Ўчорашнія прарасейскія актывісты, якія ўчынілі бойку ў Харкаве і вывесілі расійскі трыкалор над адміністрацыяй, прыехалі з Белгародскай вобласці Расіі і адразу пасля акцыі ўцяклі.
Пра гэта Еспресо.TV паведаміў народны дэпутат Віталь Данілаў, які быў учора ў Харкаве.
Паводле яго слоў, учора ў Харкаў прыехалі больш за дзве тысячы расейцаў на аўтобусах з Белгародскай вобласці.
Менавіта яны пачалі біць прыхільнікаў Еўрамайдану і ладзіць беспарадкі. Да іх прыбыцця мітынг у Харкаве быў выключна мірным. Пры гэтым расейцы не прамаўлялі ніякіх палітычных лозунгаў, іх задачай было толькі справакаваць сутыкненні.
Адразу пасля здзяйснення правакацыі расейцы з'ехалі назад.
Нагадаем, што ўчора ў многіх гарадах паўднёвага усходу Украіны адбыліся сепаратысцкія мітынгі. У Харкаве ўдзельнікі мітынгу білі і здзекаваліся з еўрамайданаўцаў. Па афіцыйных дадзеных, траўмы атрымалі 97 чалавек.