05.03.2014 / 15:06

Развітанне з Барадуліным — імша па эпосе 4

Смерць незаўважна існуе побач з намі. Яна ходзіць у людcкім натоўпе і выбірае сабе ахвяру. І чамусьці ахвярай становяцца найперш годныя і гожыя людзі.

Учора адбылося пахаванне народнага паэта Рэспублікі Беларусь Рыгора Барадуліна. Ён зусім нядаўна адзначыў сваё сямідзесяцідзевяцігоддзе, але, на жаль, яго жыццю не было наканавана працягвацца далей. У Чырвоным касцёле адбылося развітанне з паэтам, некалькі тысяч беларусаў прыйшлі ўшанаваць памяць Рыгора Іванавіча. Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з выбітным сыном Бацькаўшчыны прысутнічалі і палітыкі, і дзеячы культуры, і простыя людзі розных пакаленняў. З кожнай хвілінай колькасць кветак перад труной усё павялічвалася і павялічвалася. А людзі ўсё неслі і неслі гэты знак павагі.

У той момант, калі труну вынеслі з касцёла і Уладзімір Някляеў прамаўляў словы павагі да дзядзькі Рыгора, над натоўпам узняўся бел-чырвона-белы сцяг. Самотны, самаробны бел-чырвона-белы сцяг, які трымаў у руках сталы чалавек.

І труна, з якой таксама выглядае яшчэ адзін сцяг. І ўсё. У гэты момант свядомасць адпраўляецца на адзінаццаць гадоў раней. На яшчэ адно пахаванне. Пахаванне сябра Рыгора Барадуліна – Васіля Быкава.

Вось як пра гэта пісаў Валер Каліноўскі: «З Васілём Быкавым развіталіся дзясяткі тысяч грамадзянаў Беларусі, пісьменніцкія дэлегацыі з Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы, маладыя і старыя, вядомыя і звычайныя людзі, дэпутаты і прадстаўнікі апазіцыі.

Людская рака ішла за труной народнага пісьменніка па праспекце Францішка Скарыны ў Менску, спыняліся машыны, людзі неслі безліч кветак: руж, гваздзікоў, васількоў, безліч вянкоў ад калегаў, сяброў, розных арганізацыяў, у тым ліку ад Рады БНР.

Гэта быў, бадай, адзіны выпадак, калі міліцыя не хапала людзей за бел-чырвона-белыя сцягі, якіх былі дзясяткі. Аднак менавіта гэтыя сцягі не дазволілі працаваць дзяржаўнай камісіі ў справе пахавання Васіля Быкава. Сын Быкава Сяргей накрыў цела бацькі вялікім нацыянальным сцягам. Родныя ж, перш за ўсё жонка нябожчыка, адмовіліся ад прапанаванага дзяржаўнай камісіяй чырвона-зялёнага дзяржаўнага сцяга»

Чаму ж зараз, на пахаванні Барадуліна, былі тысячы, а не дзясяткі тысяч людзей? Чаму над натоўпам лунаў толькі адзін сцяг,а не дзясяткі?

І Быкаў і Барадулін былі дзеячамі Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», а пазней сябрамі партыі БНФ. Абодва яны з’яўляліся выбітнымі літаратарамі і майстрамі слова. Чаму ж так па-рознаму адбыліся развітанні з імі?

Прыйшла новая эпоха, якая замяніла сабой наіўна-рамантычныя дзевяностыя, калі людзі яшчэ збіраліся на мітынгі, каб выказаць меркаванне, якое супярэчыла думкам улады. Няўжо мова, літаратура, нацыянальныя сімвалы дэвальвіраваліся разам з нашай валютай?

Гукі дуды навейвалі сумныя думкі. Самотна лунаў над натоўпам сцяг.

Такое адчуванне, што гэта была імша не па чалавеку, а па эпосе, якая незваротна сыходзіць у небыццё.

Даслаў чытач Андрэй Кімбар

0
Гісторык / Адказаць
05.03.2014 / 15:22
Пасьля БНР былі дзясяткі гадоў, калі б-ч-б сьцяг быў амаль забыты. Але прайшоў час, і ён "ажыў" сярод людзей. Праз колькі гадоў так зноў будзе. Каля Касьцёла ўчора дзясяткі людзей мелі сьцягі з сабою, але сьвятары (як у выпадку з пахаваньнем Ірыны Казулінай) у адкрытую казалі арганізатарам, каб ніякіх "некасьцельных сьцягоў" не было. А люд у нас дысцыплінаваны: ён нікога і нідзе ня хоча падстаўляць. P.S. У Вушачы, дарэчы, сьцяг быў не адзін, у т.л. мясцовыя хлопцы прынесьлі.
0
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
05.03.2014 / 20:21
Мабыць, аўтар слаба памятае, як яно было з Быкавым. Сапраўднае мора сьцягоў зьявілася, калі выстраілася працэсія, якая імкліва павялічвалася менавіта ў час руху па праспэкце. І тут было б амаль тое самае, калі б, напрыклад, працэсія рушыла на Кальварыю. Натуральна, аднак, што тых, хто чытаў і разумее Барадуліна, крыху меней, чым чытачоў Быкава. Бяз добрага веданьня беларускай мовы паэзію Барадуліна адчуць і па-сапраўднаму ўспрыняць немагчыма, а Быкава збольшага можна чытаць і ў перакладах.
0
Тацяна Луцэвіч / Адказаць
06.03.2014 / 12:19
Я была на развітанні з Рыгорам Барадуліным у Чырвоным касцёле. Пасярод рабочага дня не ўсе маглі прыйсці, але ішла трансляцыя на tut.by і шмат хто мог бачыць развітанне і імшу па Народным паэце. Уся служба, і грэка-каталіцкая, і каталіцкая, вялася на беларускай мове. Некалькі гадзін гучала беларускае слова сярод соцен людзей, якія развітваліся з Рыгорам Барадуліным. Маліліся і пелі ўсе разам. Людзі мяняліся:нехта быў ўвесь час, але шмат людей прыходзілі развітацца і адыходзілі. Асабіста размаўляла са знаёмымі, якія прыйшлі ў час перапынка на працы. Шмат беларусаў разумеюць, што пайшоў з жыцця вялікі паэт, асоба якога пры жыцці стала сімвалам свабоднай Беларусі.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру