Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў звярнуўся да прэзідэнта Расіі Уладзіміру Пуціну з патрабаваннем спыніць правакацыі ў Крыме.
«Я асабіста звяртаюся да прэзідэнта Пуціна з патрабаваннем неадкладна спыніць правакацыю і адклікаць вайскоўцаў з Аўтаномнай Рэспублікі Крым і працаваць выключна ў рамках падпісаных пагадненняў», — заявіў ён на брыфінгу ва ўкраінскім парламенце ў пятніцу вечарам.
А.Турчынаў нагадаў У.Пуціну, што разам з ЗША і Вялікабрытаніяй Расія з'яўляецца гарантам недатыкальнасці і цэласнасці тэрыторыі Украіны [Будапешцкі мемарандум 1994 года].
«Па звароце Вярхоўнай Рады і маім асабістым звароце цяпер праходзіць пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Увесь цывілізаваны свет падтрымлівае Украіну», — паведаміў Турчынаў.
«Яны правакуюць нас на ваенны канфлікт, па дадзеных нашай выведкі, яны адпрацоўваюць сцэнар, які цалкам аналагічны абхазскаму. Калі, справакаваўшы канфлікт, яны пачалі анэксію тэрыторый», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
А.Турчынаў распавёў, што Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны адпрацавала план нармалізацыі сітуацыі на паўвостраве Крым.
«Мы патрабуем спыніць правакацыю, мы патрабуем нармалізаваць сітуацыю. Мы ўпэўненыя, што Украіна захавае сваю тэрыторыю, Украіна абароніць незалежнасць і любыя спробы анэксіі, уварвання, будуць мець вельмі сур'ёзныя наступствы», — заявіў в.а. прэзідэнта Украіны.