Партыя БНФ рашуча асуджае расейскую вайсковую агрэсію ў Крыме супраць украінскай дзяржавы. Пра гэта гаворыцца ў заяве, змешчанай на сайце партыі.
«Мы таксама асуджаем дзеяньні расейскіх палітыкаў, скіраваныя на распальваньне міжэтнічных і міжнацыянальных канфліктаў ва Украіне.
Партыя БНФ выказвае сваю поўную салідарнасць з народам Украіны, новым украінскім урадам і карэннымі жыхарамі Крыму ў іх імкненні захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Партыя БНФ звяртаецца да міжнароднай супольнасці, у тым ліку да ўрадаў ЗША і Вялікабрытаніі як гарантаў незалежнасці Украіны з заклікам неадкладна ўжыць усе магчымыя сродкі дзеля спыненьня вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Партыя БНФ звяртаецца да беларускага ураду і народу Беларусі дамагчыся неадкладнага вываду ўсіх расейскіх вайскоўцаў і вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі. На прыкладзе падзеяў у Крыме мы з'яўляемся сведкамі таго, як расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Украіны выкарыстоўваюцца дзеля блакавання інфраструктуры ды іншых гвалтоўных дзеянняў супраць нацыянальных інтарэсаў Украіны дзеля рэалізацыі імперскіх амбіцыяў Крамля.
Відавочна, што пакуль расейскія вайскоўцы знаходзяцца на нашай зямлі, такі гвалтоўны сцэнар можа быць у любы момант рэалізаваны Крамлём і ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.