Беларусь прапануе РФ размясціць у сябе дадаткова да 15 самалётаў у сувязі актыўнасцю НАТА каля беларускай мяжы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у сераду ў Мінску на пасяджэнні Рады бяспекі па папярэдніх выніках першага этапа праверкі боегатоўнасці Узброеных сілаў краіны.

«Калі з Італіі перакінутыя [у краіны Балтыі і Польшчу] паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба звязацца з начальнікам Генштаба Расіі і прапанаваць ім тое ўзмацненне, якое яны абавязаны даць нам. Зараз, няхай сабе, не больш за 12—15 самалётаў, перагнаць іх на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патрулявання і яшчэ запасныя маршруты. Няхай працуюць, патрулююць», — заявіў А.Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што Захад спрабуе напалохаць Беларусь магчымымі наступствамі ў выпадку падтрымкі Расіі. Ён прывёў цытаты з публікацый заходніх СМІ, дзе гаворыцца пра тое, шот адной з наступных ахвяраў расійскай экспансіі можа стаць наша краіна.

«Ведаеце, вельмі танна, — мяркуе Лукашэнка. — Калі нас хочуць напалохаць, то гэта вельмі танна. Нас палохаць не трэба.

Яшчэ раз падкрэсліваю: мы будзем дзейнічаць выключна ў адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай, якая ў нас існуе паміж Расіяй і Беларуссю. Я ўжо некалькі разоў гэта ў адкрытую казаў: мы з расейцамі адзін народ, роўна як і ўкраінцы, мы з аднаго дрэва, мы — славяне, і мы заўсёды будзем разам», — паўтарыў ён.

У той жа час Лукашэнка ўстрымаўся ад адкрытай падтрымкі захопу Расіяй Крыма:

«Але мы не збіраемся тут мітусіцца, мы не збіраемся быць ініцыятарамі эскалацыі нейкіх працэсаў у сувязі з украінскімі падзеямі і супрацьстаяннем Захаду, ЗША з аднаго боку і Расіі з другога», — адзначыў ён.

«Мы будзем дакладна ахоўваць інтарэсы нашай дзяржавы і нашых сяброў і суседзяў, саюзнікаў. Таму палохаць нас у гэтых адносінах не варта», — рэзюмаваў ён.

«Некаторыя (я глядзеў апошні час і сёння раніцай агляд сродкаў масавай інфармацыі) пачынаюць паддзяваць нас, што, маўляў, Лукашэнка не саступае ціску Крамля, пакуль трымаецца», — адзначыў ён.

«На мяне ніхто не цісне, ніякія Крэмль і іншыя на мяне ніколі не ціснулі, таму што гэта, па-першае, бесперспектыўна або, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць», — акцэнтаваў ён.

Беларусь не спыняла супрацы з уладамі ў Кіеве і, у адрозненне ад Масквы, не называла новы ўрад Украіны нелегітымным.

«Ва Украіне ёсць палітыкі, якія ўзяліся вырашаць праблемы ўкраінскага народа, — сказаў Лукашэнка. — Мы ні ў якім выпадку ім не перашкаджаем. Больш за тое, мы не перарывалі ніякія сувязі з Украінай, перш за ўсё эканамічныя. Мы заўсёды ішлі насустрач пажаданням ўкраінскага бізнэсу і да гэтага часу гэта робім, — заявіў Лукашэнка і намякнуў на адказнасць Мясніковіча за выбраныя эканамічныя захады. — І прэм'ер-міністру даўно даручана кантраляваць гэты працэс. Ён ведае, што рабіць, і ні адзін бізнэсовец, ні адзін прадпрымальнік, ні адзін кіраўнік, які займаецца замежнай эканомікай, не скажа, што Беларусь займала нейкую непрыстойную пазіцыю ў дачыненні да Украіны».

Новым кіраўнікам Украіны Лукашэнка параіў «ў сухой рэшце — трэба проста працаваць, трэба менш бегаць па замежжах, а займацца ўласнай краінай і дабрабытам уласнага народа».

«Мы пастаўлялі і пастаўляем туды энергарэсурсы — столькі, колькі трэба для Украіны, прадукты, іншыя рэчы. Словам, мы адкрытыя для таго, каб падтрымліваць ўкраінскі народ у гэтую цяжкую хвіліну, у тым ліку па гуманітарнай складнікам», — падкрэсліў Лукашэнка.

Такім чынам, Беларусь разлічвае і надалей падтрымліваць Кіеў у пытанні Крыма, але пры гэтым разлічвае на расійскі абарончы парасон у адносінах з Захадам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Алёна / Адказаць
12.03.2014 / 15:22
С одной стороны с Украиной не поссориться, с другой - россии лизнуть.
0
belariy / Адказаць
12.03.2014 / 15:25
"На мяне ніхто не цісне, ніякія Крэмль і іншыя..." ага ))))
0
народны абраннік / Адказаць
12.03.2014 / 15:33
фуууууу
Паказаць усе каментары/ 64 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру