Вуснамі галоўнакамандуючага ВПС Расіі Віктара Бондарава Масква 17 сакавіка, назаўтра пасля крымскага рэферэндуму, які паставіў на вушы ўвесь свет, заявіла, што «да канца года на аэрадроме Баранавічы, дзе знаходзіцца нашая авіябаза, будзе разгорнуты полк Су-27СМ3 у складзе дзвюх эскадрылляў — усяго 24 машыны».

Масква нарошчвае вайсковую прысутнасць

Людзям дасведчаным скупая фраза расійскага генерала кажа пра многае.

Пачнем з таго, што, як адзначыў у каментары для Naviny.by кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, «дэ-юрэ базы яшчэ няма, прынамсі аб падпісанні такой дамовы не паведамлялася, але расійскі генерал, магчыма, ведае больш за нас».

Дадам ад сябе: не выключана, што расійскія стратэгі пра фармальнасцямі проста клапоцяцца:

галоўнае, што Масква так вырашыла, а беларускі партнёр, які круціцца як вуж на патэльні, — ну куды ён дзенецца? Газ, нафту і грошы дае Мінску Крэмль.

І тое, што сёння ён выкручвае беларускаму начальству рукі ў ваенна-палітычных пытаннях, — сакрэт Палішынеля, які выдаў днямі не хто іншы, як сам Лукашэнка.

Спачатку на пасяджэнні Савета бяспекі 12 сакавіка ў Мінску ён заявіў, што гэта Беларусь просіць Расію даслаць 12-15 самалётаў для ўзмацнення нашага паветранага шчыта ў сувязі з узрослай актыўнасцю НАТО (пры гэтым ні слова пра тое, што заходнікаў уздыбіла расійская авантура ў Крыме). Але літаральна назаўтра беларускі галоўнакамандуючы, абурыўшыся, што маскоўскія каналы падаюць яго як баязліўца і панікёра, «зліў» стратэгічнага саюзніка: «Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта, і я ўжо тут, ведаеце, рознымі выкрутасамі, ужо я прапанаваў, каб Расія прыехала і тут прызямлілася».

Пікіроўка пікіроўкай, а справа зробленая: у той жа дзень шэсць расійскіх знішчальнікаў Су-27 і тры ваенна-транспартныя самалёты здзейснілі пералёт на аэрадром «Бабруйск». А на аэрадром «Баранавічы» перадыслакаваны расійскі самалёт далёкага знаходжання А-50, аналаг амерыканскага АВАКСа.

Праўда, гэта быццам часова, у рамках праверкі баявой гатоўнасці Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА. А вось авіябаза — гэта ўжо сур'ёзна і надоўга.

Замест «чыстых» перахопнікаў — ударныя самалёты

І вось тут варта падкрэсліць другі прынцыповы момант у скупой заяве камандуючага ВПС Расіі.

У мінулым годзе важныя персоны і з расійскага, і з беларускага боку вялі размовы аб размяшчэнні авіябазы ў Лідзе. Цяпер як вырашаны варыянт падаецца аэрадром у Баранавічах, які — зірніце на карту — значна бліжэйшы да Украіны.

І нарэшце, яшчэ адзін важны момант. Калі ў якасці першай ластаўкі на баявое дзяжурства ў Баранавічах заступіла ў снежні звяно расійскіх Су-27П, то цяпер Масква мае намер размясціць там на пастаяннай аснове цэлы полк Су-27СМ3.

Цывільнаму чайніку розніца ў літарках мадэляў ні пра што не кажа. Беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у каментары для Naviny.by растлумачыў: «П» азначае «перахопнік», гэта значыць ён заточаны пад задачы СПА. А вось Су-27СМ3 — значна больш сур'ёзная, цяжкая баявая машына: «Гэта шматфункцыянальны ўдарны знішчальнік з баявым радыусам 1500 кіламетраў, які мае шырокія магчымасці для паразы наземных і надводных мэтаў».

На такія самалёты, адзначае эксперт, «можна навешваць практычна любое тактычнае ўзбраенне, якое ёсць цяпер у расійскіх ВПС, у тым ліку кіраваныя бомбы, высокадакладную зброю».

З Баранавічаў — на бамбёжку Кіева?

Аналітык перакананы, што менавіта канфлікт з Украінай наклаў адбітак на планы Расіі адносна размяшчэння авіябазы ў Беларусі: для гэтага аб'екта выбраны іншы пункт і іншая, больш магутная зброя.

