Мечыслаў Грыб, пад старшынствам якога Вярхоўны савет 15 сакавіка 1994 года прыняў Канстытуцыю Беларусі, не можа адказаць, якія папраўкі ў асноўны закон хоча ўнесці Аляксандр Лукашэнка. 

«Я не ведаю, што яшчэ трэба гэтаму чалавеку. Ён сам называў сябе аўтарам паправак у Канстытуцыю. Не разумею, што яшчэ яму трэба ад яе», — заявіў Грыб, выступаючы 15 сакавіка на пасяджэнні сойма Партыі БНФ. 

Аб тым, што ў будучыні магчыма прыняцце новай Канстытуцыі, Лукашэнка заявіў 14 сакавіка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда. 

На думку старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, заява аб магчымасці ўнясення змяненняў у Канстытуцыю магла быць выкліканая спробай даведацца,

як «адрэагуе дзяржаўны апарат на магчымасці здачы суверэнітэту» на карысць Расіі. 

Грыб паведаміў, што Канстытуцыя ў 1994 годзе прымалася «дастаткова дэмакратычным шляхам, без умяшання партыйнага кіраўніцтва». Праект дакумента накіроўваўся ў Венецыянскую камісію, іншыя арганізацыі, з якіх «у асноўным паступалі станоўчыя ацэнкі». 

Паводле слоў былога старшыні Вярхоўнага савета, спрэчным пры абмеркаванні праекта Канстытуцыі было моўнае пытанне, але ў выніку «ўпершыню быў устаноўлены статус беларускай мовы як дзяржаўнай».

Грыб таксама адзначыў, што на 1994 год Канстытуцыя была «добрым асноўным законам». Калі ж, адзначыў ён, будзе вырашана вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года, у яе прыйдзецца ўнесці змяненні, у прыватнасці, якія тычацца мясцовага самакіравання і прэзідэнцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?