Нягледзячы на выхадны дзень, суботу, Савет Федэрацыі сабраўся для разгляду просьбы Пуціна пра выкарыстанне Узброеных сіл на тэрыторыі Украіны. Імаверна, план дзеянняў быў распрацаваны загадзя і зацверджаны на папярэдніх паседжаннях Рады Бяспекі. Таму ўсе дэпутаты Савета Федэрацыі былі на месцы і палата сабралася праз лічаныя хвіліны пасля апублікавання звароту Пуціна.
Рада палаты і галіновыя камітэты далажылі, што яны разгледзелі і падтрымалі зварот. Усё адзінадушна.
Выступае дэпутат: «Мы чулі, што Абама заявіў, што Расія дорага заплаціць за сваю палітыку. Але я вось што хачу сказаць. Баевікі Майдану, якія раней дзейнічалі ў Польшчы і Літве, хочуць распаўсюдзіць свае дзеянні на ўсход Украіны і Крым. Гэтага дапусціць нельга. Акрамя таго, Абама зняважыў сваёй заявай народ Расіі. У сувязі з гэтым мы просім прэзідэнта адклікаць пасла Расіі з ЗША».
Выступае былы савецкі прэм'ер Рыжкоў: «Мы абавязаны абараніць усход Украіны — Данбас, Харкаў, Крым, — дзе большасць насельніцтва складаюць рускія. А што там ЗША і розныя іншыя шведы гавораць — гэта цынізм. Трэба быць гатовымі, што на нас спусцяць усіх сабак і нам трэба гнуць сваю лінію».
«Ваша слова, Таварыш Маўзер!» — звяртаецца іншы дэпутат.
За выказваюцца сенатары ад Растова, ад Асеціі. «Праект пастановы юрыдычна бездакорны», — кажуць дэпутаты.
«Мы адзін народ, які гаворыць на адной мове і спавядае адну веру», — кажа іншы дэпутат.
Галасаванне: 90 за, 0 супраць, 0 устрымаліся. Адзінагалосна.