Алена Макарэвіч

Пад ціскам грамадзкасьці кіраўніцтва 199‑й сталічнай школы адмовілася ад свайго ранейшага намеру выключыць вучаніцу 11 класа Алену Макарэвіч, актывістку Маладога фронту.

Нагадаем, што сёння зранку кіраўніцтва школы азнаёміла вучаніцу з загадам дырэктара аб адлічэнні. Падставай для выключэння маладафронтаўкі стаў яе ўдзел у Еўрапейскім маршы 14 кастрычніка.

А 14‑й гадзіне ў кабінеце дырэктара школы адбылося сумоўе, на якім прысутнічалі бацькі Алены, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Адразу пасля нарады дырэктар школы Васіль Грыб паведаміў Рацыі, што цяпер намеру выключаць дзяўчыну з навучальнай установы не мае.

А вось што распавяла Рацыі сама Алена Макарэвіч:

«Цэлы дзень завуч цягала мяне па розных кабінетах, папрасіла маю класную кіраўніцу напісаць на мяне характарыстыку, якую сама ж потым і парвала. Але, дзякуй Богу, усё скончылася добра».

Алена кажа, што пазбегчы выключэння ёй удалося толькі дзякуючы грамадскаму розгаласу справы.

Радыё Рацыя