ў палітычную арганізацыю.

«Тое, што ва Украіне раскол — гэта вялікая хлусня. Януковіч, дай Бог яму здароўя, аб’яднаў краіну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?