Аляксандр Лукашэнка запрошаны на Маскоўскі эканамічны форум, які пройдзе ў расійскай сталіцы 26—27 сакавіка.

Як паведаміла прэс-служба форуму, кіраўніка беларускай дзяржавы просяць падзяліцца на форуме вопытам падтрымкі айчыннага вытворцы і іншымі нюансамі эканамічнай палітыкі Беларусі, накіраванай на развіццё рэальнага сектара эканомікі.

«Расійскі рынак поўны прадукцыі з Беларусі. Прычым «зроблена ў РБ» азначае, што гэта якасны тавар. Прадукты харчавання, у прыватнасці малочная прадукцыя, карыстаюцца выключным попытам у расіян. Поспех беларусаў не выпадковы факт, а вынік эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца прэзідэнтам краіны», — адзначаецца ў паведамленні арганізатараў. 

Афіцыйнае запрашэнне Лукашэнку 13 сакавіка было дастаўлена ў пасольства Беларусі ў Маскве, супрацоўнікі якога паабяцалі перадаць ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, паведамілі ў прэс-службе. 

Маскоўскі эканамічны форум (МЭФ) пройдзе другі раз у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава. Ключавой тэмай мерапрыемства сёлета стане «Несыравінная будучыня Расіі». 

Чакаецца ўдзел у мерапрыемстве старшыні ўрада Расіі ў 1998—1999 гадах, акадэміка РАН, старшыні праўлення «Меркурый-клуба» Яўгена Прымакова, прэзідэнта прамысловага саюза «Новая Садружнасць», сустаршыні МЭФ Канстанціна Бабкіна, дырэктара Інстытута эканомікі РАН, сустаршыні МЭФ Руслана Грынберга, першага намесніка старшыні камітэта Дзярждумы па бюджэце і падатках Аксаны Дзмітрыевай, губернатара Белгарадскай вобласці Яўгена Саўчанкі, намесніка міністра эканамічнага развіцця РФ Андрэя Клепача, прэзідэнта ААТ «Расійскія чыгункі» Уладзіміра Якуніна, федэральнага канцлера Аўстрыі ў 2007—2008 гадах Альфрэда Гузэнбаўэра, прафесара Козмінскага ўніверсітэта, міністра фінансаў Польшчы ў 1994—1997 і 2002—2003 гадах Гжэгажа Калодкі, дырэктара Маскоўскай школы эканомікі МДУ, члена савета дырэктараў «Раснафты» Аляксандра Некіпелава і іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?