Злодзеі вярнуліся з адпачынку, на якім патрацiлi свае злачынныя капiталы i зараз iмкнуцца папоўнiць грашовыя запасы. У Менску колькасьць крадзяжоў узьляцела ўдвая.

Восень. Беларускiя кватэрныя злодзеi («дамушнiкi») вярнулiся з цёплых краёў i з падвоенай актыўнасцю ўзялiся рабаваць чужое жыллё. Напрыклад, калi ў Мiнску звычайна штодзень фiксавалася ў сярэднiм 9 злачынстваў такога кшталту, то зараз гэты паказчык павялiчыўся больш чым у 2 разы.

Як патлумачыў намеснiк начальнiка мiлiцыi грамадскай бяспекi i спецыяльнай мiлiцыi ГУУС Мiнгарвыканкама Раман Мельнiк, восеньскi пiк актыўнасцi «дамушнiкаў» мае сваю заканамернасць: злодзеi падчас адпачынку патрацiлi свае злачынныя капiталы i зараз iмкнуцца папоўнiць грашовыя запасы. Найчасцей ад «набегаў» кватэрных злодзеяў пакутуюць жыхары «спальных» мiкрараёнаў i новабудоўляў, дзе рэгiструецца кожнае трэцяе такое злачынства.

Свае лiхiя справы зламыснiкi звычайна робяць у працоўныя днi, у перыяд з 8 да 16 гадзiн. Раскрывальнасць гэтых злачынстваў складае ўсяго каля 40 адсоткаў. Таму нашы суграмадзяне самi спрабуюць засцерагчыся ад няпрошаных гасцей.

Адны пераўтвараюць свой дом у крэпасць з дапамогай сталёвых дзвярэй, кратаў, хiтрых замкоў, iншыя здаюць жыллё пад мiлiцэйскую ахову, некаторыя аддаюць перавагу чатырохногiм вартаўнiкам — сабакам байцовых пародаў, а хтосьцi ставiць самаробныя пасткi. Словам, беларускi абывацель абараняе сваё жыллё ў меру сваiх фiнансавых магчымасцяў, вынаходнiцкiх здольнасцяў i …крымiнальных схiльнасцяў. Так, некаторыя гаспадары лецiшчаў, ратуючыся ад бамжоў, падмешваюць у гарэлку цi iншыя спiртныя напоi атруту, ставяць самастрэлы i небяспечныя пасткi, канструкцыi якiх пазайздросцiў бы i сам Калашнiкаў.

А вось для захоўвання грошай i каштоўных рэчаў фантазii ў нашых суграмадзян зусiм не хапае. Беларускiя абывацелi, як правiла, выбiраюць для «тайнiкоў» адны i тыя ж месцы ў сваiх хатах i кватэрах. I злодзеi iх добра ведаюць. Таму грошы i каштоўнасцi нярэдка становяцца лёгкай здабычай лiхадзеяў.

«Рэйтынг» самых папулярных месцаў захоўвання грошай у гарадскiх кватэрах выглядае наступным чынам. Найчасцей беларусы хаваюць свае капiталы ў скрыначках шафаў, пiсьмовых сталоў, у куфэрачках, а таксама ў адзеннi цi пад стосам бялiзны.

Крыху менш папулярныя «тайнiкi» — кнiгi. Многiя беларусы мяркуюць чамусьцi, што злодзеi — спрэс невукi i хатняя бiблiятэка iх не зацiкавiць. Наадварот, менавiта, з ператрусу тоўстых тамоў i агляду гаспадарскага гардэробу звычайна пачынаюць пошук грошай няпрошаныя госцi.

Потым у поле зроку лiхадзеяў трапляюць дываны, насценыя люстэркi, карцiны. Не грэбуюць зламыснiкi i пошукам зберажэнняў у сметнiцах (вось ужо сапраўды грошы не патыхаюць), у бачку унiтаза, у банках для круп, у лядоўнях (некаторыя беларусы ў прамым сэнсе замарожваюць свае капiталы разам з мясам цi iншымi харчамi), электрычных i газавых плiтах.

I ўжо зусiм незразумела, на што спадзяюцца гаспадары кватэр, якiя хаваюць грошы цi ювелiрныя вырабы ў бытавой тэхнiцы, аўдыё‑вiдэапаратуры. Бо гэтыя каштоўныя рэчы злачынцы ўсё роўна вынесуць, каб потым перапрадаць.

Крыху iншы менталiтэт ў вясковых жыхароў. Паколькi пераважную большасць сельскага насельнiцтва складаюць людзi сталага веку, то i фантазiя ў iх адпаведная.

У прыватнасцi, вяскоўцы лiчаць цi не самым надзейным месцам захоўвання грошай пасцельныя матрацы. Менавiта туды i зашываюць пенсiю дзядулі i бабулькi.

Многiя вясковыя пенсiянеры больш давяраюць слоiкам. Схаваўшы грошы ў гэтыя шкляныя ёмiстасцi, яны потым, як правiла, закопваюць свой скарб у бульбяным склепе цi хаваюць у хлявах i гаражах.

Праўда, недарэмна кажуць, што ў вёсцы ўсё i ўсе навiдавоку. Напрыклад, адзiн дзядуля з вёскi Семяновiчы Уздзенскага раёна схаваў у гаражы 10 мiльёнаў рублёў. Злодзей ноччу праламаў дах, залез у будынак i выкраў зберажэннi пенсiянера.

Падобнае злачынства адбылося i ў вёсцы Астрошыцы Лагойскага раёна. Там нейкi зламыснiк патаемна прабраўся ў хату 83‑гадовай бабулi i вынес 3,8 мiльёна рублёў, якiя былi схаваны пад матрацам.

Дарэчы, сёлета самай буйной здабычай злодзеяў у сталіцы, па звестках ГУУС, былі грашовыя зберажэнні ў памеры 35 тысяч долараў.

Жорж Міласлаўскі, «Салiдарнасць»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0