9 сакавіка спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Былы пасол Украіны ў Беларусі, былы міністр культуры Украіны і былы дырэктар Шаўчэнкаўскага музея-запаведніка ў Каневе Ігар Ліхавы расказваў «Нашай Ніве» аб падрыхтоўцы да юбілея, а таксама… аб рэзідэнцыі Віктара Януковіча «Міжгор’е».

«Наша Ніва»: Украіна рыхтуецца да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі. Вы адзін з самых вядомых шаўчэнкаведаў. Раскажыце, як будзе святкавацца юбілей?

Ігар Ліхавы: Канечне, цяпер краіна пад пагрозай акупацыі, і святкаванні не будуць шырокамаштабнымі.

Шаўчэнка — гэта той чалавек, які стварыў украінскую нацыю, яе светаўспрыманне..

Чым Шаўчэнка сёння актуальны? Ён, як ніхто іншы, адчуў унутраныя сілы, арыенціры ўкраінскай нацыі.

Тады ў нас не было дзяржаўнасці, украінская мова існавала толькі ў вёсцы, гісторыя выйшла скрыўленая. Шаўчэнка ж змог сфармуляваць тры важныя пытанні: усведамленне свайго нацыяльнальнага развіцця, дасягненне сацыяльнай свабоды і абарона асабістай годнасці. Пры бальшавіках больш гаварылі пра сацыяльную свабоду, крыху пра нацыянальнае вызначэнне, а вось пра годнасць зусім забывалі.

«НН»: А сёння ён застаецца актуальным?

ІЛ: Вось ён пісаў:

Коли ти видохнеш? Коли
Ми діждемося Вашингтона
З новим і праведним законом?
А діждемось-таки колись.

Хіба гэта не актуальна сёння? Ці, напрыклад, пачатак паэмы «Кацярына» часта ўзгадваецца ў гэтыя дні.

Кохайтеся, чорнобриві,
Та не з москалями,
Бо москалі — чужі люде,
Роблять лихо з вами.

Таксама звярніце ўвагу, што верш прысвечаны Васілію Жукоўскаму, вядомаму расійскаму паэту, настаўніку імператарскіх дзяцей. «Маскаль» — гэта не рускі, гэта тыпаж кшталту Жырыноўскага, які ведае, дзе і як трэба што зрабіць, а потым памыць боты ў Індыйскім акіяне, што Абаму рабіць, што Меркель, ну а суседнія тэрыторыі «маскалём» успрымаюцца як свае.

А вось урывак з паэмы «Гайдамакі»:

Жінки навіть з рогачами
Пішли в гайдамаки.

Сугучна з тымі падзеямі, што сёлета адбыліся ў гарадку Звенігародка, на малой радзіме Шаўчэнкі, дзе жанчыны блакавалі аўтобусы з «цітушкамі», што накіроўваліся ў Кіеў.

У кожным украінцу, незалежна ад таго, ці ўкраінскамоўны, ці рускамоўны, ёсць нешта ад Шаўчэнкі. Нездарма на Майдане, на сцэне, амаль увесь час вісеў партрэт Шаўчэнкі. А колькі меншых партрэтаў было на шчытах у пратэстоўцаў, на палатках.

Я бачыў, як людзі спявалі ўсім Майданам «Запавет» і «Реве та стогне Дніпр широкий».

«НН»: Януковіч збіраўся адзначаць юбілей вялікага паэта?

ІЛ: У 2007 годзе я быў сведкам, як у Беларусі адзначаліся юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мне было балюча на гэта глядзець. А потым я пабачыў тое самае ва Украіне.

Для Януковіча ўсё зводзілася да будаўніцтва нейкіх бязмозглых аб’ектаў у Каневе, дзе знаходзіцца шаўчэнкаўскі запаведнік. Януковіч пабудаваў там вертадром, якім скарысталіся толькі аднойчы! Ён хацеў, каб на 200-годдзі там былі Пуцін, прэзідэнт Казахстана… Беларусь, праз якую Шаўчэнка двойчы праязджаў, не была ўключаная ў спіс краін па святкаванні юбілею. Для мяне гэта было дзіўным.

Дарэчы, усе юбілеі Шаўчэнкі прыходзіліся на нялёгкія гады. У 1914 пачалася Першая сусветная вайна, у 1939 — Другая.

«НН»: Наколькі мне вядома, Вы былі адным з першых, хто трапіў у рэзідэнцыю Януковіча ў Міжгор’і.

ІЛ: Так, фактычна гэта было на другі дзень пасля ўцёкаў дыктатара. Мяне запрасілі ў камісію, якая павінна была ацаніць тамтэйшыя каштоўнасці, іхнюю вартасць.

Я шмат чаго бачыў, быў ва ўрадавых дэлегацыях, дыпламатычных, але такога не бачыў ніколі. У мяне проста здарыўся культурны шок.

Найперш — гэта адчуванне абсурду. Ніякай логікі ў пабудове не было, змяшанне розных стыляў. І жыць там нязручна, і як рэзідэнцыю выкарыстоўваць таксама.

Мяне ўразіла, што зусім побач з палацам знаходзілася ферма, каго там толькі не было: свінні, хатнія і дзікія, козы, антылопы, алені, горныя казлы, журавы, рэдкія дропы, здаецца, абсалютна ўсе вядомыя віды страусаў, фазаны, ну і як жа султану без цэсарак і паваў.

Былі цяпліцы, ясна — здаровае харчаванне. Але з тых цяпліцаў магла харчавацца цэлая вайсковая часць. Я б зразумеў, каб Януковіч быў чалавекам вясковым…

Аграмадная колькасць нават нераспакаваных карцін. Цікавая дэталь: іх яму дарылі з абавязковай ацэнкай кошту на адваротным баку. Сапраўднаму калекцыянеру важны твор мастацтва, а не яго кошт. Тут жа было ўсё наадварот. Бясконцая колькасць аўтамабіляў. Толькі садоўнікаў было каля 150 чалавек!

Потым мяне зусім прыбілі ружовыя інтэр’еры ў доме генпракурора Пшонкі. Куды маглі завесці краіну такія людзі?

Вопіс маёмасці мы так і не змаглі пачаць. Бо яшчэ не зусім зразумела, у чыёй уласнасці гэта знаходзіцца. Мне здаецца, што ў Міжгор’і трэба захаваць гэты палац, хоць гэта будзе дорага і цяжка, як музей аўтарытарызму. Каб была прышчэпка супраць паўтарэння такога ў будучыні.

Ігар Ліхавы yарадзіўся ў 1957 годзе ў Жытомірскай вобласці. Дырэктар Канеўскага дзяржаўнага музея-запаведніка Тараса Шаўчэнкі (1989 — 2005). Быў міністрам культуры і турызму ва ўрадзе Еханурава (2005—2007), паслом Украіны ў Беларусі (2007—2010). Цяпер дарадца ў Вярхоўнай Радзе.

Тарас Шаўчэнка — украінскі геній. Нарадзіўся як прыгонны селянін, але стаў вялікім творцам. Стварыў паэзію, якая захапіла народ, многія вершы сталі народнымі песнямі. На фота — яго аўтапартрэт. Быў не проста лірыкам, меў глыбокае разуменне гісторыі і палітыкі. Пра Расійскую Імперыю ў паэме «Каўказ» напісаў з тонкай іроніяй: «Тут на ўсіх мовах усё маўчыць, бо благадзенствуе». Расійскія ўлады выслалі яго салдатам у пустыні Казахстана, дзе нават паперы, каб пісаць, бракавала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?