Пра Бабруйск і антысэмітаў піша Віталь Тарас.

На мінулым тыдні набыткам сусьветнай грамадзкасьці стала навіна: мадам Сэсыль Мары Сара Ізабэль Сіганэр-Альбэніс разводзіцца са сваім мужам Нікаля. Наўрад ці гэта стала б навіной, калі б прозьвішча яе мужа не было Сарказі, і ён ня быў прэзыдэнтам Францыі. А так паведамленьні пра ягоны развод (дарэчы, паводле францускіх законаў, кіраўнік дзяржавы непадсудны і таму ня можа разьвесьціся, пакуль займае сваю пасаду) на нейкі час адсунулі на другі плян многія іншыя рэчы. Напрыклад, паведамленьні з Турэччыны, якая рыхтуе ўварваньне ў ірацкі Курдыстан.

Сам факт, што Сарказі стаў першым прэзыдэнтам Францыі, які афіцыйна разводзіцца са сваёй жонкай, заслугоўвае ўвагі, паколькі пэўным чынам сьведчыць пра сёньняшні стан грамадзкай думкі ў Францыі, а таксама ў Эўропе ў цэлым. Наўрад ці большай сэнсацыяй сталася б перамога на прэзыдэнцкіх выбарах галоўнай спаборніцы Сарказі Сэгален Руаяль, якая перабывала са сваім мужам — таксама вядомым паліткам — у грамадзянскім шлюбе, пакуль не разышлася пасьля выбараў.

Муж і жонка Сарказі жанатыя ня першы раз, у абоіх ёсьць дзеці ад папярэдніх шлюбаў. Іх супольнаму сыну цяпер 10 гадоў. І хаця афіцыйна падставай для разводу мадам Сэсыль назвала сваю нелюбоў да публічнай палітыкі, ні для кога ў Францыі не было сакрэтам, што незадоўга да выбараў у жонкі Сарказі быў раман, але потым яна вярнулася да мужа.

Зразумела, усё гэта стала вядома, дзякуючы бульварнай прэсе. (Сам тэрмін, дарэчы, узьнік у Францыі, калі танныя газэты пачалі прадаваць на вуліцах і бульварах.)

Але аб разводзе Сарказі пісалі й гаварылі самыя салідныя выданьні і міжнародныя тэлерадыёкампаніі. Праўда, як толькі мадам Сэсыль паведаміла пра развод з мужам, сусьветная прэса амаль страціла цікавасьць да яе. Яна і сам факт разводу перасталі быць фактарам міжнароднай палітыкі. Цяпер ужо ніхто ня будзе запытвацца аб тым, якую ролю, напрыклад, адыграла (і ці адыграла?) Сэсыль Сарказі ў вызваленьні баўгарскіх мэдсёстраў зь Лібіі.

А Сарказі як прэзыдэнту вялікай дзяржавы наканавана заставацца ў цэнтры ўвагі СМІ да сканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну. Тут гаворка не пра цынізм прэсы (пра жоўтую прэсу ўвогуле няма размовы) і не пра норавы французскай палітычнай эліты – яны такія, якія ёсьць. А пра тое, што той, хто апынуўся на вяршыні ўлады, у дэмакратычнай дзяржаве ня можа разьлічваць на нейкія сакрэты, хай сабе й асабістага характару, ад грамадзкасьці. Яшчэ адносна нядаўна, калі прэзыдэнтам Францыі быў Франсуа Мітэран, пра яго каханку не прынята было пісаць у прэсе. Цяпер гэта выглядае анахранізмам.

