Захар Шыбека

Сёньня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Захара Шыбекі «Минскъ сто гадоў таму».

Фармат прэзэнтацыі аўтар вызначае не традыцыйна і тым больш ня суха акадэмічна, хоць і напісаная кніга навукоўцам з доктарскаю ступеньню:

На вокладку кнігі вынесены менскі гарадзкі краявід канца ХІХ‑пачатку ХХ стагодзьдзяў з чароўнай жаночай постацьцю ў цэнтры. Менавіта такі, неразбураны войнамі і бальшавіцкаю ўладай Менск, прапануе сваім чытачам і ўдзельнікам прэзэнтацыі Захар Шыбека. Менавіта там была спыненаная сто гадоў таму беларуская надзея, да якое аўтар заклікае пракласьці масток:

«Гэта будзе сустрэча з кніжкай, якая ўяўляе сабой масток у незвычайны пэрыяд гісторыі Менску, калі назіраўся эканамічны ўздым, назіраўся рост дабрабыту, тэхнічны прагрэс і людзі былі напоўненыя аптымізмам».

Пазнаёміўшыся з тымі аптымістычнымі людзьмі і іхнымі марамі, — кажа Захар Шыбека, — іхныя сёньняшнія нашчадкі, магчыма, зразумеюць, што сучасная беларуская сталіца нагадвае красуню, якая страціла свае ўнікальныя спадчынныя каштоўнасьці, і захочуць адшукаць ці аднавіць іх. Захочуць жыць не на вуліцах імя зьнішчальнікаў гэтых радзінных скарбаў, а на тых, якія мелі свае даўнейшыя назвы — Падгорная, Францішканская, Дамініканская…

На прэзэнтацыю аўтар запрашае сяброў, якія таксама любяць Менск і зычаць яму вяртаньня страчаных гарадзкіх краявідаў, заможнасьці месьцічаў, аптымізму і веры іх у прыўкрасную будучыню роднага гораду:

«Гэта будзе сустрэча з маімі сябрамі, якія выступяць, — доктар навук Адам Мальдзіс, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бард Зьміцер Бартосік і такі незвычайны чалавек, як спадар Наліваеў, які прасьпявае песьні менскіх габрэяў, якія былі вельмі папулярныя сто гадоў таму».

Пачатак прэзэнтацыі кнігі Захара Шыбекі ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры сёньня а 16‑й гадзіне.
Адрас: вул. Маркса (Падгорная), 12

Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0