13-16 сакавіка ў нямецкім Ляйпцыгу пройдзе адна з самых вялікіх і важных для Еўропы кніжных выставаў. Ужо другі год запар на выставе будзе дзейнічаць беларускі стэнд.
«Мэта стэнда — разбіць закасцянелыя стэрэатыпы і аднавіць састарэлую інфармацыю адносна нашай краіны і яе культурных набыткаў, а таксама зацікавіць замежных выдаўцоў і кнігароў новымі імёнамі беларускай літаратуры», — адзначаюць арганізатары.
На стэндзе будзе прадстаўлены прафесійна зроблены англамоўны каталог Books from Belarus/»Кнігі з Беларусі». Кароткая інфармацыя пра апошнія творы Наталкі Бабінай, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Віктара Марціновіча, Евы Вежнавец і іншых. Каталог зроблены спецыяльна для іншаземных выдаўцоў і літаратурных агентаў, якія цікавяцца новымі літаратурамі.
У працы стэнда возьмуць удзел прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў, «Літаратурнага Дома «Логвінаў» і моладзевага інтэрнэт-часопіса 34mag.net. Прадстаўляць беларускую літаратуру будзе першы ў Беларусі літаратурны агент Дар’я Вашкевіч.
Расклад беларускіх выступаў у Ляйпцыгу:
13 сакавіка. Форум OstSudOst, Hall 4, E505
12:30 «Першая сусветная вайна на Ўсходзе». З удзелам гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага.
14:00 «Сучасная фатаграфія Беларусі». З удзелам фотамастакоў Андрэя Лянкевіча і Аляксандры Салдатавай.
14 сакавіка
8:00 «Першая сусветная: забытая літаратурай вайна». З удзелам перакладчыцы Веры Дзядок. Ut Connewitz, Wolfgang-Heinze-Strasse 12a.
11:30 «пARTызан. Як мастацтва дапамагае ствараць Беларусь». З удзелам Артура Клінава, а таксама нямецкага перакладчыка беларускай літаратуры Томаса Вайлера і аўстрыйскага беларусазнаўцы Марціна Полака. Форум OstSudOst, Hall 4, E505
13:00 «Правіца ўзняла галаву». З удзелам палітолага і эсэіста Яна Максымюка і ўкраінскага пісьменніка Юрыя Андруховіча. Форум OstSudOst, Hall 4, E505
14:00 «Літаратурны рынак: развіццё і перспектывы». З удзелам перакладчыцы і культурнай мэнэджэркі Ірыны Герасімовіч, а таксамы выдаўца беларускай літаратуры ў Нямеччыне Катарыны Раабэ.Форум OstSudOst, Hall 4, E505
15:00 «Беларусь у фокусе». З удзелам літаратарак Веры Бурлак і Марыі Мартысевіч,а таксама перакладчыка Томаса Вайлера. Форум OstSudOst, Hall 4, E505
15 сакавіка
14:00 «Рускамоўная літаратура ва Ўкраіне і Беларусі». З удзелам эсэіста Яна Максымюка і Веры Бурлак. Форум OstSudOst, Hall 4, E505
20:30 Паэтычныя чытанні «Сатурн. Чорныя малюнкі сям’і Гоі». З удзелам Веры Бурлак. Польскі Інстытут у Ляйпцыгу, Markt 10.