Дарэчы, у Эўропе вельмі зьдзіўляліся, калі пры канцы 90-х гадоў успыхнуў скандал вакол прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана і стажоркі ў апараце Белага Дому Монікі Левінскі. Дзівіліся ня столькі паводзінам Клінтана, які дазволіў сабе “раман” у Белым доме, колькі таму факту, што прэзыдэнту гэта пагражала імпічмэнтам. Сёньня і ў ЗША мала хто ўзгадвае тую гісторыю. Калі пішуць пра Гілары Клінтан, якая рэальна прэтэндуе на тое, каб стаць першай жанчынай – прэзыдэнтам ЗША, дык ня ў сувязі з адультэрам яе мужа. Імя Біла Клінтана, безумоўна, ня можа ня згадвацца ў прэзыдэнцкай кампаніі, але журналістаў больш цікавіць не былое мужа і жонкі Клінтан, але дзень сёньняшні. Напрыклад, ці ня будзе экс-прэзыдэнт у выпадку перамогі ягонай жонкі на выбарах уплываць на палітыку ЗША? Клінтан, дарэчы, ужо запэўніў у адным з інтэрвію, што ён “сыдзе на задні плян”, то бок умешвацца ў кампэтэнцыю прэзыдэнта не зьбіраецца.

І Гілары Клінтан ёсьць уласныя перавагі – як і недахопы, дарэчы. Ніхто яе не ўспрымае як усяго толькі жонку былога прэзыдэнта. Аб ёй мяркуюць паводле яе дзейнасьці на пасадзе сэнатара і галоўнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі.

У палітычнай барацьбе няма паправак на пол. Адзін даволі вядомы амэрыканскі (расейскамоўны) журналіст сказаў нядаўна, што Гілары паводзіць сябе ў палітыцы як мужчына ў спадніцы й нават апошнім часам “ня голіць ногі”. Гэтае нясмачнае, мякка кажучы, выказваньне пакінем на сумленьні журналіста. Але калі дапусьціць, што гэтыя словы сталі б вядомыя Гілары Клінтан, думаю, наўрад ці яна стала б судзіцца з журналістам ці ўвогуле неяк рэагаваць на зьнявагу.

Гэта – частка платы за папулярнасьць у палітыцы, за магчымасьць быць увесь час у цэнтры ўвагі прэсы, прысутнічаць на тэлеэкранах і першых палосах газэт, за сам намер стаць начале дзяржавы, урэшце. Неабходнасьць увесь час трымаць справаздачу перад грамадзтвам, у тым ліку, далёка ня лепшай ягонай часткай, змагацца за свой імідж, за падтрымку выбарцаў – гэта і ёсьць непасрэдная праява дэмакратыі.

Падабаецца яна камусьці альбо не, усе вымушаныя гуляць паводле яе правілаў. І пры гэтым – каму больш дадзена (харызмы, грошай, таленту, удачы), з таго больш грамадзтва спытае.

Пра клапоў і антысэмітаў

А цяпер да іншай тэмы. Насамрэч, менавіта зь яе меўся я пачаць гэтыя нататкі. І ўсё, што сказана вышэй – усяго толькі прадмова.

Але спачатку зраблю яшчэ адно адступленьне. Гадоў – дай Бог памяці – трыццаць таму мне давялося паехаць у першую ў сваім жыцьці журналісцкую камандзіроўку, ад газэты “Знамя юности”. Я павінен быць удзячны за гэта тагачаснаму загадчыку аддзелу (не памятаю ўжо якога) пісьменніку Кастусю Тарасаву. Кажу пра гэта без усялякай іроніі, бо менавіта дзякуючы Тарасаву пачаў асвойваць журналістыку на практыцы. Мне было дадзенае заданьне напісаць на тэму бытавога абслугоўваньня насельніцтва, так бы мовіць, на раёне. Падчас камандзіроўкі ў Бабруйск я даведаўся ўпершыню, што савецкі “ненавязьлівы сэрвіс” залежыць, напрыклад, ад таго, што ў атэлье бракуе нітак, а ў кацельню лазьнева-мыйнага камбінату не завезьлі вугалю.

