28.02.2014 / 20:42

Лукашэнка — чыноўнікам: Памятаеце, як частка насельніцтва абуралася, што збіраем транспартны збор? 7

Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць 1 сакавіка будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска. Пра гэта ён заявіў, заслухаўшы 28 лютага даклады чыноўнікаў аб будаўніцтве другой кальцавой.

Як раней паведамлялася, 11 лютага намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў паведаміў, што «зараз падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб прыпыненні будаўніцтва другой МКАД з-за адсутнасці фінансавых сродкаў».

Лукашэнка нагадаў, што ў свой час, прымаючы рашэнне пра будаўніцтва «другога кальца» вакол Мінска, прыйшлі да высновы максімальна выкарыстоўваць для яго стварэння існуючыя аўтамабільныя дарогі, да прыкладу трасу на Маскву, вызначыліся, як менавіта пройдзе гэтая дарога. «Мы дамовіліся аб тым, што яна вельмі патрэбная, таму што Мінск ужо сёння перанасычаны транспартам. Я не хачу сказаць, што гэты транспарт будзе ў геаметрычнай прагрэсіі ўзрастаць, як гэта было некалі, не.

Мне здаецца, ужо ўсе, хто хацеў у свой час, калі мы рыхтаваліся ўводзіць пошліну на аўтамабілі, закупілі на будучыню гэтыя аўтамабілі і завезлі, хто багацейшы — новыя. Таму такога ўсплёску павелічэння колькасці аўтатранспарту не будзе», — мяркуе Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што тэндэнцыя да росту аўтатранспарту назіраецца ва ўсім свеце, і Беларусь тут не з'яўляецца выключэннем. «Больш за тое, увесь час узрастае транзіт цераз Беларусь. І ён ідзе ў напрамку Захад — Усход, — зазначыў беларускі кіраўнік. — Усё гаворыць пра тое, што якраз гэты паток будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі і ён будзе ісці цераз Мінск».

Лукашэнка заўважыў, што існуючая кальцавая аўтадарога вакол беларускай сталіцы сёння ўжо перагружаная, у тым ліку і ў сувязі з ростам транзітнага патоку. Да таго ж, на яго думку, стварэнне «другога кальца» станоўча адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі ў горадзе. «Мы неадкладна павінны пачаць работы па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Мінска для таго,

каб Мінск не задыхнуўся ў гэтым брудзе, каб 2 млн. чалавек, чвэрць насельніцтва нашай краіны, не адчувалі гэтую праблему. Трэба мець на ўвазе, што ад гэтага і ўсе хваробы. І нам давядзецца плаціць шалёныя грошы для таго, каб лячыць людзей. Гэтага таксама не трэба забываць, — сказаў ён. — Галоўнае тое, што мы атруцім мінчан, калі ў бліжэйшыя гады не пабудуем гэтую дарогу».

Як паведаміў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, увогуле працягласць дарогі складае 85 км, з якіх на першым этапе плануецца пабудаваць 44 км — участак ад Астрашыцкага Гарадка да Аксакаўшчыны. Паводле слоў прэм'ер-міністра, за выключэннем фінансавага боку пытання іншых прычын, каб не будаваць аўтадарогу, няма.

Лукашэнка ў сувязі з гэтым зазначыў, што з улікам ужо існуючых участкаў дарогі будаўніцтва будзе не такім фінансава затратным. «А калі ўзяць усе пытанні пад кантроль і эканоміць грошы, то мы яе можам пабудаваць, — мяркуе ён. — Цяжка будзе заўсёды, грошай заўсёды не хапае, і пры гэтым я прашу ўлічыць:

вы памятаеце, як абуралася пэўная частка насельніцтва ў сувязі з тым, што мы збіраем транспартны збор.

Майце на ўвазе — усе гэтыя грошы павінны пайсці на дарогі. Ні на якія іншыя патрэбы — толькі на дарогі! У адваротным выпадку крытыка народа будзе абгрунтаванай. За гэта ўрад адкажа. Усе грошы, сабраныя ад гэтага транспартнага падатку, павінны быць укладзеныя ў дарогі».

Мясніковіч зазначыў, што, выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, сродкі канцэнтраваліся на тое, каб зрабіць максімальна добрую і камфортную сувязь з абласнымі цэнтрамі і іншымі буйнымі гарадамі. Так, паводле яго слоў, за тры гады было пабудавана 344 км дарог рэспубліканскага значэння выдатнай якасці, пры гэтым за ўсю мінулую пяцігодку — 328 км. Сёлета плануецца ўвесці яшчэ 104 км дарог.

Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна прывесці ў належны стан і трасы ад Мінска ў напрамку Гродна і Віцебска, па прыкладзе таго, як гэта было зроблена з іншымі абласнымі цэнтрамі, а таксама беларускі ўчастак дарогі Адэса — Санкт-Пецярбург.

Мясніковіч зазначыў, што другая МКАД «праектуецца па першай катэгорыі», што мае на ўвазе інтэнсіўнасць руху ад 10 тыс. і больш аўтамабіляў штодзень. Да прыкладу, існуючая кальцавая аўтадарога сёння прапускае каля 90 тыс. аўтамабіляў, гэта значыць нагрузка на яе ў 9 разоў перавышае мінімальную адзнаку для першай катэгорыі дарог. Паводле слоў міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака, работы па стварэнні «другога кальца» дагэтуль вяліся недастатковымі тэмпамі.

У выніку вырашана пачаць будаўніцтва кальцавой на тых участках, дзе ўжо былі пачатыя падрыхтоўчыя работы, а ў 2014 годзе ўвесці яе першыя 20 кіламетраў.

Падчас даклада вызначана стратэгія будаўніцтва аўтадарогі на гэты і наступныя гады, а таксама ўчасткі, дзе работы будуць весціся інтэнсіўна. Апрача таго, ішла размова аб крыніцах фінансавання, прыцягненні ў тым ліку часткова сродкаў з дарожнага збору.

Нагадаем, работы па будаўніцтве дарогі былі распачатыя ў 2011 годзе ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, аднак у 2012 годзе праект быў фактычна замарожаны з-за адсутнасці фінансавання.

0
бугага / Адказаць
28.02.2014 / 20:47
Денег уже нет.
0
sde / Адказаць
28.02.2014 / 20:53
Лепей на алкаголь падатак павялічыў бы і з яго дарогі будавалі б..
0
Лепей бы! / Адказаць
28.02.2014 / 21:31
На адзін палац меней меў. А горад з дарогай быў. Жульлё!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру