фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Жанчын-­чыноўніц, якія ў Беларусі забраліся высока па кар’ернай лесвіцы, можна пералічыць па пальцах адной рукі. У найвышэйшым эшалоне ўлады — памочніца кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч (сышла з пасады), старшыня Нацбанка Надзея Ермакова, міністр працы Марыяна Шчоткіна і намесніца кіраўніка справамі прэзідэнта Надзея Каткавец. Вядома ж, у іх шэрагу і нязменная старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

14 лістапада 1996 года прэзідэнцкім указам быў адхілены ад пасады старшыня ЦВК Віктар Ганчар, хоць ягонае прызначэнне і адстаўка ўваходзіла ў кампетэнцыю Вярхоўнага Савета. Ганчар, былы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, напярэдадні заявіў, што не падпіша выніковы пратакол рэферэндуму, правядзенне якога многія юрысты палічылі незаконным.

Тым жа ўказам выканаўцай абавязкаў старшыні ЦВК была прызначаная прадстаўніца Магілёўшчыны Лідзія Ярмошына. Перад бабруйскай юрысткай не стаяла дылема, падпісваць ці не падпісваць пратакол.

«Увечары вярнулася ў Бабруйск за зубной шчоткай, а на наступны дзень з’ехала ў Мінск кіраваць выбарамі», — расказвала яна ў інтэрв’ю.

Ярмошына выканала пастаўленую задачу. На рэферэндуме ўсе прапановы Лукашэнкі былі падтрыманыя, ягоныя паўнамоцтвы сталі неабмежаванымі. Чарговым указам ад 6 снежня 1996 года Ярмошына заступіла на пасаду, з якой не сыходзіць ужо васямнаццаты год. Спачатку ў Мінску яна пачувалася няўпэўнена. «Сама сябе называю наменклатурнай папялушкай», — прызнавалася яна. Але з цягам часу адчула сябе сярод чыноўнікаў сваёй.

Старшыня ЦВК выходзіць на авансцэну кожныя пяць гадоў, калі абвяшчае пра чарговую «элегантную перамогу» Аляксандра Лукашэнкі.

У астатні час, за выняткам малацікавых для грамадства парламенцкіх і мясцовых выбарчых кампаній, Ярмошына працуе ў ненапружаным рэжыме.

Знаходзіцца час і для гутарак «за жыццё», пераважна з журналісткамі дзяржаўнай прэсы. Лейтматыў большасці гэтых інтэрв’ю — жаночая доля.

А вось пра сваё дзяцінства Ярмошына расказвае рэдка. Карэспандэнты «Нашай Нівы» вырашылі кампенсаваць недахоп інфармацыі.

Вайсковыя будні Гаркавенкаў 

Знайсці карані Ярмошынай складана. Афіцыйныя звесткі сведчаць, што старшыня ЦВК нарадзілася ў 1953 годзе ў Слуцку ў сям’і вайскоўца. Гэты факт пакінуў адбітак на ўсёй яе біяграфіі. «У мяне з дзяцінства алергія на вайскоўцаў. Мой бацька — палкоўнік! І я ведаю, які лёс тых, хто жыве ў такой сям’і. Вельмі цяжкі лёс. Бацька прайшоў вайну, камандаваў батарэяй, быў сапраўдным страявым афіцэрам. Паверце, існаваць у сям’і з такімі суровымі людзьмі вельмі цяжка», — прызнавалася яна. Служба кідала палкоўніка з горада ў горад. Родныя рушылі ўслед за ім.

Сям’я — гэта бацька Міхаіл з жонкай Лізаветай і дзвюма дочкамі. Старэйшая Ліда з’явілася на свет, калі маме было ўжо 35 год.

Ні ў адным інтэрв’ю Ярмошына не згадвае сваё дзявочае прозвішча. Толькі на выпускным здымку мы раптам прачыталі подпіс пад фота: «Гаркавенка Л.»

Адметны момант: бацька Ярмошынай быў украінцам, а маці — рускай. Не дзіва, што нацыянальную пазіцыю яна не выказвае, а па­беларуску можа хіба што пакпіць з Аляксандра Мілінкевіча, як было ў 2006-­м: «Сейчас мы найдем ваше «пасведчанне».

