Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка абвясьціў 2008 год Годам памяці ахвяр Галадамору, назваўшы гэту старонку гісторыі украінскага народу найбольшай трагедыяй ва ўсім сьвеце, паведамляе украінская служба Бі-бі-сі.

Прамаўляючы ў Харкаве на паседжаньні кааліцыйнай рады па падрыхтоўцы да 75‑х угодкаў Галадамору, прэзыдэнт раскрытыкаваў улады усіх раёнаў за недастатковую, на ягоную думку, працу па ўшанаваньні памяці замардаваных голадам у 1930‑х. Дасьледчыкі украінскага Галадамору кажуць, што найбольшая колькасьць магіл без крыжоў якраз на Харкаўшчыне, дзе ахвярамі голаду стаў кожны чацьверты.

Гэта галоўная прычына таго, што напярэдадні 75‑х угодкаў нацыянальнай трагедыі прэзыдэнт Юшчанка выбраў Харкаў, каб нагадаць рэгіянальным уладам пра іх абавязак памяці і ня даць іншым забыць, што ў часы Галадамору ва ўкраінскіх сёлах загінула больш людзей, чым у Другую сусьветную.

«Слова памяць мае той самы корань, што і памятнік. Як вы хочаце, каб нейкая старонка украінскай гісторыі стала памяцьцю, нам трэба зьберагчы сьведчаньне любога фармату: нам патрэбны фільм, рэестар, нам патрэбныя кніга, нам патрэбны помнік», - заявіў Віктар Юшчанка.

Відавочцы Галадамору кажуць, што сьцерці памяць пра закатаваных голадам для камуністычнай улады было ня менш важна, чым зьнішчыць украінскае сялянства у 1930‑х. Таму маштабы голаду шмат хто ва Ўкраіне ставіць пад сумнеў.

Гісторыкі называюць парадоксам, што такі настрой найбольш пераважае ў паўднёва‑усходніх абласьцях, якія страцілі найбольш людзей.

Больш падрабязна пра выступ Юшчанкі ў Харкаве і праблему Галадамору

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0