Украіна даведзена да банкруцтва, дзяржаўныя інстытуты не здольныя нічога проціпаставіць расійскім дзеянням у Крыме. Тым часам у краіне з'явіўся яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, які курсіруе між Расіяй і сваёй вотчынай. Гэта Міхаіл Добкін, былы губернатар Харкаўскай вобласці, шырока вядомы ў сваім горадзе як «Допа». У 2007 годзе Добкін праславіўся далёка за межамі не толькі Харкаўшчыны, але і ўсёй Украіны сваёй галоўнай роляй у відэа з працэсам здымкі агітацыйнага роліка, дзе ён не мог прачытаць на памяць элементарны тэкст. Тады ён быў мэрам Харкава.

А вочы чэсныя-чэсныя: справа.

А вочы чэсныя-чэсныя: справа.

Цяпер Добкін хоча на павышэнне і хоча стаць прэзідэнтам як мінімум усходніх абласцей, прыхільнікам аддзялення якіх ён з’яўляецца.

Пра аднаго толькі кандыдата Добкіна гаварыць было б некарэктна. Добкін — прадстаўнік цэлай фінансавай, палітычнай і крымінальнай групоўкі ў Харкаве.

Сям’я Добкіных — адна з найбагацейшых у горадзе і вобласці, пры гэтым сам галоўны герой не адзначыўся ніякімі поспехамі ў бізнэсе і ў навуках: куды ні плюнь — адны банкруцтвы. Гэта зразумела: вучыцца яму не трэба было, улічваючы тое, што

дзяцінства Міхаіла Маркавіча праходзіла у простай звычайнай яўрэйскай сям’і, дзе бацька за савецкім часам працаваў дырэктарам агародніннай крамы.

У 80-я гады Марк Майсеевіч меў стасункі з кіраўніцтвам аптовых складоў, з якіх розныя імпартныя шмоткі і іншы дэфіцыт разыходзіліся па ўсёй Украіне. Такія знаёмствы дапамагалі сям’і Добкіных мець на сваім сціплым стале хлеб з маслам, а іншым разам і з чорнай ікрой. Малодшы брат Міхаіла Добкіна Дзмітрый больш адукаваны і паводзіць сябе больш культурна, бо выхоўваўся ў крыху іншых умовах.

Імаверна, калі Добкін-старэйшы займаўся ценявымі пастаўкамі імпартных тавараў, супрацоўнічаючы са складамі на Суздальскіх радах, ён і пазнаёміўся з Генадзем Кернесам, які цяпер займае пасаду мэра Харкава, а тады займаўся… назавём гэта «бізнэсам», окей. Кернес вядомы пад мянушкай «Гепа»

(а таксама Гепадрыл, Гемарой Адольфыч, Герпес Адольфыч; адпаведна, свой родны горад харкаўцы называюць Гепаградам),

гэта менавіта яго голас гучыць за кадрам у скандальным відэа, дзе Гепа і Допа здымаюць агітацыйны матэрыял: «Миша, у тебя лицо скучное, тебе денег никто не даст».

Гэтая асоба вартая асобнага аповеду.

Рост Кернеса — 168 см. У інтэрв’ю вядомаму тэлежурналісту Мустафу Наему ён пажартаваў, што з такім ростам яму апускацца далей ужо няма куды. Гепа — крымінальны дзялок, які займаўся ў васьмідзесятыя «ломкай чэкаў» і кідалавам пры пакупках аўтамабіляў, у пачатку дзевяностых стаў «барыжыць» ювелірнымі вырабамі.

У адрозненне ад Добкіна, у Кернеса сям’я была сапраўды простая яўрэйская, хутчэй за ўсё доступу да хлеба з ікрой Генадзь Адольфавіч у юнацтве не меў, таму і ўстаў на слізкі шлях Бені Крыка.

Спачатку праходзіў курс маладога байца як напёрстачнік каля крамы «Старт» («Я приехал из Америки на зеленом велике, велик сломался, я в Харькове остался» і г.д.). Там сфармавалася арганізаваная групоўка, у якую уваходзіў і Кернес. Яна перайшла да «ломкі чэкаў» — махлярства пры абмене чэкаў крамы «Бярозка» на савецкія рублі, потым стала «разводзіць лахоў» на куплі машын (за савецкімі часамі аўтамабіль «проста так» набыць было немагчыма, трэба было станавіцца ў чаргу, а банда прапаноўвала куплю без чаргі), у выніку чаго махляры заставаліся з грашыма (а машыны не было апрыёры) а лох — без нічога: і без тачкі, і без грошай. А калі пачынаў «узнікаць», дык у якасці кампенсацыі атрымліваў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Адна з такіх гісторый прывяла Кернеса ўпершыню ў кабінет следчага ў якасці падазраванага, але тут высветлілася, што ў яго быў адвод ад войска праз даведку з псіхдыспансера.