Нарадзіўшыся ў Слуцку, у першы клас школы Ліда пайшла ў нямецкім Веймары, па месцы службы бацькі. Але праз год давялося вярнуцца ў Беларусь. Гаркавенкі пасяліліся ў Бабруйску. Бацька служыў у вайсковай часці, а маці ўладкавалася бухгалтарам.

Любімая настаўніца

Сярэдняя школа №2 Бабруйска, у другі клас якой пайшла дзяўчынка, знаходзіцца ў самым цэнтры горада. У старэйшых класах класным кіраўніком Лідзіі была Раіса Яфімаўна Ліўшыц. Настаўніца раней сама скончыла гэтую школу, а пасля адпрацавала ў ёй 39 гадоў, заслужыўшы званне выдатніцы асветы. Пад яе эгідай вучні доўгі час выдавалі школьны часопіс «Наш сучаснік», яго нават вазілі дэманстраваць на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.

Пра сваю зорную выпускніцу Раіса Яфімаўна можа расказваць доўга.

«Яна была выдатнай вучаніцай, хоць закончыла школу без медаля, бо было некалькі «чацвёрак». Ліда ўжо тады выглядала лідарам, а ў класе была камсоргам», — згадвае настаўніца. Любімым прадметам вучаніцы была руская літаратура, якую выкладала Раіса Яфімаўна.

У школьным жыцці актыўна ўдзельнічаў тата Лідзіі.

«Рэгулярна хадзіў на бацькоўскія сходы, — расказвае класная кіраўніца. — А пасля неяк прапанаваў: я цяпер свабодны, на пенсii, магу стаць членам вашага калектыву. І хадзіў разам са мной па кватэрах вучняў, глядзеў умовы жыцця».

У свае 85 гадоў Раіса Яфімаўна захоўвае бадзёрасць. Дарэчы, яна вельмі просіць Лідзію Міхайлаўну пазваніць ёй, як будзе час.

Няўдалыя шлюбы

Пасля школы Лідзія з’ехала аж за 700 км ад дома, паступаць на юрыдычны факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе настаўніца мяркуе, што адной з прычын сталі рознагалоссі ў сям’і.

Так ці інакш, але наступныя два дзесяцігоддзі яна правяла ў Калінінградзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала юрыдычным кансультантам у розных мясцовых кампаніях.

фота Photo.Bymedia.net

фота Photo.Bymedia.net

Тады ж Лідзія Гаркавенка стала Ярмошынай. Пра свайго першага мужа Дзмітрыя старшыня ЦВК не расказвае нічога, толькі адзначае, што развод быў яе ініцыятывай.

Праз усе інтэрв’ю Ярмошынай рэфрэнам праходзіць думка пра мужоў-­алкаголікаў, якія не вартыя сваіх жонак.

«Калі жанчына дасягае пэўных вышыняў у палітыцы ці бізнэсе, ёй рана ці позна не будзе пра што размаўляць з мужам, які як быў дзесяць гадоў таму, напрыклад, рабочым, так ім і застаўся. Я гэта адчула на сабе, таму ведаю, пра што кажу», — тлумачыла яна ў iнтэрв’ю.

У 1977 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Аляксей. Па словах маці, у дзяцінстве ён быў хваравітым. «Я нават залішне клапатлівая і любячая маці, для якой яе дзіця ўсё жыццё было галоўным. Разумееце, не праца, а перш за ўсё дзіця», — згадвала яна. І жартам расказвала пра метады выхавання: «Калі мяне пытаюцца, як я выхоўвала сына, заўсёды кажу: лупцавала яго раз на год, і роўна на год яму хапала».

Пра свякруху Ярмошына выказваецца выключна станоўча, прызнаецца, што называла яе мамай. Аднак шлюб усё адно распаўся.

«Па­-мойму, мала хто з мужчын па ўласным жаданні пакідае паспяховую жонку. Хутчэй, менавіта жонка праз гады папросту пазбаўляецца ад баласту.

Ад мужчыны, які, на жаль, замест таго, каб дапамагаць вырашаць праблемы сваёй жанчыне, толькі стварае ёй новыя», — апісвае сітуацыю Ярмошына.

