Учора ўвечары расійскія штурмавікі напалі на ўдзельнікаў мітынгу за адзінства Украіны ў цэнтры Данецка. З крыкамі «Расія» яны білі ўкраінцаў. Адзін чалавек загінуў ад нажавога ранення, 50 чалавек было паранена. Разгромлены аўтобус міліцыі, дзе спрабавалі схавацца ўкраінцы.

Данецкая міліцыя паводзіла сябе пасіўна, баялася выступіць супраць штурмавікоў. Гэтыя падзеі зафіксаваныя на відэа.

Міністэрства ж замежных спраў Расіі перакруціла падзеі так, нібы гэта не з крыкамі «Расія» нападалі, а наадварот. І з нагоды падзей у Данецку пагражае ўмяшацца, каб «абараняць людзей ад гвалту». Вось заява расійскага МЗС даслоўна.

«13 сакавіка 2014 года ў Данецку адбыліся трагічныя падзеі, пралілася кроў. На мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі на вуліцы горада, каб выказаць сваё стаўленне да дэструктыўнай пазіцыі людзей, якія называюць сябе украінскай уладай, напалі праварадыкальныя групоўкі, узброеныя траўматычным зброяй і бітамі, якія напярэдадні пачалі з'язджацца ў горад з іншых рэгіёнаў краіны. У выніку сутыкненняў маецца вялікая колькасць параненых, адзін чалавек загінуў», — гаворыцца ў заяве.

Расійскае Міністэрства замежных спраў заклікала тых, хто прыйшоў да ўлады ў Кіеве, лідараў майдану, раззброіць баевікоў і забяспечыць бяспеку насельніцтва. У адваротным выпадку Расія будзе абараняць людзей ад гвалту.

«Мы неаднаразова заяўлялі, што ўлады ў Кіеве павінны раззброіць баевікоў, забяспечыць бяспеку насельніцтва і законнае права людзей на правядзенне мітынгаў. На жаль, як паказваюць падзеі ва Украіне, гэтага не адбываецца, кіеўскія ўлады не кантралююць сітуацыю ў краіне. Расія ўсведамляе сваю адказнасць за жыцці суайчыннікаў і суграмадзян ва Украіне і пакідае за сабой права ўзяць людзей пад абарону», — падкрэсліваецца ў заяве МЗС РФ.

Украінцаў-удзельнікаў мітынгу ў Данецку было прыкладна столькі ж, як расійскіх штурмавікоў. Але ўкраінцы былі пераважна студэнты пенсіянеры, тады як штурмавікі былі прафесійна падрыхтаваныя. Яны дзейнічалі пад расійскім сцягам.

Падзеі ва Украіне і расійская дэзінфармацыя ўсё больш нагадваюць становішча вакол Судэтаў, Аўстрыі і Польшчы ў 1938-1939 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?