Уладзімір Кудзінаў з жонкай

Уладзімір Кудзінаў з жонкай

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і былы палітвязень, прадпрымальнік Уладзімір Кудзінаў ад 1999 жыве і працуе ў Крыме. Калі мы датэлефанаваліся [у аўторак] сп. Кудзінаву, ён знаходзіўся ў Севастопалі.

«Наша Ніва»: Напружанасць на паўвостраве адчуваецца?

Уладзімір Кудзінаў: У горадзе, у простых грамадзян ніякай напружанасці не адчуваецца. Калі нейкія сутычкі і адбываюцца, то каля ўкраінскіх вайсковых часцей. Для мяне відавочна, што расійскія войскі не сыдуць з Крыма да правядзення рэферэндуму. Людзі, вядома, не хочуць ваенных дзеянняў. Разумныя кажуць аб асаблівым статусе горада Севастопаля. Тут павінны праходзіць прамыя выбары, каб людзі самі выбіралі мясцовую ўладу. Абсалютна ўсе зацікаўленыя ў дэмакратычнай абстаноўцы ў рэгіёне. Па-другое, Севастопалю варта надаць статус свабоднай эканамічнай зоны, зрабіць палёгкі для вядзення бізнэсу. Каб сюды, не баючыся, маглі ехаць украінскія, расійскія, амерыканскія бізнэсмены.

«НН»: Сітуацыя ў Севастопалі і астатнім Крыме моцна розніцца?

УК: Канечне. Па маіх назіраннях, у Севастопалі ўваходжанне ў склад Расіі ці абвяшчэнне незалежнасці Крыма падтрымала б каля 70% жыхароў, тады як на астатнім паўвостраве — не болей за 40%.

«НН»: Якія чаканні ад рэферэндуму?

УК: Я перакананы, калі будзе тры варыянты: а) уваходжанне Крыма ў склад Расіі, б) абвяшчэнне незалежнасці, в) застацца ў складзе Украіны, то ніводны з іх не набярэ больш за 50% галасоў выбарцаў. Але важна, як лічаць, а не як галасуюць. Патрэбна, каб волевыяўленне грамадзян было свабодным, а не пад дуламі расійскіх аўтаматаў, а так можа быць. Трэба ўтрымліваць сітуацыю так, каб не загінулі людзі.

«НН»: Мясцовыя беларусы як рэагуюць на падзеі?

УК: У мяне ёсць некалькі знаёмых этнічных беларусаў, якія атрымалі ўкраінскае грамадзянства. Дык яны выступаюць, каб ранейшы стан рэчаў заставаўся. Яны не зацікаўленыя ў аддзяленні Крыма ад Украіны.

«НН»: Павелічэнне расійскай прысутнасці адчуваецца?

УК: Ну так, каля нейкіх пастоў, базаў. Але ў гарадах — не сказаў бы. Тыя ж адміністрацыйныя будынкі ў Сімферопалі захоплівалі людзі без апазнавальных знакаў. На іх не было расійскай вайсковай формы. Гэта таксама раздражняе людзей. Калі Пуцін абвясціў вайну славянскаму свету, то няхай так і кажа, а не хаваецца за людзьмі ў масках.

«НН»: А пагрозы ізаляцыі ў выпадку аддзялення Крыма людзі не баяцца? Крым — гэта турыстычны рэгіён, ці няма рызыкі застацца сёлета без турыстаў?

УК: Калі не будзе ваенных дзеянняў, то беларусы, украінцы, рускія ўсё адно паедуць у Крым на адпачынак. Сезон тут пачынаецца ў пачатку мая, магчыма, да гэтага часу нешта ўжо атрымаецца разруліць. Многія кажуць, што ім без розніцы, якая будзе ўлада — руская, украінская ці амерыканская, — галоўнае, каб усё было дэмакратычна. Ніхто ж не абараняе Януковіча, усе ведаюць, што ён злодзей, бачылі ягоныя палацы.

«НН»: Дык які Ваш прагноз?

УК: Нешта прагназаваць вельмі цяжка. Відавочна сёння, што Расія не адступіць. Мне падабаецца рэакцыя ўкраінскага боку, што яны спрабуюць не нагнятаць сітуацыю, спыняюць усе правакацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?