Але я цяпер не аб тым. Тагачасны Бабруйск у мяне вялікага ўражаньня не пакінуў, але й не расчараваў. Звычайны савецкі раённы цэнтар. Звычайны савецкі гатэль, у якім ніколі няма вольных нумароў. Паколькі я прыехаў з цэнтральнай газэты, мне “выдзелілі”, у парадку выключэньня, паўлюкс. Праўда, там ужо жыў адзін пастаялец, але затое і заплаціць трэ было ўдвая меней.

Выпадковы сусед, сталага ўзросту лысаваты начальнік абласнога ўзроўню, доўга да мяне прыглядаўся, потым пачаў распытваць: хто я, адкуль, у якой газэце працую і г.д. Я адказваў неахвотна, як кажуць, зь ветлівасьці, спадзяючыся, што сусед ад мяне адстане. Але адчуваў, што нейкае галоўнае пытаньне, якое таму карцела задаць, ён трымае пра запас. І нарэшце яно прагучала: ты, часам, не яўрэй? Не жадаючы корпацца ў сваёй радаслоўнай ды яшчэ пры чужым чалавеку, я адказаў коратка: не! Але яўрэйская кроў у табе ё-о-осьць, -- задумліва сказаў чалавек і, яўна задаволены сваёй здагадкай, пайшоў спаць. А раніцай пачаў мяне супакойваць: “Не, ты не падумай, сынок, я ж не антысэміт, я ж па-харошаму…Ну, прызнайся, ты ж яўрэй, так?”

Гэта было першым маім сутыкненьнем у жыцьці з так званым побытавым антысэмітызмам, нагэтулькі ж звычайным і распаўсюджаным у савецкім жыцьці, як недахват нітак у атэлье ці засільле клапоў у нумары “паўлюкс”. І гэта, як я цяпер добра разумею, быў яшчэ ня горшы з магчымых выпадкаў. Але ні тады, ні цяпер ніколю не ўступаю з падобнымі людзьмі ў дыскусію. Нейкім унутраным пачуцьцём заўсёды адчуваў: нічога ты гэтым людзям не давядзеш, дый ня трэба зь імі размаўляць. Хіба ж варта адказваць на сабачы брэх? Сказаць антысэміту, што ты яўрэй – значыць, узрадаваць яго тым, што ягоная “здагадка” пацьвердзілася. Сказаць, што не – значыць, узрадаваць яшчэ больш: “а, дык ты баішся прызнацца ў тым, што ніжэй за мяне!...”

Гідкае пачуцьцё ў прысутнасьці такіх людзей падобнае на тое, якое адчуваеш, калі выпадкова ўступіш у сабачае г… Быццам і ня страшна, назаўсёды не прыліпне, але ўсё адно брыдка. На вялікі жаль, большая частка грамадзтва такіх пачуцьцяў ня мае, не прышчэпленыя яны зь дзяцінства, як прышчапляюць воспу або халеру для ўстойлівасьці ад сьмерцяноснай хваробы. Наадварот, у нашым грамадзтве хапае індывідаў, якія адчуваюць нянавісьць і агіду ў адносінах да яўрэяў, армянаў, чачэнаў, пшэкаў, лабусаў, а таксама піндосаў і італьяшак, ды каго заўгодна яшчэ. І пачуваюцца яны ў грамадзтве вольна, не саромеюцца сваіх поглядаў, бо ніхто іх, прынамсі, услых, не асуджае.

У Бабруйск!

І гэтак ня толькі ў Беларусі. Антысэміцкія настроі жывуць і ва Ўкраіне, і ў Польшчы, і ў Францыі (нягледзячы на тое, што прэзыдэнтам яе стаў Нікаля Сарказі, напалову вугорац і на чвэрць яўрэй). Нядаўняе апытаньне ў Нямеччыне паказала, што амаль чвэрць немцаў лічыць, што, як бы гэта мякка сказаць – ну, так: “ня ўсё толькі дрэннае было пры Гітлеры”. Можна не сумнявацца, што сярод тых, хто ў гэтым перакананы, шмат і такіх, хто ня лічыць надта кепскім знішчэньне яўрэяў у газавых камэрах.

