На наступным тыдні плануецца падаць заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі — чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года), паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Сёння прайшло пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні акцыі, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі «Гавары праўду», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Паводле слоў Янукевіча, пакуль разглядаюцца два варыянты правядзення акцыі — 23 сакавіка (у нядзелю) і непасрэдна ў Дзень Волі 25 сакавіка (у аўторак).

Плануецца, што месцам збору ўдзельнікаў будзе пляцоўка каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.

Месцам правядзення мітынгу плануецца плошча Якуба Коласа, хаця не выключаецца, што пры разглядзе заяўкі ў Мінгарвыканкаме яно можа быць зменена.

Янукевіч паведаміў, што асноўнымі лозунгамі, пад якімі пройдзе акцыя, стане заклік да абароны эканамічнага і палітычнага суверэнітэту Беларусі, а таксама да еўрапейскай інтэграцыі краіны.

Плануецца, што акцыя пачнецца выкананнем гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае вывучыць загадзя.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 3 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?