Мяне ніхто не звяргаў, уладу захапілі нацыяналістычныя, фашысцкія малодчыкі, заявіў былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч на прэс-канферэнцыі ў Растове-на-Доне (Расія). Гаварыў ён па-расейску, блытана і супярэчліва. «Гэта вынік палітыкі Захаду, які патворстваваў Майдану», — заявіў ён пра цяперашнюю сітуацыю. Ён папрасіў прабачэння ў народа Украіны і «Беркута» за ўсё, што адбылося. «Я супраць уварвання Расіі і парушэння цэласнасці Украіны», сказаў ён, але «лічу сябе дзейным прэзідэнтам Украіны».

Ён заклікаў да выканання дамоўленасцяў ад 21 лютага і правядзення выбараў у снежні 2014 года і заявіў, што не прызнае законнасць рашэння Вярхоўнай Рады пра адхіленне яго ад улады.

Вось жывы эфір з Растова:

Або тут:

hromadske.tv 

Уступнае слова Януковіча было вельмі кароткім.

Пачаліся пытанні. Першае — ад ІТАР-ТАСС. Заміначка: мікрафон не працуе.

«Я верыў у парадачнасць еўрапейскіх пасярэднікаў», — кажа Януковіч. «Я верыў, што радыкальныя сілы павінны былі раззброіцца і вызваліць захопленыя тэрыторыі. Але гэта не было выканана. Кіеў быў наводнены ўзброенымі людзьмі. Яны сталі захопліваць, граміць дамы, культавыя будынкі, храмы».

На пытанне «Коммерсанта», ці яму за нешта сорамна ён сказаў, што яму сорамна за ветэранамі, усімі грамадзянамі за тое, што ён не здолеў прадухіліць гэтыя падзеі. Ён папрасіў прабачэння ў народа за ўсё, што адбылося.

Чаму вы ўцяклі з Украіны, пытаецца Першы канал расійскага ТВ. 

«Я нікуды не збягаў, я выехаў у Харкаў. Але па дарозе ў Кіеве маю машыну абстралялі з аўтаматычнай зброі. У Харкаў мы прыехалі ранкам 22 лютага. Тады служба бяспекі стала атрымліваць інфармацыю, што ў Харкаў прыбываюць радыкальна настроеныя групы. Тут не страх быў, а ўмовы бяспекі, якія трэба было захаваць [стылістыка выказванняў захаваныя]. Са мной былі Рыбак і Клюеў. Я іх папрасіў ляцець у Данецк, каб сабраць актыў. А сам рашыў паехаць у Луганск. Служба «Аэрарух» і дыспетчары вайсковыя папярэдзілі нас, каб мы змянілі кірунак, бо мы нібыта збіраемся вылецець у Расію. І лётчыкі змянілі маршрут і пасадзілі верталёт у Данецку. Пасля я перасоўваўся па аўтамабільных дарогах і пераехаў у Крым. Мне перазваніў старэйшы сын і сказаў, што я ў такіх умовах не магу рызыкаваць сям'ёй. Вось так складвалася сітуацыя».

Пытанне: чаму мы ў Растове, а не ў Маскве і што Вы скажаце пра сітуацыю ў Крыме?

«Мы ў Растове, бо каля Растова ў мяне пражывае мой стары сябар. І я пераехаў да яго, каб знайсці часовы прытулак. У Крыме адбываецца натуральная рэакцыя на той бандыцкі пераварот, які адбыўся ў Кіеве, дзе кучка радыкалаў у параўнанні з 45-мільённым насельніцтвам Украіны. Крымчане не хочуць і не будуць падпарадкоўвацца нацыяналістым і бандэраўцам. Абсалютна натуральнае жаданне крымчан ствараць атрады самаабароны. Але я звяртаюся да крымчан з заклікам не дапусціць праліцця крыві. І хачу звярнуцца да крымчан як дзейны прэзідэнт Украіны: Крым павінен застацца аўтаномнай тэрыторыяй у складзе Украіны».

Пытанне: Ці будзеце звяртацца да Расіі па вайсковую падтрымку?

Я супраць ужывання ваенных метадаў і звяртацца па вайсковую падтрымку не буду. Вярнуся ва Украіну тады, калі будзе гарантавана бяспека мне і маёй сям'і.

Пытанне УНІАН: Як вы ўсё-такі папалі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі? Ці сустракаліся вы з Пуціным?

У Расію я папаў дзякуючы патрыятычна настроеным афіцэрам, якія выканалі свой абавязак і дапамаглі мне захаваць жыццё. Я не сустракаўся з Пуціным, я з ім гаварыў па тэлефоне ўжо з тэрыторыі Расіі. Мы дамовіліся з ім сустрэцца, калі ў яго будзе такая магчымасць.

Пытанне: Russia Today. Ці лічыце Вы, што з пагадненнем вам падманулі?

