Украінскі медыя-аналітык Алег Хамянок мінулы тыдзень правёў у Міжгор’і, дзе вывучаў фінансавыя справаздачы, якія экс-прэзідэнт Януковіч пакінуў у рэзідэнцыі.
— Увесь свет ускалыхнулі кадры з рэзідэнцыі Януковіча ў Міжгор’і, у тым ліку фота дакументаў, якія экс-прэзідэнт і ягоныя паплечнікі ў спешцы пакінулі. Чаму яны наўпрост не знішчылі гэтыя дакументы?
— Відавочна, спяшаліся пакінуць Міжгор’е.
Хутка знішчыць дакументы не так проста. Частку яны сапраўды спалілі, частку – знішчылі ў шрэдары, астатняе паспрабавалі ўтапіць у Кіеўскім вадасховішчы.
Карэспандэнты, абыходзячы тэрыторыю рэзідэнцыі, убачылі, што ў вадаёме плаваюць дакументы. Спачатку выцягнулі тое, што было на паверхні.
Пасля прыцягнулі дайвераў, якія апусціліся на дно і знайшлі не толькі дакументы, але і 25 скрыняў з кулямі – ад куляў ад кулямёта Калашнікава да куляў для падводнай стральбы.
Агулам з вады дасталі каля 160 тэчак з дакументамі, у кожнай было ад 100 да 500 старонак.
Паперы адразу перанеслі ў ангар, дзе журналісты пачалі іх сушыць, фатаграфаваць, а пасля і сканаваць. Дакументы са знішчальніка паперы таксама будуць справабаць узнавіць пры дапамозе адмысловых камп'ютарных праграм.
— Што цікавага журналісты знайшлі ў гэтых дакументах?
— Аналітычных ці палітычных нататкаў там няма, гэта фінансавыя справаздачы некалькіх кампаній, якія фінансавалі будаўніцтва рэзідэнцыі, займаліся зборам сродкаў для яе абслугоўвання. Дакументы ахопліваюць перыяд з 2006 па 2014 год і паказваюць, колькі каштавала будаўніцтва або аказанне іншых паслуг.
На многіх паперах мы пабачылі форму разліку «два» – гэта значыць наяўнымі. Сумы, якія фігуруюць у дакументах, часта перавышаюць мільён долараў.
— У інтэрнэце фігураваў здымак распіскі пра хабар на суму $14 мільёнаў наяўнымі. Такія лічбы здзівілі ўкраінскіх журналістаў ці гэтыя паказальнікі былі чаканымі?
— Многія нашыя калегі займаліся расследаваннямі, таму мы меркавалі, што абароты карупцыі вар’яцкія. Але знойдзеныя дакументы дапамагаюць дакладна ўстанавіць факты. Напрыклад,
кампанія МТС на працягу месяца перадала $300 тысяч наяўнымі ў кампанію «Танталіт», якая абслугоўвае Міжгор’е.
Таксама мы знайшлі расходна-касавыя ордэры на атрыманне заробку. Кіраўнік кампаніі «Дэліт», якая займалася аховай унутранага перыметру рэзідэнцыі, за адзін месяц атрымаў заробак больш за $300 тысяч.
— Праваахоўчыя органы праявілі цікавасць да гэтых дакументаў?
— Следчыя генпракуратуры прыехалі ў Міжгор’е, калі мы ўжо адсканавалі большасць папер, з пастановай суда аб выманні дакументаў і электронных носьбітаў па крымінальнай справе -арганізацыя наўмысных забойстваў падчас масавых акцый пратэсту, дзе падазраванымі выступаюць экс-прэзідэнт Януковіч і былы міністр унутраных спраў Захарчанка. Крымінальную справу па карупцыі і фінансавых махінацыях пакуль не заводзілі. Для гэтага следчым трэба дэталёва вывучыць пісьмовыя доказы.
— Распавядзіце, як з’явіўся сайт YanukovychLeaks?
— Пасля таго, як былі скончаныя «палявыя» работы, трэба было сістэматызаваць і апублікаваць матэрыялы.
Так з’явіўся нацыянальны праект YanukovychLeaks, на якім зараз размешчана 6 225 дакументаў. Доступ свабодны. Мы плануем дадаць на сайт пошукавую базу дадзеных з апісаннем кожнага дакументу – з указаннем сумаў хабараў, асобаў, датычных да гэтага.
Журналісты ўжо пачалі працаваць над расследаваннямі.
* * *
Даведка
Алег Хаменок — нарадзіўся ў Бярдзянску. Скончыў гістарычны факультэт Сімферопальскага дзяржаўнага універсітэта (1987-1992), аспірантуру кафедры гісторыі Украіны (1993-1997). Сертыфікаваны медыя-кансультант і трэнер па журналістыцы, старшыня праўлення ГА «Інстытут развіцця рэгіянальнай прэсы», дарадца па пытаннях СМІ Internews Network (Кіеў). У 2012 годзе яму быў забаронены ўезд у Беларусь.