Канцэрт украінскага гурту «Акіян Эльзы» ў Санкт-Пецярбургу, які меўся адбыцца 31 сакавіка, адменены. Як гаворыцца ў паведамленні на сайце СКК «Лядовы палац», дзе павінны быў адбыцца выступ, мерапрыемства адменена па незалежных ад канцэртнай пляцоўкі прычынах, паведамляе lenta.ru

ria.ru

ria.ru

Пазней стала вядома, са спасылкай на менеджара гурту Вікторыю Хаменку, што канцэрт не адменены, а перанесены на іншую пляцоўку.

«Пляцоўка канцэрта будзе зменена. Менавіта гэты факт выклікаў памылковае меркаванне, што адменены канцэрт», — сказала Хаменка, не ўдакладніўшы, куды менавіта перанесены выступ. Паводле яе слоў, менеджмент «Акіяна Эльзы» чакае інфармацыі ад арганізатараў.

Як паведамлялася раней, у панядзелак дэпутат заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталій Мілонаў прапанаваў міністру культуры Расіі Уладзіміру Мядзінскаму забараніць канцэрты «Акіяна Эльзы» ў Расіі і пазбавіць лідара калектыву Святаслава Вакарчука права на ўезд у краіну з-за палітычнай пазіцыі музыкаў. На думку Мілонава, Вакарчук займае антырасійскую і русафобскую пазіцыю. Пазней аналагічна выказаўся і Жырыноўскі.

Святаслаў Вакарчук адрэагаваў на заяву Мілонава ў сваім твітары іранічным допісам «З нагоды ўкраінскага нацыяналізму».

Святаслаў Вакарчук неаднаразова выказваў падтрымку Майдану ў Кіеве, а яго песні «Уставай», «Стіна», «Я не здамся без бою» сталі гімнамі ўкраінскай рэвалюцыі. «Без бою» неаднаразова гучала са сцэны Майдана.

14 снежня Вакарчук разам з гуртом даў канцэрт са сцэны Еўрамайдана, які сабраў 200 тыс. удзельнікаў-гледачоў. Канцэрт ён прысвяціў студэнтам, якіх жорстка разагнаў «Беркут» у ноч на 30 лістапада.

Затым Вакарчук неаднаразова крытыкаваў Януковіча, пасля забойстваў на Грушэўскага 22 студзеня, заклікаў ўжо былога прэзідэнта Украіны неадкладна спыніць сілавы сцэнар.

«Той, хто сёння распавядае мне пра творчасць па-за палітыкай — той нічога не разумее ні ў творчасці, ні ў палітыцы», — напісаў тады Вакарчук.

Пратэставаў ён супраць праліцця крыві і 18—20 лютага.

Апроч канцэрта ў Пецярбургу ў «Акіяна Эльзы» запланавана яшчэ дзевяць канцэртаў у Расіі, пра іх адмену пакуль нічога невядома.

У гэтым годзе гурт святкуе 20-годдзе, і ў сакавіку чакаецца вялікі тур па Еўропе.

У прыватнасці, 9 сакавіка гурт выступіць у Лондане, 14-га ў Кёльне, 18-га ў Берліне. 19 сакавіка ў Празе. 25 сакавіка плануецца канцэрт у Варшаве, а 28 сакавіка ў Вільні, 29-га ў Рызе. 31 мая — вялікі канцэрт на «Львоў-Арэне».

Апошні канцэрт «Акіян Эльзы» даў у Маскве 31 снежня ў аэрапорце «Шарамеццева», у рамках праекта тэлеканала «Дождь» «на чамаданах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?