Урэшце рэшт у 1988 годзе Лідзія кінула працу ў Калінінградзе — а тады яна была памочнікам пракурора аднаго з раёнаў горада — і разам з сынам вярнулася да мамы ў Бабруйск.

Тут яна ўладкавалася ў юрыдычны аддзел Бабруйскага райвыканкама, а неўзабаве ўзначаліла яго. У 1992 годзе Ярмошыну ўключылі ў склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, што прадвызначала яе далейшую кар’еру.

Адзінокі сын

Сын Аляксей тым часам скончыў бабруйскую школу і рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. Ён вырашыў ісці па шляху маці — на юрфак. Па словах Ярмошынай, гэта быў самастойны выбар хлопца. «Ён рос у нашым асяродку, чуў размовы маіх калег, бачыў людзей у міліцэйскіх і пракурорскіх пагонах, і таму для яго гэта не толькі прафесія, але і лад жыцця», — расказвала яна.

Скончыўшы БДУ, Аляксей пайшоў працаваць у пракуратуру, некалькі гадоў таму ён быў намеснікам пракурора Фрунзенскага раёна Мінска. Але пасля перайшоў з боку абвінавачвання на бок абароны. Цяпер ён адвакат у Мінскай абласной спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі.

фота Facebook.com

фота Facebook.com

Аляксею ўжо ідзе 37-­ы год, а ён дагэтуль не жанаты. Хоць Лідзія Ярмошына абяцае, што стане добрай свякрухай — не будзе ўмешвацца ў сям’ю сына і дыктаваць сваю волю.

І адразу ж дадае: «Мой сын заўсёды будзе для мяне галоўным і заўсёды будзе мець рацыю. Ніколі не стану на бок нявесткі».

Для сябе яна ўжо патлумачыла, чаму яе сын так і не знайшоў сваю абранніцу. «Сацыёлагі сцвярджаюць, што большасць незамужніх і нежанатых людзей, старэйшых за трыццаць — гэта дзеці альбо разведзеных, адзінокіх маці альбо тыя, хто вырас у не надта шчаслівых сем’ях. Такія хлопцы не спяшаюцца ўступаць у шлюб таму, што ніякіх прыемных успамінаў пра тое, што такое жыццё ў паўнавартаснай сям’і, у іх няма. Асабліва гэта тычыцца хлопчыкаў, выхаваных без бацькі…» — адказвае яна на пытанне пра сына.

Сама Лідзія Ярмошына выйшла замуж яшчэ раз, аднак і гэты яе выбар аказаўся нешчаслівым. Зноў развод, і зноў па яе ініцыятыве. «Абодва мужы аказаліся па жыцці недарэкамі», — заяўляла Ярмошына. І прызнавалася, што ў яе цяжкі характар.

«Сядзелі б дома, боршч варылі»

«Магу доўга трываць, але ў нейкі момант выбухае. Такія выбухі здараюцца вельмі рэдка, але запамінаюцца падначаленым надоўга. Гэта, вядома, мой недахоп: чалавек павінен умець трымаць сябе ў руках», — расказвала яна.

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Адзін з такіх зрываў здарыўся ў жывым эфіры АНТ падчас Плошчы, увечары 19 снежня 2010 года.

Пасля некалькіх нязручных пытанняў вядучага ток­шоу «Выбар» Сяргея Дарафеева старшыня ЦВК дэманстратыўна пакінула студыю. 

Праз некалькі гадзін, падчас прэс-­канферэнцыі, Ярмошына абуралася зноў: «Гэта не «жорсткі разгон» — гэта абарона нашай Айчыны і правапарадку. Гэта з вашага боку — таму што вы ж у гэтым будынку не знаходзіліся. Вам жа нішто не пагражала. А калі нявінныя людзі, далікатныя жанчыны 42-­га памеру — і раз’юшаны натоўп пёр…» Пасля заўвагі, што сярод пратэстоўцаў таксама было нямала жанчын, старшыню ЦВК, як кажуць, панесла: «Гэтым «жанчынам» рабіць няма чаго! Сядзелі б дома, боршч варылі. А не па плошчах шасталі. Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у падобных мерапрыемствах».

Гэты «боршч» прыгадвалі Ярмошынай яшчэ не раз. За яго яна атрымала «пачэснае» званне «Сэксіст года». Але непаліткарэктны пасаж пра ролю жанчын не быў экспромтам, гэта сфармуляваная пазіцыя Ярмошынай. 