Мяне не проста падманулі, а цынічна падманулі і падманулі ўвесь украінскі народ. І я б хацеў пачуць адказ ад тых падпісантаў, якія працавалі. Трэба сустракацца і абмяркоўваць.

Пытанне: Што думаеце пра заявы Партыі рэгіёнаў?

Я іх не асуджаю, бо заявы робяцца пад дуламі аўтаматаў, палілі іх дамы. Спадзяюся, што цяперашняя ўлада, так званая ўлада, апомніцца і спыніць тое, што робіцца ў краіне.

Пытанне: З чым звязаны пераддэфолтны стан Украіны? І ці Вы плануеце ўзяць удзел у выбарах Украіны?

Ніводзін эксперт не будзе адмаўляць, што гэты стан з'явіўся пасля таго, як у краіне пачалася дэстабілізацыя сітуацыі і Украіна страціла такога важнага партнёра як Расіі. Мы плацілі рэгулярна заробкі і пенсіі і збіраліся іх павышаць. Мы давалі гарантыі, што праграмы развіцця будуць выкананыя. Мы рыхтаваліся да выбараў 2015 года і гатовыя былі зрабіць усё, каб пераканаць украінскі народ, што лепш жыць у краіне, якая мае патэнцыял развіцця. Зараз я ўскладаю поўную адказнасць на тых, хто прывёў нашу краіну да поўнага крызісу, хаосу і катастрофы, і на тых, хто імі камандуе на Майдане, бачных і нябачных.

Выбары 25 мая я лічу незаконнымі і браць у іх удзелу не буду.

Пытанне: Вы сказалі, што ўкраінскі народ Вам здрадзіў. На якія сілы Вы думаеце абапірацца? (Мікрафоны ў зале па-ранейшаму кепска працуюць, фаняць, і ў выніку Януковіч недачувае пытанняў ці робіць выгляд, што не чуе).

Пытанне: А як вы будзеце змагацца за будучыню Украіны?

Як толькі будуць гарантыі бяспекі, я адразу вярнуся ва Украіну. Тое пагадненне, якое мы падпісвалі, не было выкананае. Тут Захад павінен узяць адказнасць на сябе.

Пытанне пра арышт рахункаў у швейцарскіх банках. Вядучы хутчэй-хутчэй абрывае пытанне

Януковіч: «У Кіеве творыцца тэрор і безуладдзе, і людзі ад гэтага пакутуюць. І я хачу звярнуцца да ўдзельнікаў беспрадзелу, які робіцца ў краіне. Спыніце яго, яшчэ не позна вярнуцца, разам з вашымі патронамі з Захаду». А пра рахункі нічога не сказаў.

Пытанне ад «Комсомольской правды». Перад народам вы прабачыліся, а перад «Беркутам» не хочаце?

Адказ: Я прабачаюся перад імі, мужнымі людзьмі, якія бязвінна пакутавалі, якіх палівалі кактэйлямі Молатава.

Пытанне: Што думаеце пра вызваленне Юліі Цімашэнкі?

Адказ: Яе судзіў суд, у турме яна знаходзілася ў даволі добрых умовах. Яе палітычную будучыню вызначыць народ Украіны. Што да вызвалення яе, то было прынята такое рашэнне. (Ён гаворыць так, што ясна, ён прымае новую ўладу як дадзенасць.) Але тое пагадненне, якое яна падпісала з Расіяй, прынесла Украіне 20 мільярдаў даляраў стратаў.

Пытанне «Эха Масквы»: У Вас няма ні апарата, ні сілвых структур, ні магчымасці вярнуцца на Радзіму? Чым Вы можаце пацвердзіць, што Вы рэальны прэзідэнт Украіны?

Адказ: Я законаў, якія былі гвалтоўным шляхам прыняты ў парламенце, я не падпісаў, а таму яны не ўвайшлі ў сілу. Гэта юрыдычны факт. Калі дзейны прэзідэнт не падаў у адстаўку і яму не быў абвешчаны імпічмент, ён застаецца дзейным прэзідэнтам. Імпічмент, які быў аб'яўлены, я не прызнаю.

Пытанне: Як Расія можа паўплываць

Адказ: Украіна — наш стратэгічны партнёр (агаварыўся, так і сказаў). Я лічу, што Расія павінна і абавязана дзейнічаць і, ведаючы характар Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, я здзіўляюся, чаму ён так дагэтуль маўчыць.

Пытанне ад Расіі-24: Ці была ў Вас сустрэча з Правым сектарам і ці шкадуеце Вы пра перамовы?

Адказ: Афіцыйныя перамовы ў нас былі з афіцыйнымі лідарамі апазіцыі, а неафіцыйныя былі скіраваныя на ўрэгуляванне сітуацыі. Ніякая ўлада не вартая пралітай крыві. Я ніколі не аддаваў ніякай загадаў міліцыі страляць да самага апошняга моманту, калі ім была пагроза смерці, калі ў іх сталі страляць і напады на яе набылі масіраваны характар. На жаль, я ўспамінаю 2004 год, калі была аналагічная сітуацыя і каля 40 тысяч людзей прыехалі і былі на вакзале. Я паехаў на чыгуначны вакзал і спыніў людзей ад праліця крыві, я размаўляў са старэйшымі і я сказаў ім, што вашы маці і жонкі не даруюць нам, калі будуць смерці і праліецца кроў.

