Андрэа Рыгоні

Сёньня завяршыўся візыт у Менск дакладчыка Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні. Мэтай візыту спадара Рыгоні ёсьць падрыхтоўка на пачатку 2008 году адмысловай справаздачы пра сытуацыю ў Беларусі.

Сёньня спадар Рыгоні наведаў Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, міністэрства замежных справаў і адміністрацыю прэзыдэнта. Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў, што сустрэчы з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам у спадара Рыгоні не было.

Па выніках перамоваў спадара Рыгоні з міністрам замежных справаў прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў сказаў:

«Падчас гутаркі бакі абмеркавалі пэрспэктывы разьвіцьця дыялёгу і ўзаемаадносінаў паміж Беларусьсю і Радай Эўропы. Былі таксама закрануты пытаньні двухбаковага беларуска‑італійскага супрацоўніцтва».

Некаторыя сустрэчы былі адменены, да прыкладу, у Прадстаўніцтве ААН у Беларусі. Гэта тлумачылася занятасьцю спадара Рыгоні і сустрэчамі ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валянцін Сімірскі сказаў:

«Я ня ведаю з кім ён сустракаўся ў адміністрацыі прэзыдэнта. У нас ён сустракаўся з дэпутатамі парлямэнта, з кіраўнікамі абедзьвюх палат. Добрая была размова і прыемна, што ён настроены на дыялёг і на працяг гэтай размовы. Добразычлівыя стасункі. Ён сказаў, што з задавальненьнем прыме запрашэньне і прыедзе сюды ў наступным годзе».

Радыё Свабода