07.03.2014 / 16:01

Тузін спеваў ад дзядзькі Рыгора АЎДЫЁ 4

2 сакавіка 2014 году пайшоў у іншы сьвет вялікі паэт Рыгор Барадулін. На знак памяці і на даніну пашаны да гэтага сьветлага чалавека Tuzin.fm сабраў 12 самых яскравых песень, напісаных на яго словы.

«Песьня — раўнівая паненка. За ўзаемнасьць патрабуе душу. Песьня — асоба самадастатковая і непаўторная ў сваім выяўленьні!» Так лічыў Рыгор Барадулін. Паэт пакінуў па-за сабой ня толькі каля сотні кнігаў, але і мноства песень. Яго вершы паклалі на музыку барды і рокеры, эстраднікі і вядучыя акадэмічныя кампазытары. Абраны тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора вашай увазе.

1. «Трэба дома бываць часьцей» (Р. Барадулін — І. Лучанок, выконваюць Данчык і Л. Барткевіч)

Гэты радок Рыгора Барадуліна даўно стаў крылатым. Ён знаёмы, бадай, кожнаму беларусу. Сваю ролю сыграла і музыка Ігара Лучанка. Песьня сталася сапраўдным шлягерам, а ў вэрсіі Данчыка і Барткевіча ледзь не нацыянальным гімнам. Запіс адбыўся ў 1989 годзе ў Нью-Ёрку.

2. «Зорка босая» (Р. Барадулін — А. Камоцкі, выконвае А. Камоцкі)

Зь імем Барадуліна зьвязаная практычна ўся дыскаграфія Алеся Камоцкага. Асобныя альбомы ўвогуле цалкам пакладзеныя на словы дзядзькі Рыгора — «Зорка спагады», «Баляжы», «Вяровіца». У некаторых альбомах Камоцкага паэт дэклямуе ўласныя вершы — «Віно дажджоў», «Псальмы». Між спадарамі Рыгорам і Алесем быў моцны ня толькі творчы, але і сяброўскі зьвяз. Яны нават супольна выдавалі кнігі. А сярод песень адным з найлепшых узораў супрацы стала «Зорка босая». Новая вэрсія песьні ўпрыгожыла кружэлку Алеся Камоцкага «9» (2009). «У спадара Алеся шмат якасьцяў. Назаву толькі дзьве: шчырасьць і сьціпласьць. Гэта па-крывіцку», — такую ацэнку свайму сьпеваку і сябру даў Барадулін.

3. «А ў цёмным лесе» (народная, выконвае Рыгор Барадулін)

Менавіта з падачы Алеся Камоцкага быў запісаны адзіны сольны (!) дыск Рыгора Барадуліна «Гойкнуў баравік» (2000). Кружэлка зьмяшчае ажно 56 трэкаў і лічыцца вялікім рарытэтам. Зрэшты, да шырокага распаўсюду яна і не прызначалася. Дзядзька Рыгор a capella выконвае песьні ды прыпеўкі з роднае Вушаччыны. У альбоме дэманструюцца рэдкія ўзоры народнае эратычнае паэзіі.

4. «Пані трошкі ў гадах» (Р. Барадулін — Зьм. Вайцюшкевіч, выконвае Зьм. Вайцюшкевіч)

Як аўтар усіх тэкстаў і чытальнік, Рыгор Барадулін быў задзейнічаны ў запісе альбома Зьмітра Вайцюшкевіча «Паравоз каханьня» (2004). Паэт прапанаваў кароткія вершаваныя ўступы да кожнае песьні. Прыкладна палова альбома таксама мае сэксуальны падтэкст (першы варыянт назову — «Каханьне да заіканьня»). Аднак асноўным гітом кружэлкі стала менавіта «Пані трошкі ў гадах». Некаторыя крытыкі потым іранічна зазначалі, што песьня ўзростава адпавядае асноўнай аўдыторыі Зьмітра. Дарэчы, менавіта Барадулін даў імёны яшчэ двум альбомам Вайцюшкевіча — «Паравіны году» (замест нарматыўнага «поры году») і «Тое, што трэба». А яшчэ пара сьпеваў на словы народнага паэта трапіла на кружэлку «Калыханкі» (2007).

5. «Зоркі» (Р. Барадулін – Зьм. Вайцюшкевіч, выконваюць Czeremszyna & Todar)

Яшчэ адным пасьпяховым плёнам Барадуліна з Вайцюшкевічам стала песьня «Зоркі». Яна нечакана набыла вялікую вядомасьць на Падляшшы. Да таго спрычыніўся мясцовы фольк-гурт Czeremszyna. У выйшаў сумесны альбом «Чэрэмшыны» са Зьмітром «Тодарам» Вайцюшкевічам. Песьня «Зоркі» выдатна ўпісалася ў лэмкоўскі і палескі фальклёр. «Для мяне працаваць са Зьмітром было вялікім гонарам. Мне здаецца, то цяпер менавіта ён зьяўляецца ўвасабленьнем сучаснае беларускае музыкі», — казаў Рыгор Іванавіч.

6. «Белая яблыня грому» (Р. Барадулін — Л. Вольскі, выконвае Л. Вольскі)

Верш Рыгора Барадуліна 1977 году даў імя, пэўна, найлепшаму сольнаму альбому Лявона Вольскага разам з галоўным гітом кружэлкі. Паэт паслухаў той дыск адным зь першых, яшчэ да прэзэнтацыі. Лявон Вольскі ўзгадвае: «Дзіўна, што гэтая песьня — гіт, бо яна атрымалася недзе паміж вальсам і блюзам. Давялося дэфармаваць вершаваны памер. Але Рыгор Іванавіч застаўся вельмі задаволены». На думку Лявона, у вершы закадаваныя этапы чалавечага жыцьця. У гітарным сола можна пазнаць «Белавескую пушчу» «Песьняроў».

Працяг чытайце на сайце «Тузін гітоў».

0
Юрась Беларус / Адказаць
07.03.2014 / 16:51
Вельмі спадабалася. Асабліва наступныя словы з песні "Пісьмо беларускіх партызан": Мы з беларускіх лясоў партызаны, Пішам табе,смердзюку-байструку: Нават сабакамі не аблізаны Будзеш баўтацца на першым суку.
0
Юрась Беларус / Адказаць
07.03.2014 / 16:57
А куды знікла "Пісьмо беларускіх партызан"?
0
чытач / Адказаць
07.03.2014 / 23:56
«Пані трошкі ў гадах» (Р. Барадулін — Зьм. Вайцюшкевіч, выконвае Зьм. Вайцюшкевіч)-цудоунае спалучэньне музыкi з тэкстам! Дзякуй за публiкацыю.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру