Пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль на брыфінгу ў Мінску 5 сакавіка заявіў, што абмяркоўваецца магчымасць размяшчэння ва Украіне амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны.

«Гэта пытанне перамоваў. Як кажуць, ўвяжамся ў бойку — разбяромся», — сказаў пасол.

Пасол Украіны таксама раскрытыкаваў некаторыя расійскія і «іншыя» СМІ за дэзінфармацыю. «Некаторыя каналы без валідолу глядзець нельга», — заявіў пасол Ежаль.

Пасол удакладніў, што мае на ўвазе найперш перадачу Дзмітрыя Кісялёва на РТР, і выказаў шкадаванне, што і ў «іншых краінах СНД таксама такія ішлі перадачы».

Міхаіл Ежаль заявіў, што «мы лічым, што наш урад легітымны, мы служым народу Украіны, прадстаўляем тут яго інтарэсы».

Пасол некалькі хвілін дэманструе журналістам ролікі, у якім у негатыўным святле паказваецца былы прэзідэнт Украіны. На адным з ролікаў адзін з прадстаўнікоў Партыі рэгіёнаў называў Януковіча здраднікам.

Пасол таксама сказаў: «Тое, што прыцясняецца расійская мова, — гэта адкрытая хлусня».

Ён як былы член рады міністраў абароны СНД, звярнуўся да «старых баявых сяброў», зазначыўшы, што «вайна паміж славянамі — гэта нонсэнс».

Пазней МЗС Украіны заявіў, што ніякіх перамоваў пра размяшчэнне амерыканскай ПРА ва Украіне не вядзецца, а сам пасол таксама заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што яго няправільна зразумелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?