Да таго ж Гепа здаў кагосьці са сваіх падзельнікаў (такая схільнасць за ім назіраецца і цяпер, ад Януковіча ён адрокся вельмі хутка і сказаў, што той ужо гісторыя), а таксама

адседзеў 2 гады ў СІЗА і быў вызвалены ў зале суда.

Калі пачалася прыватызацыя, Кернес ужо меў дастатковы першапачатковы капітал. А каб пранікнуць у вышэйшы свет, ажаніўся з дачкой пракурора Кіеўскай вобласці Аксанай Гайсінскай, якую для парадку некалькі разоў моцна збіваў (нягледзячы на нізкі рост, Кернес не скардзіцца на здароўе і займаецца спортам). Метады высвятлення адносінаў у Гепы ад таго, што яго пачалі называць Генадзем Адольфавічам, не змяніліся. Напрыклад, адзін з аднапартыйцаў Кернеса і Добкіна, раней неаднаразова судзімы дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Мядзведзеў, за тое, што пралез у сферу чужых бізнэс-інтарэсаў, пазбавіўся вушэй, носа, а таксама часткі сядалішча. Шматлікія выпадкі рукапрыкладства ў дачыненні, напрыклад, да сведак у судзе — гэта дробязь, да якіх праваахоўныя органы Харкава прывыклі, яшчэ калі Кернес быў дэпутатам, і пры гэтым не рабілі ніякіх захадаў.

Фактычна, Гепа ў выпадку, калі рускія дазволяць выбары і выбарчую кампанію, будзе з імавернасцю каля 100% адыгрываць ролю нават не іміджмэйкера, а хутчэй рэгента пры Добкіну.

Сам Добкін з ягоным «текст немного по-дыбильному написан» і няўдалай спробай прамовіць слова «еўрапейскі» («европе…европи…сука!») на нейкія самастойныя палітычныя дзеянні не здольны.

Размеркаванне роляў паказвае, напрыклад, анекдатычны эпізод з ператрусам у Харкаўскай гарадской адміністрацыі у 2008 годзе. Добкін тады паказаў прыклад самаахвяравання, кінуўшыся пад машыну СБУ. Разам з ім кандыдатам на ролю «an hero» быў нардэп ад Партыі рэгіёнаў Святаш. Тады ўпраўленне СБУ па Харкаўскай вобласці завяло крымінальную справу па факце растраты бюджэтных сродкаў службовымі асобамі Харкаўскага гарсавета.

Здаецца, прычым тут Добкін, ён жа тады быў мэрам Харкава, а гэтая справа датычыла галоўным чынам Кернеса. Але Добкін абараняў Кернеса як леў: кідаўся разам са Святашам на машыну з дакументамі, якая ад’язджала ад Кернесава месца працы, пры гэтым атрымаў невялікія пашкоджанні рукі. Кернес між тым паводзіў сябе амаль культурна, угаворваў супрацоўнікаў СБУ, што ў яго ўсё нармальна і яны не маюць права ажыццяўляць выманне дакументаў. Хутчэй за ўсё ён потым патлумачыў Добкіну са Святашам, што кідацца з пагрозамі на машыну СБУ можа быць небяспечна — можна трапіць туды, дзе Кернес у маладосці ўжо пабываў, а сам Януковіч пабываў аж два разы (паводле ўсюдыіснага Луркамор’я — цэлыя тры). Таму Добкін і Святаш напісалі заявы на СБУшнікаў першымі: маўляў, аўтамабіль іх наўмысна збіваў, а яны ўхіліліся. Канфлікт у выніку замялі. Відэа чамусьці знікла з Youtube.