Алесін падкрэслівае, што калі цяперашняе напружанне паміж Масквой і Кіевам перарасце (не дай бог!) у рэальныя баявыя дзеянні, то гэтыя самалёты цалкам могуць выкарыстоўвацца для падтрымкі расійскіх войскаў і нанясення ўдараў па наземных аб'ектах на ўкраінскай тэрыторыі.

Андрэй Паротнікаў, са свайго боку, адзначае, што 24 адзінкі Су-27СМ3 — гэта палова, а можа, і большая частка ўсёй такой тэхнікі, што мае Расія. «Яны перакідваюць сюды ўдарную мадыфікацыю машын, і гэта не застанецца без увагі з боку суседніх дзяржаваў», — кажа аналітык.

На яго думку, Крэмль Украіну ўжо страціў, і цяпер пытанне толькі ў тым, наколькі жорсткага апанента ў яе абліччы атрымае Расія на сваіх заходніх межах.

Другое выданне халоднай вайны

За Украінай жа так ці інакш маячыць Захад. Пры найгоршым развіцці сюжэту мы можам атрымаць другое выданне халоднай вайны.

У выпадку рэмейку халоднай вайны «лінія гэтага халоднага фронту пройдзе па нашых заходніх, паўночна-заходніх, а ў дадатак ўжо і па паўднёвых межах», кажа Паротнікаў. І Мінску, падкрэслівае суразмоўца Naviny.by, не варта ў такім выпадку спадзявацца, што Захад праглыне адгаворкі кшталту: гэта не мы задумалі, гэта ўсё Масква.

«Беларусь робіцца закладніцай супрацьстаяння вялікіх геапалітычных гульцоў», — адзначае, са свайго боку, Алесін. На яго думку, «Аляксандру Лукашэнку будзе вельмі цяжка манеўраваць, ухіляцца».

Эксперт падкрэслівае, што размяшчэнне палка Су-27СМ3 у Баранавічах — гэта таксама і грозны жэст у бок Польшчы, краін Балтыі.

Амерыканцы, рэагуючы на ўкраінскі крызіс, ужо перакінулі ў Польшчу пад маркай вучэнняў 12 знішчальнікаў F-16 з базы Авіяна ў Італіі. Гэтыя машыны, як і Су-27СМ3, здольныя несці тактычную ядзерную зброю. Такім чынам, патэнцыйна Беларусь можа стаць арэнай дэманстрацыі ядзерных мускулаў усходняга саюзніка, які ўвайшоў на глебе ўкраінскіх падзей у клінч з натаўцамі.

І тады ўсе надзеі Мінска нармалізаваць адносіны з ЕС, ЗША — сабаку пад хвост. Санкцыі ж Захаду супраць Масквы рыкашэтам удараць і па беларускай эканоміцы, завязанай на Расію значна мацней, чым хацелася б, зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.

«Халодная вайна з Захадам не пакіне Беларусі магчымасці геапалітычнага манеўру»,

— адзначыў у каментары для Naviny.by мінскі міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў. Паводле яго словаў, у Масквы занадта шмат магчымасцяў «заціснуць пальцы» беларускаму кіраўніцтву.

На фоне крымскай авантуры Крамля павісаюць у паветры заявы Мінска аб незалежнай замежнай палітыцы, кажа Фёдараў: «Робіцца відавочна, што рэальна Беларусь — у ролі расійскага сатэліта, і цяпер даводзіцца выбіраць толькі паміж дрэннымі і вельмі дрэннымі варыянтамі».

Беларусам зноў давядзецца гніць у акопах?

Сёння ў прарасійскай публікі ў Беларусі, у тым ліку абывацеляў, замбаваных маскоўскай шавіністычнай прапагандай, эйфарыя у сувязі з трыумфальным, як здаецца гэтым людзям, вынікам крымскага рэферэндуму. Але пахмелле можа быць горкім. І для саміх крымчан, і для расійцаў, і для ўсёй Беларусі.

Нашу краіну, па якой ужо столькі разоў пракатваліся спусташальныя войны, зноў спрабуюць уцягнуць у высвятленне адносін паміж глабальнымі цэнтрамі сілы.

І нават калі не дойдзе да гарачай фазы, да рэальнай вайны, Беларусь рызыкуе надоўга затрымацца ў акопах новага супрацьстаяння з Захадам, што б'е па яе шанцах на цывілізаванае развіццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?