Выкладчыкi тэхнiчных ВНУ выказваюць незадаволенасць адменай выкладання ў агульнаадукацыйных школах чарчэння. Сёння часткова веды па гэтым прадмеце школьнiкi атрымлiваюць на ўроках матэматыкi, iнфарматыкi i тэхналогii.

Наколькi эфектыўная такая замена, можна меркаваць хоць бы па вынiках здачы студэнтамi Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта экзамену па iнжынернай графiцы: з першай спробы гэты прадмет здаюць толькi 60 працэнтаў студэнтаў, 6 працэнтаў студэнтаў увогуле яго не здаюць, а астатнiя — толькi з другой цi трэцяй спробы. У моладзi, якая паступае на тэхнiчныя спецыяльнасцi, зусiм не развiта прасторавае мысленне, канстатуюць у БНТУ, i гэта з’яўляецца адным з наступстваў адмены выкладання ў школе прадмета «Чарчэнне».

У сувязi з такiмi абставiнамi па даручэннi мiнiстра адукацыi нашай краiны будзе створана рабочая група, у якую плануецца ўключыць выкладчыкаў ВНУ, якiя валодаюць камп’ютарнай графiкай, настаўнiкаў тэхнiчнай працы, майстроў прафесiйна‑тэхнiчнай адукацыi i iншых спецыялiстаў, каб дасканала прааналiзаваць i даць аргументаваны адказ, цi ёсць неабходнасць вярнуцца да выкладання ў школе прадмета «Чарчэнне», i калi ёсць такая неабходнасць, то за кошт чаго i якiм чынам гэта можна зрабiць.

Надзея Нікалаева, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0