Тым не менш, і ў Эўропе, і ў ЗША, і ва ўсім цывілізаваным сьвеце палітык, які займае высокую пасаду ў дзяржаве або толькі прэтэндуе на яе, ня можа дапусьціць антысэміцкіх выказваньняў. (Да гонару прэзыдэнта Пуціна трэба адзначыць, што хоць ён і вядомы сваімі выразамі кшталту “мачыць у сартыры”, але даваць моўныя характарыстыкі іншым нацыянальнасьцям сабе не дазваляе.) Развод альбо нявернасьць можа дапусьціць. Расісцкія выказваньні – не. Бо гэта будзе азначаць ягоную палітычную сьмерць альбо пераход у разрад “маргіналаў”, кшталу Ле Пэна ці айца Рыдзыка.

Заходняя паліткарэктнасьць, на жаль, не замяняе маралі. Ад таго, што людзі ў офісах перастануць распавядаць жарты “пра бляндынак” і “пра яўрэяў”, іхнае сапраўднае стаўленьне да жанчын і нацмяншыняў ня зьменіцца. Але прынамсі, найманы на работу ў заходнюю карпарацыю чалавек цяпер ведае, што жыць у грамадзтве і быць вольным ад законаў гэтага грамадзтва ня можна. А калі абываталь чуе, што кіраўнік дзяржавы, у якой ён жыве, дазваляе сабе тое, што можа дазволіць сабе хіба п’яны чалавек на вуліцы, гэта, канечне, падымае абываталя ў ягоных вачах: “Глядзіце, ён такі самы, як я!” Адначасна гэта апускае кіраўніка і саму дзяржаву на вельмі нізкі ўзровень – прынамсі, у вачох цывілізаванай супольнасьці.

Дарэчы, сярод часткі расейскамоўнай інтэрнэт-супольнасьці ёсьць такі выраз: “в Бобруйск, жывотное!” На слэнгу інтэрнэтчыкаў так пасылаюць тых, хто мае нізкі маральны і інтэлектуальны ўзровень ці пачынае хаміць у сеціве. Але сэнсавая нагрузка гэтага выразу не такая прымітыўная, як можа падацца. Прынамсі, ён не нясе антысэміцкага зьместу – хутчэй, наадварот. Тых, каго цікавіць сэнс і паходжаньне згаданых словаў, можа зайсці на сайт babruisk.com, альбо на расейскую вікіпэдыю. Але не адмоўлю сабе тут у задавальненьні працытаваць апавяданьне Ўладзіміра Сарокіна “Дарожнае здарэньне”.

“Ты ж расеец? Ты нарадзіўся ў Расеі? Ты хадзіў у сярэднюю школу? Ты служыў у войску? Ты вучыўся ў тэхнікуме? Ты працаваў на заводзе? Ты езьдзіў у Бабруйск? Езьдзіў у Бабруйск? У Бабруйск езьдзіў? Езьдзіў, га? Езьдзіў? Чаго маўчыш? У Бабруйск езьдзіў? Чаго косіш ? Га? Заела, так? Езьдзіў у Бабруйск? Ты, …? У Бабруйск езьдзіў? Езьдзіў, падла? Езьдзіў, гад? Ездьдзіў, падла? Езьдзіў, б..?”

Я – езьдзіў. Па сутнасьці, усе мы выйшлі з Бабруйска. Не з цудоўнага беларускага гораду на рацэ Бобр зь яго шматвяковай гісторыяй. А з таго месца, якое зрабілася сымбалем…не, не яўрэйскага жыцьця, а савецкай беспрасьветнай, сапраўды сьвінскай рэчаіснасьці.

Але ці выйшлі?