Апошняе «дасягненне» губернатара Добкіна і мэра Кернеса — пажар на заводзе «Хартрон», які праз трэціх асоб належыць Кернесу. 10 студзеня каля поўдня гарэла ювелірная фабрыка на 4-м паверсе (забудова, вядома ж, фабрычная, таму вышыня 4-га паверха — каля 15 метраў). У выніку пажару загінула 8 чалавек,

прычым двое — ужо тады, калі ратаўнікі здымалі ацалелых рабочых з кандыцыянераў пад вокнамі чацвёртага паверха. Адзін сканаў адразу, другі — у бальніцы праз гадзіну, трэці атрымаў цяжкія траўмы і дацяпер знаходзіцца ў бальніцы, чацвёртага ўжо выпісалі. Шасцёра згарэлі, іх хавалі ў закрытых трунах. Ужо ў канцы працоўнага дня жыхары горада панеслі да завода гваздзікі, заслаўшы імі тратуар пад вокнамі, з якіх супрацоўнікі фабрыкі вылазілі на кандыцыянеры.

Спявачка Руслана напісала ў сваім твітары, што наступны дзень на кіеўскім Еўрамайдане абвяшчаецца днём жалобы па ахвярах пажару.

Ужо ўвечары актывістам стала вядома, што Кернес ліквідаваў на заводзе пажарную частку, бо яе ўтрыманне каштавала шмат грошай. Гепа заўсёды быў ашчадны, так.

Да таго ж, у інтэрнэце было размешчанае відэа, дзе было бачна, што «хуткай дапамогі» не было, лесвіцы і брандспойты не даставалі да паверха, які гарэў, а ў пажарных не было не тое што кубоў жыцця, а нават брызенту, які можна было б расцягнуць пад вокнамі.

Дарэчы. Лірычнае, прабачце за цынізм, адступленне. У Добкіна падчас мэрскай выбарчай кампаніі быў лозунг «Нам тут жыць» — як у губернатара расійскага Прымор’я Сяргея Даркіна. Менавіта за Даркіным здарылася найбуйнейшая ў Прымор’і вытворчая катастрофа: пажар 16 студзеня 2006 года на 8-м паверсе прыморскага ўпраўлення «Сбербанка» ва Уладзівастоку, у выніку якога загінулі 9 супрацоўніц эканамічнага і крэдытнага аддзелаў, пераважна маладыя жанчыны. Большасць ахвяр атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём, у выніку падзення з вышыні, пакуль пажарныя здымалі кіраўніцтва філіяла з 9 паверха, дзе не было нават задымлення. Як і ў Харкаве, ва Уладзівастоку ў той момант кубоў жыцця не было (цяпер ужо ёсць). У Даркіна і мэра Уладзівастока Нікалаева сумлення аказалася болей, чым у Гепы з Допам: яны абвясцілі 3-дзённую жалобу і ўсё ж паклалі кветкі і каля ўваходу ў офісны будынак, і з адваротнага боку на асфальце, дзе разбіўся да смерці ў поўным складзе крэдытны аддзел. Вось яна, містыка: адкуль столькі супадзенняў, нават даты амаль супадаюць — 16 студзеня і 10 студзеня.

Тады ўдзельнікі мітынгу крычалі пад вокнамі адміністрацыі: «Даркін, скачы з 8 паверха, мы цябе зловім». З Кернесам усё было лягчэй: каб напісаць яму рэкамендацыі, дастаткова скарыстацца Інстаграмам, бо ў гэтай сацыяльнай сетцы ў яго ёсць акаўнт Gepard59.

Адзін з карыстальнікаў і напісаў яму. Не, забівацца «ап асфальт» не рэкамендаваў, проста спытаў, чаму ў львоўскіх пажарных ёсць кубы жыцця, а ў харкаўскіх няма. На што атрымаў адказ (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя): «ты сегодня ели пальцем в ж….у попал а думаешь про огонь тебе надо думать про воду где палец вымыть».

Іншы карыстальнік пракаментаваў фота Кернеса з сабакамі: «Фото в честь пожара на заводе», на што Кернес адказаў: «тебе рано про честь думать рули в зоо там узнаешь в честь чего». Далей, верагодна, мэру абрыдла наогул пальцамі на клавіятуру націскаць, і ён напісаў у адрас усіх крытыкаў: «для вас лаконично идите на х…».

Наогул Кернес нярэдка праяўляе сябе як арыгінальны суразмоўца, дэманструючы віртуознае валоданне інвектыўнай лексікай, а таксама спецыфічнае пачуццё гумару, якое выдае ў ім і гопніка, і пацыента вар’ятні. На паседжанні ён сказаў кіраўніку гарадской камунальнай службы: «Я тебя на ноль помножу, сучий пес».

