Палітыка дарагіх грошай у Беларусі ў 2013 годзе была вымушанай мерай, паведаміў член праўлення Нацыянальнага банка, начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Калечыц, выступаючы 5 сакавіка на XV асамблеі дзелавых колаў.
«Шэраг мер па павышэнні эфектыўнасці крэдытавання, зніжэнні кошту запазычання Нацыянальны банкам ужо прынятыя. Палітыка дарагіх грошай, якую праводзіў Нацыянальны банк летась, з'яўлялася вымушанай мерай і была скіравана як на стымуляванне прыцягнення сродкаў у беларускіх рублях у банкаўскую сістэму, так і на абмежаванне залішняга крэдытавання, не падмацаванага рэальнымі рэсурсамі», — канстатаваў Дзмітрый Калечыц.
Ён адзначыў, што «пры правядзенні працэнтнай палітыкі прыходзіцца знаходзіць баланс паміж інтарэсамі пазычальнікаў і ўкладчыкаў, забяспечваючы, з аднаго боку, зніжэнне кошту крэдытных рэсурсаў, з іншага — захаванне прывабнасці і захаванасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце».
Сёлета працэнтная палітыка скіравана на паступовае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, паведаміў член праўлення Нацбанка.
«Стаўка рэфінансавання будзе ўстанаўлівацца на ўзроўні, неабходным для дасягнення макраэканамічнай стабільнасці, што шмат у чым будзе залежаць ад макраэканамічных умоў, і найперш ад стану плацежнага балансу краіны», — сказаў Калечыц.
Акрамя гэтага, дадаў ён, будзе працягнута паступовае збліжэнне ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці са стаўкай рэфінансавання.
«У мэтах зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў для прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, Нацыянальным банкам з 22 студзеня 2014 года зніжаны стаўкі па інструментах падтрымкі ліквіднасці банкаў да 33% гадавых, з 12 лютага — да 32% гадавых», — нагадаў Калечыц.
Ён таксама звярнуў увагу, што да гэтага часу зніжаны нарматывы абавязковых рэзерваў для банкаў (з 5 лютага паменшаны нарматывы абавязковых рэзерваў, якія дэпануюцца банкамі ў Нацыянальным банку: ад прыцягнутых сродкаў юрыдычных асоб у беларускіх рублях — з 10% да 9%, ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце — з 14% да 13%).
«Пад уздзеяннем ужо прынятых рашэнняў адбываецца паступовае зніжэнне працэнтных ставак на дэпазітным і крэдытным рынках. З улікам запрагназаваных аб'ёмаў росту эканомікі і рэсурснай базы патрабаванні банкаў да эканомікі вырастуць у 2014 годзе на 16—19%. Такога аб'ёму рэсурсаў, згодна з экспертнымі разлікамі, цалкам дастаткова», — рэзюмаваў Дзмітрый Калечыц.