Прапаганда ў расійскіх СМІ ўсё больш нагадвае тую, што была разгорнута ў нацысцкай Германіі напярэдадні анексіі Судетаў у 1938-м і нападу на Польшчу ў 1939-м. Тады таксама агрэсія ажыццяўлялася пад прэтэкстам абароны суайчыннікаў і спынення хаосу.

У прыватнасці, з трыбуны Савета Федэрацыі ўчора прагучала, а ўсе СМІ адзінадушна падхапілі інфармацыю пра тое, што з часу пачатку крызісу нібыта 143 тысячы ўкраінцаў шукалі паратунку ў Расіі. І гэта, нібыта, ставіць Расію перад неабходнасцю абараніцца ад гуманітарнага крызісу і абараніць «адзінаверцаў» на ўсходзе Украіны.

Нічога падобнага ў рэальнасці не адбывалася. У Расію выехаў толькі адхілены ад улады прэзідэнт Віктар Януковіч і некалькі дзясяткаў асобаў з ягонага атачэння.

У СМІ распаўсюджваецца і іншая хлусня: нібыта ўзброеныя людзі праніклі на тэрыторыю Белгарадскай вобласці Расіі і нават перакрылі трасу Масква—Крым. Усё гэта вельмі падобна на ману, якую распаўсюджвалі гітлераўцы адносна дарогі Берлін—Кёнігсберг і «нападу палякаў» на памежную радыёстанцыю ў Глівіцах.

Як паведаміў губернатар Данецкай вобласці, учора на мітынгу ў абласным цэнтры рэй вялі прыезджыя з Расіі. Яны нават няправільна скандавалі прозвішча кіраўніка вобласці. А дэпутат ад Харкава Данілаў расказаў, што беспарадкі на галоўнай плошчы горада ўчора арганізавалі каля 2000 расіян, што прыехалі аўтобусамі з Белгарадскай вобласці Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0