«А у вас ёсць палюбоўнік?» — спытаў аднойчы Кернес у надта цікаўнай журналісткі на прэс-канферэнцыі.

У інтэрнэце шырока вядомы запіс, дзе пранкер Ваван тэлефануе Кернесу, атрымліваючы ў адказ дастаткова цікавую з гледзішча філалогіі лаянку, прычым Кернес у гэтай сітуацыі зусім не выглядае ахвярай пранку, дэманструючы больш разнастайны слоўнікавы запас, чым Ваван.

Напрыклад, на прэтэнзіі Вавана, што Кернес спаў з яго жонкай, той спачатку адказвае, што піў з ёй гарбату з аднаго імбрычка, але з розных кубкаў (насамрэч толькі размаўляў па тэлефоне, ролю «жонкі» выконвала нарэзка з розных фраз Ксеніі Сабчак). Але потым Кернеса гэтыя званкі, відавочна, дасталі, і ён пачаў лаяцца. Палітычных апанентаў ён, напрыклад, называе «манданутымі» (ад слова «Майдан»). Канчаткова Кернес «падсаджваецца на коней», калі Ваван спачатку прапануе палітычны прытулак для Януковіча, а потым пытаецца ў яго, дзе можна запісацца ў «цітушкі», каб працаваць за 200 грн у суткі: Кернес называе Вавана «Слушай, ты, титушка е…чая».

Добкін болей просты і даступны. Значная доля ягоных прамоваў пабудаваная на дастаткова прымітыўнай знявазе палітычных праціўнікаў, якіх ён называе, напрыклад, «прадстаўнікамі флоры і фауны».

Ірыну Фарыон з ВА «Свабода» ён назваў «дэбільнаю», саму «Свабоду» – нацыянал-рагульскім рухам (рагулямі на Заходняй Украіне называюць гопнікаў, часцей сельскага паходжання, бо за польскім часам цэнтр Львова агароджваўся рагаткамі, якія стаялі на асноўных дарогах, каля рагатак дзяжурыў «фэйс-кантроль», які не прапускаў кепска апранутых сялян і жыхароў прадмесцяў). Добкіну вельмі падабаецца назва ультраправай партыі ў Венгрыі: «Ёбік». Пра сваіх «цітушак» Допа казаў, што яны выглядаюць як анёлы, а парушальнікаў парадку спапяляюць позіркам.

У дзень калі Януковіч уцёк з Кіева, у Харкаве прайшоў «з'езд рэгіёнаў паўднёва-ўсходняй Украіны» пад георгіеўскімі стужкамі. У той жа дзень Добкін выехаў у Расію, а Кернес — у Швейцарыю. І што ж яны там рабілі? Лёгка здагадацца.

Ні Добкіна, ні Кернеса у Еўрасаюзе персонамі нон грата пакуль не абвясцілі. Але нават калі ЕС і замарозіць іх капіталы, крыніц фінансавання выбарчай кампаніі ім хопіць нават унутры Украіны. Нават паводле афіцыйнай дэкларацыі, напрыклад, у 2011 годзе Міхаіл Маркавіч зарабіў у 50 разоў больш, чым у 2010 годзе. А Кернес зарабляе яшчэ больш. Фірмы ёсць ва ўсіх членаў сям’і Добкіна. Бізнэс галоўным чынам вядзе яго бацька. Пра тое, што Марк Майсеевіч умее выкручвацца ў гэтым жыцці, сведчыць хаця б той факт, што некаторыя фірмы па гандлі нафтапрадуктамі ён зарэгістраваў у пакінутых сёлах чарнобыльскай зоны. Гэта не гульня «Сталкер», гэта рэальнасць.

У адрозненне ад Януковіча, Добкін мае досыць сціплы досвед кіравання дзяржаўнымі ўстановамі і нулявы досвед працы на вытворчасці. Калі Януковіч усё ж вывучыў болей ці меней украінскую мову, Добкін размаўляе па-ўкраінску вельмі кепска. Але не гэта змяншае яго шанцы. Яго ахілесава пята ў іншым. Хаця і замяшаны ў мутныя справы, Добкін не сядзеў, што апускае яго ў вачах тыповага электарату «Праффесара».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?