Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі, які прызнаў законным адлічэнне былога студэнта Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Юрася Алейніка з гэтай навучальнай установы.

Судовая калегія па грамадзянскіх справах пад старшынствам суддзі Міхаіла Басава пасля азнаямлення са справай дала слова бакам. Адвакатам Юрыя Алейніка выступала Ларыса Атаманчук. Інтарэсы Акадэміі кіравання прадстаўлялі вядучы юрысконсульт навучальнай установы Дайва Бабровіч і начальнік упраўлення кадраў і прававой работы Аляксандр Варанкоў. Заслухаўшы бакі, суд сышоў на нараду.

«Сёння нам зачыталі толькі выніковую частку рашэння: калегія прыйшла да высновы, што пастанова суда абгрунтаваная і абскарджанню не падлягае. Дзесьці праз тыдзень мы атрымаем копію вызначэння, распісанага больш падрабязна, і будзем падаваць скаргу на імя старшыні Мінскага гарадскога суда», — паведаміла Л. Атаманчук у гутарцы з прэс‑службай БАЖ.

Адвакатка не лічыць, што рашэнні судовай калегіі залежаць ад яе асабовага складу. Да прыкладу, сёння ў складзе калегіі быў адзін з суддзяў, што разглядалі мінулую касацыйную скаргу Ю. Алейніка.

«Проста ў першы раз мы абскарджвалі рашэнне суда, які пастанавіў, што гэтая спрэчка нібыта непадведамасная суду. Тады калегія з ім не пагадзілася і вырашыла, што справа ўсё ж павінная разглядацца ў судовым парадку. А зараз мы скардзіліся на рашэнне па сутнасці справы, і калегія прыняла бок суда першай інстанцыі», — кажа Л. Атаманчук.

«Мая сённяшняя прамова ў судзе была кароткая і адрасавалася суддзям. Я звярнуў увагу на тое, што на іх ляжыць адказнасць за будучыню краіны. Бо калі студэнты будуць вымушаныя з’язджаць вучыцца за мяжу, краіна застанецца без спецыялістаў», — расказаў прэс‑службе БАЖ пасля заканчэння судовага паседжання Юрый Алейнік.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0