Пытанне (у зале шум, абурэнне) ад Дождя: Калі будзе расследаванне ў Гаагу, ці гатовыя Вы здацца, і што наконт прызнання Расіяй Ваша легітымнасці?

Адказ: Што датычыць Гаагі, то спачатку мусіцьбыць незалежнае расследаванне з удзелам Рады Еўропы, і толькі пасля можна будзе гаварыць пра нейкія суды. Пройдзе час, і праўда пераможа, і яе будуць ведаць усе. А пакуль ідзе жудаснае тэатралізаванае відовішча з удзелам баевікоў. Няма больш зацікаўленага чалавека, чым я мая каманда каб усё скончылася мірна. Напэўна, гэта сцэнар пісаўся не ва Украіне.

Пытанне: (не чуваць)

Пытанне ад Ройтэрз: Ці атрымалі Вы пацвярджэнне ад Пуціна таго, што ён прызнае Вас прэзідэнтам? Якіх дзеянняў Расіі Вы чакаеце?

Адказ: Яшчэ раз паўтараю, што я законнаабраны прэзідэнт Украіны, абраны на дэмакратычных выбарах. Сустрэчы з Пуціным у нас не было. Як толькі будзе такая сустрэча, я зразумею яго пазіцыю, і тады будуць адказы на гэтыя пытанні.

Даваць Расіі парады мне было б некарэктна, але Расіі нельга стаяць убаку ў выпадку такога вялікага суседа. Расія павінна зрабіць усё, што ў яе магчымасцях, каб прадухіліць той хаос і тэрор, якія могуць быць ва Украіне. Але я катэгарычна супраць уварвання ва Украіну і парушэння яе тэрытарыяльнай цэласнасцю.

Пытанне: Ці маглі б пракаментаваць інфармацыю, што расійскія вайскоўцы без знакаў адрознення ўжо знаходзяцца ва Украіне.

Адказ: Інфармацыі пра расійскі спецназ было шмат, і мяне ёй палохала. Але дакладнай інфармацыі і тады не было, і цяпер няма. Што да ўсходу Украіны, то я добра разумею менталітэт гэтага народу. Пакуль яны працуюць і занятыя і атрымліваюць зарпату, яны найхутчэй нікуды не пойдуць. Але як толькі спыняцца заводы, падымецца Усходняя Украіна і Данбас і тады я нікому не зайздрошчу, хто пападзе пад гэтую руку.

Пытанне: Пра Міжгор'е, поні і сабачак, але дакладна не чуваць.

Адказ: Я з'яўляюся ўласнікам дома 627 метраў у Міжгор'е. З таго моманту, калі на мяне быў замах у гасцініцы «Нацыянальная», я там знаходжуся. Былі ўказы прэзідэнтаў Кучмы і Юшчанкі пра перадачу мне гэтага дома. Ён вельмі стары, яго трэ было рамантаваць. Я яго адрамантаваў. І ў выніку мяне папрасілі выкупіць яго. Я яго купіў за грошы, якія ў мяне былі задэклараваныя. За 3,2 мільёна даляраў. Усё астатняе, што там ёсць, не належыць мне. Я іх арандаваў, каб выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы. Усё, што там паказвалі, гэта прыгожыя карцінкі. Ёсць рэальныя ўласнікі, гэтая ўласнасць не з'яўляецца ўкраінскай. Усе размовы, што мой старшы сын уласнік, гэтага ніколі не было, я гэтага ніколі не чуў. Усе прыгожыя карцінкі — гэта ўсё было зроблена для маёй дыскрэдытацыі. У мяне не было ніколі ніякай уласнасці і рахункаў за мяжой Украіны. Гэта ўсё пусты звон.

Вядучы прэс-канферэнцыі Гусман кажа, што на ўсе пытанні адказы атрымалі і дае заключнае слова Януковічу.

«Апомніцеся і спыніце гэтыя бясчынствы, будзеце за гэта несці адказнасць. Сыдзіце і не дапускайце яшчэ большага беззаконня і гора ўкраінскаму народу.

І яшчэ. Першае, хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх, хто пацярпеў і церпіць. Другое, я буду рабіць усё, каб быць з народам Украіны, не з падонкамі гэтымі, нацыяналістамі і бандэраўцамі, а з народам Украіны. Калі б я быў ва Украіне, я б сустрэўся з кожнай сям'ёй, па кожны бок барыкад. Але праўда абавязкова пераможа».

Непераканаўча, блытана гаварыў Януковіч. Пафасна і без канкрэтыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?