Выбары расcтавілі ўсё па сваіх месцах. Туман разьвеяўся, і стала бачнай дысьлякацыя сілаў. Відавочна тое, што маем напалову марыянэткавы рэжым, які кіруецца Грызловымі і Рушайламі. Шмат хто дзівіўся: нашто было Лукашэнку трываць чатыры дні намётавай дэмакратыі, каб потым за адну гадзіну ліквідаваць спэцназам. Няма лёгікі, калі гэта тлумачыць імкненьнем беларускіх уладаў прадэманстраваць перад замежнымі тэлекамэрамі айчынны лібэралізм і правы чалавека. Якія правы, калі за кратамі на той час знаходзілася ці не палова сяброў перадвыбарчага штабу Мілінкевіча, а на выбары гналі ледзь не гумовымі дручкамі.

Значыць, хтосьці настойліва раіў не чапаць пэўны час мітынгоўцаў на Кастрычніцкай плошчы. Гэтым хтосьці мог быць толькі адзін чалавек – Пуцін. Навошта? Каб беларускі кіраўнік адчуў, што іншага варыянту, як ісьці са схіленай галавой да Масквы, у яго няма. Гэтым жа тлумачыцца і заява «Газпрому» аб павышэньні цаны на газ, і дэпрэсія Лукашэнкі. Бо наўрад ці апошняга вывеў з раўнавагі брутальны разгон акцыі пратэсту на Дзень Волі. Ніякай пагрозы для яго асабіста тыя акцыі ня несьлі.

Цяпер вакол Беларусі разьвешаныя бела-сіне-чырвоныя сьцяжкі. Паляваньне пачалося.

Лукашэнка будзе адбівацца. Зноў пачнуцца гадзінныя выступы на БТ пра тое, як беларусы абараняюць з захадняга кірунку, амаль дармова, сястру Расею. Зноў пачнецца барацьба за трубу і нафтаперапрацоўчыя заводы. Страціўшы трубу і заводы, ён губляе ўладу. Цяпер становяцца зразумелыя ягоныя асобныя выказваньні, зробленыя напярэдадні выбараў. Напрыклад, пра тое, што трэба паставіць канчатковую кропку ў пачатай справе, каб ужо ніхто ня здолеў зьвярнуць Беларусь з правільнага шляху.

Але тут узьнікае яшчэ адно істотнае пытаньне: калі дэмакрытычная сусьветная супольнасьць не прызнае пераабраньня на трэці тэрмін Лукашэнкі, дык ці ёсьць ён цяпер законным суб’ектам міжнароднай палітыкі? І ці будуць мець законную сілу падпісаныя ім міжнародныя пагадненьні і дамовы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?