Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) мяркуе, што для ўвядзення расійскіх войскаў ва Украіне няма падстаў. Пра гэта ў эфіры «Грамадскага ТБ» заявіў прэс-сакратар УПЦ МП Георгій Каваленка.

«Падстава для рашэння Расіі аб ўводзе войскаў ва Украіне — гэта парушэнне першай запаведзі: не хлусі (не брашы). Усё, што гучыць з тэлеэкранаў, усё, што гучала на прэс-канферэнцыі Януковіча — гэта брахня», — адзначыў Каваленка.

«Не забі, па-сучаснаму — гэта не — гвалту. Агрэсія адной дзяржавы ў адносінах да іншай — гэта гвалт, гэта значыць таксама парушэнне Гасподніх запаведзяў», — дадаў прадстаўнік УПЦ МП.

Паводле яго слоў, палітычнай заявы патрыярха Кірыла Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату не ўспрыме, калі ён ўхваліць агрэсію Расіі.

«Нагадаю: усе святары УПЦ з'яўляюцца грамадзянамі Украіны. Асабіста я галасаваў і буду падтрымліваць незалежнасць Украіны, і не збіраюся быць грамадзянінам іншай краіны», — запэўніў Каваленка.

«Мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць кровапраліцця», — падсумаваў прэс-сакратар УПЦ МП.

Раней месцаахоўнік УПЦ МП Ануфрый звярнуўся па патрыярха Кірыла з заклікам паспрыяць спыненню кровапраліцця.

Кіраўнік сінадальнага Аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства протаіерэй Усевалад Чаплін заявіў, што рускі народ мае права на ўз'яднанне. «Адначасова будзем спадзявацца і на тое, што місія расійскіх воінаў па абароне свабоды і самабытнасці гэтых людзей і самога іх жыцця не сустрэне жорсткага супраціўлення, якое прывядзе да буйнамаштабных сутыкненняў», — падкрэсліў святар.

Заявы патрыярха Кірыла пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?