«Калі пры роўных умовах на адзін і той жа пост прэтэндуюць двое, перавагу трэба аддаваць мужчыну, — тлумачыць яна. — Для жанчыны кар’ера, якая не склалася, — непрыемны ўспамін пра тое, што магла б, але не стала. Для мужчыны часцяком гэта сапсаванае жыццё і паламаны лёс».

Недасяжны Парыж

Ярмошына цікавіцца культурным жыццём. Ходзіць на тэатральныя прэм’еры, дый на кніжных выставах яе даўно запісалі ў заўсёднікі. Нядаўна старшыня ЦВК хвалілася: займела электронную кнігу.

Яшчэ адно яе хобі — падарожжы. З гэтым атрымліваецца горш… З марай Ярмошынай трапіць у Парыж інтэрнаўты пацяшаюцца ўжо каторы год. У «чорным спісе» неўязных у Еўрасаюз старшыня ЦВК сярод старажылаў — трапіла яшчэ ў 2006 годзе за «датычнасць да фальсіфікацый». Падчас лібералізацыі 2008 года прызналася: калі санкцыі знімуць, хочацца з’ездзіць у Парыж і Венецыю.

Праз два гады, падчас выдачы пасведчанняў кандыдатаў у прэзідэнты, Лідзія Ярмошына атрымала ад Яраслава Раманчука ў падарунак альбом пра сталіцу Францыі. Аднак чарговыя сумнеўныя падлікі галасоў — і з «чорнага спісу» Ярмошыну так і не выкраслілі.

Затое ў Парыжы адзначыўся сын Аляксей. У адрозненне ад мамы, ён раз’язджае па Еўропе свабодна.

…Каб зрабіць матэрыял пра старшыню ЦВК больш поўным, мы вырашылі пагутарыць з яе мамай.

Хто, калі не яна, ведае ўсё пра дачку? Лізавеце Канстанцінаўне ўжо 95 гадоў, яна дагэтуль жыве ў Бабруйску. Аднак на званок па дамафоне адказала… сама Лідзія Ярмошына. Яна заявіла, што яе мама ні з кім размаўляць не будзе.

— Тады, можа, мы задамо пытанні вам? 

— А якое СМІ вы прадстаўляеце?

— «Наша Ніва».

— Гэта каторая апазіцыйная?

— Гэта незалежная газета.

— З вамі я размаўляць не буду.

* * *

Жыхарка Драздоў 

Пераехаўшы ў Мінск, старшыня ЦВК атрымала трохпакаёўку ў спальным раёне Масюкоўшчына. Калі ў сярэдзіне 2000­-х высокім чыноўнікам раздавалі надзелы ў Драздах, Ярмошына дзіўным чынам апынулася па-­за спісам уласнікаў дарагой зямлі.

З цягам часу хібу выправілі. Пад канец 2007 года Ярмошына атрымала­-такі надзел пад будоўлю. Таксама ў Драздах, але збоку ад іншых чыноўнікаў. Будаўнічыя працы доўжыліся два гады. Атрымаўся невялікі катэдж — два паверхі і падвал. Жыллёвыя ўмовы Ярмошынай і сына палепшыліся ў чатыры разы — каля 270 м2 на дваіх.

А што рабіць са старой кватэрай? Прадаваць. Пакуль пасля Плошчы­-2010 сотні дэманстрантаў чакалі Новы год у камерах следчых ізалятараў, Лідзія Ярмошына прадавала кватэру. Як стала вядома «НН», у апошнія дні снежня 2010 года трохпакаёўку аформiлі за $89 тысяч.

* * *

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК

Нарадзілася 29 студзеня 1953 у Слуцку. Скончыла юрыдычны факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). У 1975-­1987 працавала юрыскансультантам у Калінінградзе і Бабруйску. У 1987­-1988 — памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Калінінграда. У 1988-­1996 — кіраўнік юрыдычнай службы Бабруйскага гаркавыканкама. У 1992-­1996 — сябра ЦВК, з 1996 — старшыня ЦВК.

Заслужаны юрыст Беларусі (2003).

Разведзеная, мае сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0