Як паведаміў БелаПАН яго паплечнік і сябар Аляксей Кароль, Л.Лойка — знакавая фігура як для беларускай сацыял‑дэмакратыі, так і для беларускай дыпламатыі.
«Леанід падчас узнікнення польскага рабочага руху «Салідарнасць» працаваў у Польшчы ў пасольстве СССР. Ён аўтар некалькіх кніг па гісторыі гэтага руху. І, як ён сам мне казаў, пасля заканчэння сваіх паўнамоцтваў дыпламаты пакідалі Польшчу з высока ўзнятай галавой. Бо дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням у Савецкім Саюзе было прынята рашэнне не ўводзіць войскі ў Польшчу», — сказаў А.Кароль.
Пасля вяртання ў Беларусь Л.Лойка быў адным з ініцыятараў стварэння шматпартыйнай сістэмы.
«У свой час ён прапаноўваў рэформу Камуністычнай партыі Беларусі ў партыю сацыял‑дэмакратычнай накіраванасці. Разам з ім мы стваралі Партыю Народнай Згоды, і менавіта ён прыцягнуў да яе дзейнасці Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара. Потым быў доўгі працэс аб’яднання сацыял‑дэмакратычных партый. У выніку Лойка заставаўся нязменным членам Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён да апошніх дзён працаваў у партыі», — зазначыў А.Кароль.
«Шмат у чым дзякуючы яго ініцыятыве прыйшоў у партыю і стаў яе старшынёй былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін», — заявіў А.Кароль.
Грамадзянская паніхіда адбудзецца 23 кастрычніка з 10 да 12 гадзін па адрасе вуліца Голубева, 14‑605. Пахаваны Л.Лойка будзе на гарадскіх могілках у Смалявічах.